23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Як аб'яднанні па інтарэсах рыхтуюць да дарослага жыцця?


Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі стартаваў 4 верасня. Галоўная яго мэта — пазнаёміць навучэнцаў і іх бацькоў з магчымасцямі гэтых устаноў і іх прапановамі.

У час глабальнага развіцця інтэрнэту і камп'ютарных тэхналогій заваяваць, а тым больш утрымаць увагу дзяцей і падлеткаў, вельмі праблематычна. Таму многія ўстановы дадатковай адукацыі спрабуюць пераасэнсаваць сваё месца і ролю ў новай сістэме каардынат: мадэрнізуючы традыцыйныя напрамкі, паралельна развіваюць і тое, што сёння знаходзіцца на хвалі цікавасці ў падрастаючага пакалення.

Вывучаць прататыпаванне і нейратэхналогіі, займацца 3D-мадэляваннем, інжынерным дызайнам CAD і робататэхнікай, гістарычнай рэканструкцыяй і астраноміяй, канструяваць радыёэлектронныя прылады і кіраваць беспілотнымі лятальнымі апаратамі — вось далёка не поўны пералік заняткаў, якія сёння прапануюць дзецям і моладзі ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.


Ро­ба­та­тэх­ні­ка  да­па­ма­гае спа­сці­гаць  за­ко­ны фі­зі­кі  і прын­цы­пы ме­ха­ні­кі,  раз­ві­вае  твор­чае мыс­лен­не  і ло­гі­ку. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Мазгавы цэнтр інавацый

— Дадатковая адукацыя адыгрывае вельмі важную функцыю, істотна дапаўняючы змест школьнай. Ёй уласцівыя адкрытасць, мабільнасць і гнуткасць, што дазваляе хутка і кропкава рэагаваць на сучасныя адукацыйныя запыты, — падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце цэнтра Ала ГЕРАСІМУК. — Адна з асноўных задач нашай установы — гэта пабудова зместу дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю ў адпаведнасці з сацыяльным заказам. Інавацыйнасць закладзена нават у назве нашага цэнтра. Як толькі мы заўважаем новыя тэндэнцыі, то ўносім змяненні ў змест адукацыі, затым у ходзе эксперыментальнай дзейнасці распрацоўваем праграмнае і метадычнае забеспячэнне новага напрамку. А нашы аб'яднанні па інтарэсах становяцца эксперыментальнымі лабараторыямі, у якіх апрабуюцца новыя вучэбныя праграмы. І ўжо апрабаваны прадукт транслюецца затым на ўсю краіну. Фактычна мы іграем ролю вялікай эксперыментальнай метадычнай пляцоўкі і мазгавога цэнтра.

Хтосьці лічыць заняткі ў гуртках і аб'яднаннях па інтарэсах не больш чым хобі або проста баўленнем часу, але для многіх яны вызначылі прафесійны выбар на ўсё жыццё. І нават калі маладыя людзі ў выніку выбіраюць іншы кірунак сваёй прафесійнай самарэалізацыі, тыя здольнасці, якія яны развівалі ў аб'яднаннях па інтарэсах, абавязкова дапамагаюць ім у іншых сферах.

Установы дадатковай адукацыі ўяўляюць сабой наймагутнейшы рэсурс прафесійнай арыентацыі школьнікаў, папулярызуюць сярод дзяцей і падлеткаў сучасныя прафесіі, даюць магчымасць на практыцы пазнаёміцца з самымі запатрабаванымі прафесійнымі кампетэнцыямі.

Не проста мода

— Апошнім часам пералік запатрабаваных прафесій пастаянна змяняецца. Сучасны рынак працы патрабуе развіцця інжынернага і прадпрымальніцкага мыслення. Мы не можам гэтага не заўважаць. І калі вызначаем новыя напрамкі, то арыентуемся на міжнародны досвед, у прыватнасці на міжнародны рух JunіоrSkіll, — тлумачыць Ала Герасімук. — JunіorSkіll — гэта праграма ранняй прафарыентацыі і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, у рамках якой праводзяцца розныя алімпіяды і спаборніцтвы.

У Беларусі гэты рух развіваецца з 2015 года, і наш цэнтр вызначаны яго каардынатарам. У 2016 годзе ў краіне прайшоў першы Рэспубліканскі конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі для школьнікаў ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў JunіоrSkіll Belarus. Пераможцаў выяўлялі ў сямі кампетэнцыях. А ў маі бягучага года адбыўся другі нацыянальны чэмпіянат, дзе былі прадстаўлены ўжо дзесяць кампетэнцый, сярод якіх мабільная робататэхніка, прататыпаванне, інжынерны дызайн CAD, нейрапілатаванне і іншыя.

Конкурс апраўдаў усе надзеі як па колькасці ўдзельнікаў, так і па ўзроўні падрыхтоўкі канкурсантаў і тым энтузіязме, што праявілі дзеці і педагогі. Мы ўпэўнены: праз цікавасць да спаборніцтваў да сучаснага абсталявання можна зацікавіць школьнікаў не толькі высокатэхналагічнай, але і рабочай прафесіяй, можна прадэманстраваць ім, што ў любой з іх абавязкова прысутнічае творчы складнік.

Нейрапілатаванне, інжынернае праектаванне, прататыпаванне, графічны дызайн, мабільная робататэхніка... Пагадзіцеся — гучыць сучасна, але што насамрэч стаіць за кідкімі назвамі? Педагогі, якія курыруюць гэтыя аб'яднанні па інтарэсах у Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, запэўніваюць, што ніхто не гоніцца за моднымі назвамі, думаюць найперш пра тое, што можа быць карысным для дзяцей у будучыні. Пра гэта яны нам самі і расказалі.

Кам­пе­тэн­цыя «ней­ра­тэх­на­ло­гіі» на спа­бор­ніц­твах JunіоrSkіll Belarus — 2018.

Калі хочацца лятаць...

Дзмітрый ЯКАЎЛЕЎ, загадчык кабінета тэхналогій беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэлявання:

— Беспілотныя лятальныя апараты — новы напрамак, які вырас з авіямадэлізму, так бы мовіць, «прасунуты авіямадэлізм». Беспілотнікі — разнавіднасць авіямадэляў, з той толькі розніцай, што яны выконваюць пэўныя прыкладныя задачы ў інтарэсах сельскай, лясной гаспадаркі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ваенных ведамстваў і гэтак далей. Таксама яны могуць выкарыстоўвацца і ў забаўляльных мэтах: здымаць спартыўныя, масавыя і іншыя мерапрыемствы...

Канцэпцыя нашай работы складаецца з некалькіх блокаў. Першы — гэта вывучэнне матэрыяльнай часткі: выхаванцы знаёмяцца з рознымі мадэлямі беспілотных лятальных апаратаў, з тым, як яны працуюць, як ажыццяўляецца іх сувязь з зямлёй. Другі блок — стварэнне ўласных мадэляў беспілотнікаў. Мы вучым дзяцей працаваць рукамі, бо не сакрэт, што вырасла пакаленне, якое акрамя як вадзіць пальцам па экране больш нічога не ўмее. Дзеці спачатку ствараюць самыя простыя мадэлі (з паперы, кардону, пенапласту і рознакаляровага скотча), на якіх мы правяраем розныя аэрадынамічныя схемы. Пласкагубцы, адвёртка... З інструментам трэба ўмець працаваць, а гэтаму ў сям'і не заўсёды вучаць. І трэці складнік — навучанне тэхніцы пілатавання. Запускаць і лятаць — гэта, напэўна, самае цікавае. Сёння прагрэс дазваляе «навучыцца лятаць» на радыёкіраваным самалёце дзякуючы камп'ютару. Ёсць праграмы, якія дазваляюць засвоіць тэхніку кіравання і зразумець, што трэба рабіць, каб твой апарат ляцеў. Яшчэ 15—20 гадоў таму, каб «навучыцца лятаць», выхаванцу трэба было зрабіць 50—60 палётаў з інструктарам, гэта была фактычна работа ў чатыры рукі (адзін абдымаў другога): спачатку інструктар трымаў перадатчык у сваіх руках і кіраваў авіямадэллю, затым наадварот. Такім чынам я «навучыў лятаць» не адну сотню чалавек.

А цяпер у нашай лабараторыі стаяць шэсць камп'ютараў, аснашчаных спецыяльнай праграмай: у памяці змяшчаецца інфармацыя пра 200 мадэляў лятальных апаратаў, але кожны можа закласці характарыстыкі свайго.

На камп'ютары можна адпрацоўваць фігуры найвышэйшага пілатажу, можна лятаць у складзе «двоек», «чацвёрак»... Восенню і зімой мы трэніруемся лятаць у кабінеце, а вясной запускаем свае мадэлі ў паветра. Дзяцей набіраем з дзесяцігадовага ўзросту, але калі размова ідзе пра выхаванцаў нашага цэнтра, якія займаліся ў гуртках ранняга тэхнічнага мадэлявання і ўжо ўмеюць працаваць рукамі, то робім для іх выключэнне.

На нацыянальным чэмпіянаце JunіоrSkіll Belarus конкурснае заданне ўключала прадстаўленне і абарону канкурсантам прэзентацыі па вырашэнні прыкладной задачы ў народнай гаспадарцы з дапамогай беспілотнага лятальнага апарата, дэманстрацыю навыкаў пілатавання пры выканні палётных заданняў, уменне абслугоўваць БПЛА і рабіць яго дробны рамонт. Канкурсанты выконвалі пасадку на абмежаваную пляцоўку, палёт па трасе (апошняя праходзіла праз чатыры абручы, размешчаныя на рознай вышыні на двух слупах), а яшчэ іх чакалі паветраныя гонкі. Ставілася задача — здзейсніць максімальную колькасць палётаў па траекторыі "васьмёрка" вакол слупоў за пяць хвілін.

Ігар Мацюшка: "Дзякуючы візуалізацыі можна праглядаць мадэлі пад розным вуглом, паварочваць дэталі ў трох вымярэннях".

Юныя канструктары і інжынеры

Аляксандр МАСЯЙЧУК, загадчык кабінета 3D-мадэлявання і прататыпавання:

— Ад слова «прататып» паходзіць назва ўсяго працэсу, у выніку якога з лічбавай мадэлі атрымліваецца гатовы выраб у фізічным вымярэнні. Фактычна размова ідзе пра інжынерна-канструктарскую працу, звязаную са стварэннем прататыпаў (доследных узораў). Раней прататыпы стваралі ўручную або пры дапамозе фрэзеравання, што было дастаткова працаёмкім працэсам. Перавага 3D-друку — у прастаце, невысокім кошце і, галоўнае, — у хуткасці. А калі дапушчана памылка, яе можна адразу ж выправіць.

З'яўленне новых тэхналогій, і ў першую чаргу 3D-прынтараў, дазволіла ажыццявіць сапраўдны пераварот у вырабе дэталяў для тых ці іншых механізмаў. Цяпер нават дзіця можа пры дапамозе спецыяльнай праграмы змадэляваць любую дэталь і накіраваць мадэль на прынтар, які надрукуе яе з пластыку.

3D-мадэляванне развівае ў падлеткаў прасторавае мысленне, яны атрымліваюць навыкі работы з чарцяжамі, паколькі самі павінны намаляваць эскіз. Мае выхаванцы, напрыклад, стваралі дэталі для веласіпеда. Быў сярод іх рэалізаваных ідэй і чахол для тэлефона.

Ігар МАЦЮШКА, загадчык лабараторыі прафесійна-тэхнічнага мадэлявання:

— У нашым аб'яднанні мы вучым будучых канструктараў рабоце з сістэмай аўтаматызаванага праектавання (САПР). Калі 20—30 гадоў таму канструктары выкарыстоўвалі звычайны аловак і паперу, то цяпер усё робіцца на камп'ютарах і працэс істотна паскараецца. Праграмы дазваляюць разлічваць усё імгненна (памеры, аб'ёмы, вагу, нагрузку), працаваць са схемамі, чарцяжамі, ствараць 3D-мадэлі. САПР — праграмы для праектавання і выпуску рабочай праектнай дакументацыі, якая паступае на вытворчасць для наступнага вырабу нейкіх дэталяў або элементаў... Плюс гэтыя праграмы дазваляюць аўтаматычна канвертаваць дадзеныя файлы ў спецыяльны файл, які выкарыстоўваецца на станках з лічбавым праграмным кіраваннем. Усё зробіць адзін станок, трэба толькі ўсталяваць патрэбны інструмент, даць тэхніцы заданне і націснуць на кнопку... Таксама праграмныя комплексы дазваляюць выкарыстоўваць візуалізацыю, і нават калі заказчык нічога не разумее ў чарцяжах, ён зможа ўбачыць усё на малюнку, створаным у праграмных комплексах. Дзякуючы візуалізацыі можна праглядаць мадэлі пад розным вуглом, паварочваць дэталі ў трох вымярэннях. А анімацыя дазваляе зрабіць віртуальную зборку са створаных элементаў. Спецыялісты, якія ўмеюць карыстацца такімі праграмамі, вострадэфіцытныя, таму што канструктары патрабуюцца паўсюдна: і на мэблевай вытворчасці, і ў машынабудаванні, будаўніцтве, архітэктуры і гэтак далей. А навучальныя ўстановы выпускаюць іх пакуль у недастатковай колькасці.

Таму наш напрамак — адзін з самых перспектыўных, а той, хто думае, што гэты занятак выключна для хлопцаў, сур'ёзна памыляецца. Летась у нас вельмі паспяхова займаліся і дзяўчаты (вучаніцы 9 і 10 класаў). Адна з іх выступала за наш цэнтр у фінале JunіоrSkіll Belarus у кампетэнцыі «інжынерны дызайн CAD».

Дзмітрый Якаўлеў: "На камп'ютары можна адпрацоўваць фігуры вышэйшага пілатажу..."

Трэніроўкі для мозга

Жанна РАКАВА, педагог дадатковай адукацыі, напрамак — мабільная робататэхніка і нейратэхналогіі:

— Робататэхніка — гэта не проста канструяванне робатаў, як некаторыя памылкова думаюць. Можна мець дома дарагі канструктар, нават сабраць робата, але што далей? А паспрабуй стварыць разумнага робата, запраграмуй яго на пэўныя дзеянні, распрацуй стратэгію яго паводзін... Робататэхніка дапамагае нашым выхаванцам спасцігаць законы фізікі і прынцыпы механікі, развівае творчае мысленне і логіку, вучыць складаць як простыя, так і складаныя алгарытмы. У малодшых дзяцей падчас работы з канструктарам развіваюцца дробная маторыка і прасторавае мысленне, выпрацоўваюцца ўседлівасць, уважлівасць, уменне рабіць нешта рукамі. Немалаважны фактар — уменне працаваць у камандзе. У апошні час назіраецца зніжэнне камунікатыўных навыкаў у падлеткаў, бо яны ў большай ступені кантактуюць у сацыяльных сетках. У нас дзеці вучацца працаваць побач з іншымі, быць «камандным гульцом», прыслухоўвацца да чужога меркавання, умець знаходзіць нестандартныя рашэнні і выйсце са складаных сітуацый, браць на сябе адказнасць. Не толькі за сябе, але і за ўвесь праект.

Таксама ў нашым аб'яднанні ёсць нейрагарнітура, якая дапамагае даследаваць і трэніраваць мазгавую актыўнасць. Яна адзяваецца на галаву, на вуху замацоўваецца прышчэпка, а на лбе — электрод. У мозгу чалавека адбываецца мноства фізіка-хімічных працэсаў. Іх падсумоўванне прыводзіць да з'яўлення электрычнай актыўнасці. Імпульс, што праходзіць праз электрод, паказвае наш стан: раздражненне, агрэсію, расслабленасць, канцэнтрацыю ўвагі. Нейрагарнітура па блютузе звязана з планшэтам або камп'ютарам. З дапамогай сілы думкі мы можам кіраваць віртуальнымі і фізічнымі аб'ектамі. Камп'ютарныя інтэрфейсы распазнаюць нашу разумовую актыўнасць, псіхаэмацыянальны стан і інтэрпрэтуюць іх у каманды. Напрыклад, можна падняць шарык сілай думкі. Для гэтага трэба дамагчыся высокіх паказчыкаў альфа-рытму, гэта значыць расслабіцца. У другой гульні, наадварот, патрабуецца максімальная канцэнтрацыя ўвагі, каб спаліць віртуальную бочку.

Аляксандр МАСЯЙЧУК: "Гэту складаную мадэль зрабілі на 3D-прынтары нашы выхаванцы".

На спаборніцтвах JunіоrSkіll Belarus канкурсанты тэсціравалі праграму «Спрынт», якая ўключае бег, падыманне штангі (дарэчы, яе вагу можна было выбіраць — ад 50 да 100 кілаграмаў), стральбу з лука і гэтак далей. Пераканана, што нейратэхналогіі — гэта будучыня, адно можна сказаць з упэўненасцю ўжо цяпер: здольнасці мазгавой актыўнасці чалавека трэба вывучаць. Наш мозг можна і трэба трэніраваць. Мара аб пашырэнні магчымасцяў чалавечага мозга цалкам здзяйсняльная...

Будзь у курсе!

8 верасня ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці (вуліца Славінскага, 12) пройдзе Дзень адкрытых дзвярэй. Запіс у аб'яднанні па інтарэсах будзе доўжыцца да 15 верасня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Гэта вам не гульні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.