Вы тут

Проста згубіцца ў часе...


...Мне здаецца, што ў кожнага чалавека хоць бы аднойчы было такое пачуццё, калі ты быццам губляешся ў часе. У мяне такое звычайна здараецца летам. Цэлыя 92 дні свабоды!


З дзяцінства летнія канікулы я люблю праводзіць у вёсцы. Ведаеце, што раблю першай справай, калі прачнуся? Як толькі сонейка будзіць мяне сваімі праменьчыкамі, расплюшчваю вочы, пакідаю ложак і накіроўваюся да рыпучай лесвіцы, якая вядзе на двор. Там мяне, яшчэ сонную, з непаслухмянымі кудзеркамі, босую і ў піжаме, сустракае кацяня. Яно ведае, што гаспадыня прынясе штосьці смачненькае. Пакуль гарэза снедае, я атрымліваю асалоду ад наваколля: сонейка свеціць, ветрык вее, пеўні будзяць тых, хто яшчэ не прачнуўся. Што можа быць лепей? Толькі ў такія моманты я разумею, што свабодная. Ад школы, ад хатніх заданняў, ад пропускаў, якія трэба адзначаць у настаўніцкай кожную раніцу, ад кантрольных па геаметрыі, якую я ніколі не разумела...

У гэтым вучэбным годзе было цяжкавата — ён быў маім апошнім у школе. Бясконцыя рэпетытары, даклады, дадатковыя заданні... Пазней — рэпетыцыі выпускнога, вальса, школьныя экзамены. Асабліва цяжка было вясной. Сэрца і душа хацелі спяваць, думкі наконт паступлення самі сабой адыходзілі на другі план. Замест іх з'яўляліся ідэі пабегу з урокаў, каб паесці ў парку Чалюскінцаў салодкую вату, пакатацца на каруселях, пасядзець на лаўцы — такім чынам стаць вольным, хоць і на дзве гадзіны. Я лічу, што жыць у такім шалёным рытме нельга! Трэба даваць сабе спыніцца, аддыхацца, атрымаць асалоду ад жыцця. А потым з новымі сіламі кідацца ў бой.

Пасля таго як адгрымеў выпускны і разам з аднакласнікамі мы сустрэлі наш апошні світанак, заставаўся апошні рывок — ЦТ. А мяне яшчэ чакала дадатковае выпрабаванне — унутраныя экзамены. Увесь гэты час я была ў дзікім напружанні. Нават калі даведалася, што стала студэнткай, яшчэ доўгі час не магла ўсвядоміць, што ўсё гэта на самай справе!..

Так, гэтыя канікулы былі не такімі, як ранейшыя. У маім распараджэнні заставаўся роўна тыдзень. І ён быў напоўнены спакоем, утульнасцю з кубкам цёплага чаю ўвечары. Не было месца слязам, перажыванням і экзаменам! Я выходзіла пасядзець на лаўцы і палічыць ластавак. Як выдатна, калі не трэба кудысьці бегчы і змагацца з праблемамі. Можна проста сядзець і ўсміхацца. Проста згубіцца ў часе...

Кацярына ЯРАШЭВІЧ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?