21 Верасень, пятніца

Вы тут

Адбыўся круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго»


Удзельнікі міжнароднага круглага стала — пра глабалізацыю і наднацыянальнае ў літаратуры.

У межах Дня беларускага пісьменства ў Іванаве прайшоў міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго». У ім удзельнічалі творцы з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і нават Эквадора. Як высветлілася, многіх хвалюе адно і тое ж — працэсы глабалізацыі, якія выклікаюць спрашчэнне і збядненне нацыянальных літаратур. Таксама абмяркоўвалі важнасць перакладаў на іншыя мовы твораў маладых аўтараў, якім так патрэбны такое прызнанне і ўвага. Не засталося па-за разглядам і тое, як прымусіць маладое пакаленне больш чытаць і ўвогуле ці варта? Мадэратарам круглага стала выступіў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. Добра тое, што Дзень пісьменства і міжнародны круглы стол крочаць па краіне, штогод ладзячыся ў розных гарадах, адзначыў ён (гэта станоўча ацанілі і ўдзельнікі дыскусіі). Таксама міністр падзякаваў выдавецтву «Мастацкая літаратура», якое спецыяльна да круглага стала падрыхтавала літаратурна-мастацкі альманах «Сугучча. Беларусь — Расія».


Верныя караням

Начальнік аддзела па моўнай палітыцы ўпраўлення адукацыі Адміністрацыі гарадской акругі горада Уфы, паэтка Зульфія ХАНАНАВА (Башкартастан): 

— Летась было падпісана пагадненне аб пабрацімстве Уфы і Мінска. У нашай рэспубліцы ёсць цэлы раён, дзе пражываюць беларусы. У вёсцы Балтыка працуе рэспубліканскі гісторыка-культурны цэнтр. Дзеці з пачатковых класаў вывучаюць беларускую мову. А ў бібліятэцы можна пачытаць беларускія кнігі, дзейнічае народны ансамбль «Сябры». Перадаю прывітанне ад беларусаў Башкартастана. Карэннае насельніцтва дагэтуль застаецца верным сваім караням і традыцыям, роднай мове і захавала сваю духоўную і матэрыяльную культуру.

Башкірскіх і беларускіх пісьменнікаў звязвае даўняе сяброўства. Пачынаючы з 1936 года ў нас друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Андрэя Александровіча. А цяпер на башкірскую мову перакладзена аповесць-казка Алеся Карлюкевіча. Я вельмі ўдзячна Марыі Кобец і Валерыі Радунь, якія пераклалі мае асабістыя творы. Думаю, наша ўзаемнае супрацоўніцтва працягнецца, я буду працаваць яшчэ з многімі беларускімі аўтарамі.

Можна казаць пра башкірскую прозу, паэзію, але, на жаль, сучасныя адукацыйныя федэральныя стандарты не дазваляюць у поўнай меры вывучаць родныя мовы. І гэта пагражае знікненню нацыянальнай літаратуры. Нягледзячы на такое становішча, у рэспубліцы робіцца вельмі шмат, каб заахвоціць моладзь да творчасці. У нас праводзіцца папулярны бард-фестываль, выпускаюцца кнігі маладых, ладзіцца тэлепраект, у якім можна выйграць аўтамабіль. Гэта дае свой плён. Я назаву толькі аднаго аўтара, Айгіза Баймухаметава, яму ўсяго 29 гадоў. Нягледзячы на малады ўзрост, яго аповесць «Не пакідай мяне, мама» ўжо перакладзена на многія мовы. Па матывах твора ставяцца спектаклі ў башкірскім і бурацкім тэатрах. Яго кніга, перакладзеная на казахскую мову, прызнаная бестселерам года.

Літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева (Казахстан):

— Я вельмі люблю бываць у Беларусі, бо тут так цёпла і шчыра сустракаюць гасцей з многіх краін свету. Ганарымся тым, што казахска-беларускае літаратурнае супрацоўніцтва набыло размах... Нядаўна мы прэзентавалі часопіс «Літаратурная Алма-Ата», у якім прадстаўлены новыя пераклады на рускую мову прозы і паэзіі беларускіх аўтараў. Многія з іх таксама бяруць удзел у круглым стале — гэта і Алесь Бадак, і Юлія Алейчанка. Спадзяюся, што і сённяшняя падзея дасць новы імпульс нашым зносінам — будуць новыя кнігі, будуць даследаванні, навуковыя праекты.

Перакладчык як культурны пасярэднік

Пісьменніца Давіна Пасас (Эквадор):

— Роля перакладчыка заключаецца не толькі ў распаўсюджванні твораў розных аўтараў. Перакладчык таксама з'яўляецца культурным пасярэднікам, бо менавіта ён збліжае розныя культуры, улічваючы той кантэкст, у якім была створана праца, час яе напісання, біяграфію аўтара, устойлівыя выразы, характэрныя для зыходнай мовы, а таксама іх эквіваленты ў мове перакладу. Вядома, перакладу мы абавязаны пэўным абнаўленнем, уплывам, які аказваюць адны літаратуры на іншыя. Таксама трэба падкрэсліць, што гэта прывяло да пэўнай аднароднасці, да тэндэнцыі ў літаратуры, нават да збяднення яе тэм. Бо ўся навіна, веліч твора часам губляюцца з-за пераймання таго камерцыйнага, што зазвычай прыходзіць з багатых краін. Таму знікае своеасаблівасць. Кажучы пра гэта, я маю на ўвазе нашу ўнікальную, ні на кога не падобную літаратуру — пісьменнікаў, якія маюць уласныя адметнасці, вопыт, абумоўлены месцам жыхарства.

Міжкультурны абмен — гэта калі адна культура даведваецца штосьці пра іншую, і наадварот. Гэта адбываецца насуперак «прысваенню культуры» — я аддаю паняццю шмат увагі, бо нам выпала жыць у эпоху глабалізацыі. Самыя моцныя краіны пануюць на рынку і, адпаведна, у культуры, у той час як больш бедныя засвойваюць чужую музыку, літаратуру, кіно, сродкі масавай інфармацыі, моду, сацсеткі. Гэта прысваенне з'яўляецца нічым іншым, як стратай ідэнтычнасці і самабытнасці культуры гэтых краін, бо яна ўсё болей нагадвае чужую, больш камерцыйную і, адпаведна, больш паспяховую.

Неверагодны Янаў Палескі!

Паэт, празаік, публіцыст, старшыня грамадскай арганізацыі «Беларусы Расіі» Валерый КАЗАКОЎ:

— Калі ёсць нацыянальная літаратура, яна сама па сабе глабальная і інтэрнацыянальная. Калі ж яна размытая і не мае сваіх каранёў, не памятае свайго паходжання, сваіх бацьку і маці, то гэта не зусім тая літаратура, якой яна павінна з'яўляцца насамрэч. Вы можаце прыкідвацца кім пажадаеце, але ўсё адно маеце карані, а значыць, ваша літаратура і ваша слова таксама маюць гэтыя карані. Праз папяровы носьбіт ці ў сеціве — яна ўсё адно не губляе сваіх якасцяў і вартасцяў, чароўнасці і таленту таго аўтара, які яе напісаў.

Я вельмі рады прысутнічаць на свяце беларускага пісьменства. І разумею, што дзякуючы міжнароднаму кругламу сталу беларускі Дзень пісьменства робіцца глабальным, як і ўсялякая добрая літаратурная рэч заўсёды выходзіць за межы нацыянальнай культуры.

Калі я дабіраўся сюды, зразумеў, што сучаснае Іванава з'явілася толькі 30—40 гадоў таму. А дагэтуль быў Янаў Палескі. Неверагодна прыгожая назва! Я вас вітаю ў Янаве Палескім, і вельмі рады, што адкрыў яго для сябе. А за некалькі кіламетраў ад музея Напалеона Орды, дзе мы праводзім круглы стол, знаходзіцца радавое гняздо Дастаеўскіх — Дастоева. Да якой літаратуры можна аднесці Дастаеўскага — да рускай ці беларускай? А да якой Гогаля — да рускай ці ўкраінскай?..

Дзеці не чытаюць, бо не чытаюць бацькі

Публіцыст, журналіст Талантбек ДЖУМАБАЕЎ (Кыргызстан):

— Як вядома, глабалізацыя носіць аб'ектыўны характар. Аднак кіраваць ёй спрабуюць з дапамогай суб'ектыўных фактараў тыя структуры, якія маюць магчымасці і сродкі прымаць рашэнні ў сусветным маштабе. Як кажуць спецыялісты, працэс глабалізацыі ў канчатковым выглядзе не прадугледжвае захавання нацыянальных дзяржаў і культур. Гэта працяглы працэс, які ўжо дае плады. Вы выдатна ведаеце, што ў краінах СНД вырасла частка моладзі, якая шмат у чым амерыканізаваная. Глабалізацыя зазвычай навязвае адну культуру, як правіла, маскультуру са сваімі каштоўнасцямі, прынцыпамі — забаўляйся, багацей, думай толькі пра сябе, будзь больш свабодным і гэтак далей. Ці можна гэтаму супрацьстаяць? Так, можна і трэба. Нам усім, удзельнікам СНД, трэба аб'ядноўвацца.

Часта кажуць, што моладзь сёння мала чытае. Гэта так. Але яе не трэба ўгаворваць рабіць гэта... Трэба прымушаць, нават падманваць. З дзяцінства, з садкоў, са школ прывучаць дзяцей да чытання. Гэта працэс не хуткі, але іншага выйсця ў нас няма.

Я другі раз у Беларусі і даведаўся, што тут ёсць вялікія праграмы правядзення літаратурных мерапрыемстваў, супрацоўніцтва, перакладаў. У Кыргызстане існуюць аналагічныя праграмы. Праўда, з-за розных прычын маштабы ў нас меншыя і вынікі больш сціплыя. Аднак яны ёсць, і я вельмі рады, што Кыргызстан і далей будзе яшчэ больш супрацоўнічаць з Беларуссю і з іншымі краінамі СНД ва ўзаемным перакладзе кніг.

Галоўны рэдактар часопіса «Нёман», намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксей ЧАРОТА (Беларусь):

— Любая літаратура з'яўляецца наднацыянальнай. Бо яна ўвабрала ў сябе ўсе дасягненні папярэдняй сусветнай літаратуры.

На маю думку, цікавасць да літаратуры павінна закладвацца ў дзяцінстве. Гэта вялікая праблема, што нашы дзеці сёння не чытаюць. Яна вынікае з таго, што іх не прывучаюць з дзяцінства. Калі яны з паўгода, года будуць бачыць маму, тату ці бабулю, якія чытаюць ім кнігу, думаю, чытанне закладзецца ўжо на падсвядомым узроўні і не будзе неабходнасці іх прымушаць чытаць. Таму ўся праблема ў выхаванні — яны мала бачаць дарослых з кнігамі ў руках.

Так, кніга з папяровага носьбіта з часам пераходзіць у электронны — думаю, яна і далей будзе выходзіць у абодвух варыянтах. Аднак папяровая кніга застанецца, і застануцца людзі, якія будуць яе чытаць.

Прабел у веданні 1920—1930-х гадоў

Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Роман-газета» Юрый КАЗЛОЎ (Расія):

— Мы выпусцілі спецыяльны нумар «Роман-газеты», прысвечаны сучаснай беларускай прозе. Было б добра зрабіць спецыяльны выпуск маладой беларускай літаратуры. Важна казаць пра тое, што сучасных маладых аўтараў перакладаюць вельмі мала — неабходна рабіць гэта часцей.

Ёсць у Расіі вялікі прабел і ў веданні беларускай літаратуры 1920—1930-х гадоў: у савецкі час усё гэта замоўчвалася. Але ж у той перыяд былі цудоўныя пісьменнікі, якія моцна пацярпелі. Гэта літаратура амаль не перакладаецца і невядомая рускаму чытачу. Думаю, трэба рухацца і ў такім кірунку.

Добра, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў невялікіх гарадах — атрымліваецца сапраўднае свята для людзей. Калі яны судакранаюцца з тымі, хто прадстаўляе культуру розных краін, кажа пра кнігі, пра чытанне, пра культуру і мастацтва, — пасля такога мяняецца стаўленне да кнігі. Я ўпэўнены, што пасля дзён беларускага пісьменства наведвальнікаў у вашых кнігарнях робіцца нашмат больш. Таму гэта свята для тых, хто любіць літаратуру, хто яе робіць і хто чытае.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Яніны ГАРАДЗЕЦКАЙ

Загаловак у газеце: Каб жывое слова гучала

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!