19 Верасень, серада

Вы тут

У Беларусі адзначылі памятную дату, прысвечаную Алесю Адамовічу


«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча

Трэцяга верасня ў Беларусі адзначылі памятную дату, прысвечаную вядомаму пісьменніку.


Падчас святкавання 60-гадовага юбілею ў Глушы.

— Бацька вельмі любіў збіраць у сябе дома гасцей, — так згадвае Алеся Адамовіча яго дачка Наталля. Пісьменнік ніколі не ўжываў спіртнога, піў замест яго малако ці кефір і «п'янеў» ад стасункаў з цікавымі яму людзьмі.

— Мы загадзя рыхтаваліся да свята, ішлі на базар, куплялі там усё, чым можна было парадаваць гасцей, — кажа Наталля. — У сямейным коле адзначалі дзень нараджэння 3 жніўня, калі бацька з'явіўся на свет. А вось афіцыйна святкавалі менавіта 3 верасня — дата, якую прыдумала для яго маці, каб выратаваць ад згону ў Нямеччыну. Яшчэ і памаладзіла сына на год.

У госці да Алеся Міхайлавіча на яго мінскую кватэру прыходзілі блізкія сябры, тыя, з кім ён быў знаёмы па інстытуце, творчым жыцці. Жаданым госцем быў пісьменнік Васіль Быкаў, з якім вельмі сябраваў Адамовіч. Прыходзіў ветэран вайны, паэт Навум Кіслік, з якім яшчэ зусім малады Алесь вучыўся на філфаку, паэт, перакладчык Валянцін Тарас, вядомы фотамайстар Яўген Коктыш, мастацтвазнаўца Уладзімір Бойка, на адзін з юбілеяў завіталі кінарэжысёр-дакументаліст Віктар Дашук і сакратар ЦК Кампартыі Беларусі па ідэалогіі былы лётчык Аляксандр Кузьмін, які падтрымліваў Адамовіча і Быкава. Заўсёды прыходзіла шмат сваякоў з боку Адамовічаў і Тычын.

Тыя імгненні засталіся ў сямейным альбоме разам з выразкамі з літаратурных часопісаў і газет, дзе Алеся Адамовіча сардэчна віншавалі калегі.

Наталля расказвае, што госці з задавальненнем налягалі на закускі, дачка з маці і стрыечнымі сёстрамі ледзь паспявалі мяняць талеркі. На 60-гадовы юбілей нават задзейнічалі два пакоі: у адным усе не ўмяшчаліся.

Афіцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя 50- і 60-гадоваму юбілеям пісьменніка, праходзілі ў сценах Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР, дзе пэўны час працаваў Адамовіч. А вось 60-гадовы юбілей Алесь Міхайлавіч адзначаў яшчэ і ў роднай Глушы. Наталля падзялілася адным з фота той падзеі.

— Я тады, на жаль, не паехала ў пасёлак, моцна захварэла, — прыгадвае яна. — У выніку прасядзела ўвесь дзень дома на тэлефоне — прымала віншаванні. Пазваніла, напэўна, чалавек 100 з усяго СССР. Плюс прымала тэлеграмы. Усе яны, дарэчы, захаваліся.

Алеся Адамовіча няма з намі ўжо 24 гады. Але ў Глушы пра яго не забываюць. У гэты панядзелак адбыўся шэраг падзей, прысвечаных пісьменніку. Падрабязная праграма была размешчана на сайце Бабруйскага райвыканкама.

— Наш аддзел арганізаваў мерапрыемства ў пасялковым Доме культуры, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіна Чарнова. — Быў падрыхтаваны вечар памяці «Алесь Адамовіч — сведка вайны». Першым чынам усклалі кветкі да магілы Алеся Міхайлавіча. Потым наведвальнікаў запрасіла кніжная выстаўка «Алесь Адамовіч — праўда жыцця». Была арганізаваная літаратурная экспазіцыя «Апальваючая праўда вайны», якую правялі бібліятэчныя работнікі. Мерапрыемства скончылася паказам мастацкага фільма «Ідзі і глядзі», на які былі запрошаны прадстаўнікі ўлады, настаўнікі, старшакласнікі, усе жыхары пасёлка.

У Мінску, дарэчы, сёння таксама пройдзе мерапрыемства, прысвечанае Алесю Адамовічу.

— Мы знайшлі пляцоўку, дзе збяруцца прыхільнікі творчасці пісьменніка і кожны пачытае ўрывак з твора, які яму падабаецца, — адзначыў арганізатар сустрэчы, ураджэнец Бабруйска Андрусь Архіпенка. Сярод тых, хто плануе прыняць удзел у чытаннях, — тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, артыст Яўген Крыжаноўскі, які, дарэчы, сыграў эпізадычную ролю ў фільме «Ідзі і глядзі».

Работы над стварэннем музея ў Глушы, між тым, працягваюцца. Галіна Чарнова паведаміла, што двойчы за лета з Мінска паступалі грошы на рахунак, дзе акумулююцца сродкі на рамонт гістарычнага будынка аптэкі пад будучы музей. Але істотна на агульную суму яны не паўплывалі. Пакуль Бабруйскі райвыканкам прапрацоўвае альтэрнатыўны варыянт — стварэнне музейнай экспазіцыі, прысвечанай Алесю Адамовічу, у пасялковым Доме культуры. «У хуткім часе нам перададуць эскізы на зацвярджэнне, — удакладніла Галіна Чарнова. — Калі музей будзе гатовы, экспазіцыя перамесціцца туды».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/с BY84АKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Загаловак у газеце: З днём нараджэння, Алесь Міхайлавіч!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.