Вы тут

Цэнтр сацыяльных праектаў хоча аб'яднаць бізнес і клопат пра людзей


Што мы робім, калі сутыкаемся з якой-небудзь сацыяльнай праблемай, няхай гэта будзе распаўсюджванне наркаманіі, складанасці з працаўладкаваннем для людзей з інваліднасцю або экалагічныя праблемы? Яшчэ ў пачатку мінулага года Міжнароднае агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў (МАСМД) правяло апытанне жыхароў беларускіх гарадоў. Аказалася, больш за палову гараджан (62,8 %) лічаць, што трэба звяртацца ў дзяржаўныя органы, якія павінны вырашыць дадзеную праблему. І вельмі многія з гэтых больш чым 60 % апытаных іншых шляхоў папросту не бачаць.


Колькі слоў аб сацыяльным прадпрымальніцтве

А гэтыя шляхі ёсць. Напрыклад, можна стварыць грамадскую арганізацыю, якая будзе займацца вырашэннем існуючых сацыяльных праблем ці пытанняў. Ці, калі ў чалавека ёсць прадпрымальніцкія здольнасці, ён можа стварыць камерцыйную структуру, якая аказвае, напрыклад, адукацыйныя паслугі або паслугі патранатнага догляду пажылых людзей.

Выбар з розных варыянтаў вырашэння праблемы — больш рэалістычны і дзейсны падыход, чым спадзяванне толькі на дзяржаву ці, калі кінуцца ў іншую крайнасць, толькі на сябе.

Апошнім часам ва ўсім свеце актыўна развіваецца сацыяльнае прадпрымальніцтва, якое нацэлена на бізнес-рашэнне сацыяльных праблем. Яно сапраўды можа быць добрым выйсцем у многіх сітуацыях, але большасць беларусаў да гэтага часу не вельмі добра ўяўляе сабе, што гэта такое. Мы вырашылі пагаварыць пра новы для нашага грамадства трэнд з кіраўніком сталічнага Цэнтра сацыяльных праектаў Аленай КУЛЮКІНАЙ.

Для пачатку — невялікая даведка. Цэнтр сацыяльных праектаў — гэта структурнае падраздзяленне ўнітарнага прадпрыемства «Баркос». Унітарным яно называецца таму, што ў яго ёсць адзіны заснавальнік — Беларускае таварыства інвалідаў. «Баркос» — гэта сацыяльнае прадпрыемства, створанае для таго, каб забяспечыць рабочыя месцы людзям з інваліднасцю. На ім працуюць 100 чалавек, і палова з іх мае інваліднасць, асноўная накіраванасць прадпрыемства — швейная вытворчасць.

Калі з'явілася магчымасць узяць у арэнду офіс у цэнтры горада, на прадпрыемстве вырашылі стварыць цэнтр, які будзе займацца рознымі сацыяльнымі праектамі.

Алену Кулюкіну запрасілі ў цэнтр пісаць праекты, праграмы, распрацоўваць кірункі, якія, апроч усяго іншага, павінны прынесці прадпрыемству прыбытак.

— Таму што мэта любога прадпрымальніцтва, у тым ліку і сацыяльнага, — гэта ўсё ж такі даход, — кажа Алена. — Што такое сацыяльнае прадпрымальніцтва? Мы трошкі няправільна ўспрымаем слова «сацыяльнае». Гэта не толькі неабароненыя пласты насельніцтва накшталт людзей з інваліднасцю, пенсіянераў і малазабяспечаных сем'яў. Слова «сацыяльнае» можна аднесці да любых людзей і да ўсяго, што нас акружае. Гэта тое, што мае дачыненне да людзей, соцыуму і да нашага з вамі жыцця. Усё, што адносіцца да нашага вольнага часу, навучання, адраджэння культурных традыцый, — гэта «сацыяльнае». Таму, напрыклад, прыватныя курсы навучання здаровых падлеткаў сучасным танцам таксама можна назваць сацыяльным прадпрымальніцтвам. Але ўлічваючы тое, што ў гэтым раёне Мінска дзяцей мала, а большасць гараджан, якія тут пражываюць, знаходзяцца ў сталым узросце, Цэнтр сацыяльных праектаў арыентуецца ў першую чаргу на гэтую аўдыторыю.

Рабочая назва — «Дадатковыя магчымасці 50+»...

Наогул, як лічыць наша суразмоўніца, дадатковая адукацыя людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту ў нас яшчэ не вельмі развіта. «Ёсць Універсітэт трэцяга ўзросту ў Мінску і Універсітэт залатога ўзросту ў Гродне, нядаўна ў Мінску адкрыўся Цэнтр актыўнага даўгалецця, існуюць гурткі пры тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання (ТЦСАН) і... гэта ўсё, — кажа яна. — Але Універсітэт трэцяга ўзросту працуе з людзьмі «пяцьдзясят пяць плюс». А што рабіць катэгорыі, якая толькі перасягнула 50-гадовую мяжу? Вось мы і будзем прапаноўваць ім свае паслугі. Ну і, улічваючы тое, што нам трэба плаціць за арэнду офіса і выкладчыкам, вядома, нашы курсы і гурткі будуць платнымі, але мы выстаўляем вельмі нізкія кошты. Напрыклад, тры рублі за адны заняткі — гэта нават ніжэй, чым у ТЦСАН.

Цэнтр сацыяльных праектаў плануе актыўна запусціцца з 1 кастрычніка. Тут прадугледжаны такія кірункі, як вывучэнне свайго радаводу, навучанне жывапісу і графіцы, рабоце з мабільнымі гаджэтамі і некаторыя іншыя. Але самае цікавае — усе гурткі будуць аб'яднаны ў адзіны клуб, галоўнай мэтай якога стане падрыхтоўка людзей да будучай пенсіі. Рабочая назва клуба — «Дадатковыя магчымасці 50+». І акрамя дадатковай адукацыі тут плануюцца заняткі з псіхолагамі, курсы дыеталогіі, фітнес... То-бок будзе і псіхалагічная падрыхтоўка да пенсіі, і падрыхтоўка ў плане клопату пра сваё здароўе, і нейкія матэрыяльныя аспекты жыцця на пенсіі тут таксама плануюць прапрацоўваць і рыхтаваць да іх.

— Чалавек, пасля таго як выйшаў на пенсію, адразу ж сутыкаецца з вялізнымі праблемамі, перш за ўсё псіхалагічнымі, — кажа Алена Кулюкіна. — Часцей за ўсё атрымліваецца так, што ён трапляе ў нейкі вакуум, пачынае адчуваць сябе нікому не патрэбным. Ён прывык усё жыццё працаваць, а цяпер сядзіць дома месяц-другі і пачынае разумець, што не ведае, куды сябе падзець. Так можна дайсці і да дэпрэсіі... Не будзе лішнім таксама падрыхтаваць людзей і да змены ўзроўню жыцця пры выхадзе на пенсію. І тут маецца на ўвазе не змірыцца з гэтым, а навучыць, як можна зарабіць дадатковыя грошы сваімі рукамі, нешта вырабляючы ці, напрыклад, фатаграфуючы.

У прыватнасці, Алена плануе вучыць размяшчэнню фатаграфій на стокавых сайтах.

«Чалавек, які займаецца фатаграфіяй, не абавязкова спецыяліст у гэтай галіне, але калі ён мае мінімальныя навыкі, мінімальную апаратуру і калі яму цікавая гэтая сфера, ён можа мець да сваёй пенсіі часам вельмі нядрэнную прыбаўку, — сцвярджае наша суразмоўніца. — Фатаграфаваць можна што пажадаеце, і калі размяшчаць гэтыя здымкі на пэўных замежных сайтах, то іх будуць купляць людзі і фірмы для сваіх мэт. Да разумення таго, што такі курс патрэбны, я прыйшла, калі пазнаёмілася з людзьмі, якія зарабляюць на гэтым грошы, прычым гэта не прафесійныя фатографы. Некаторыя пачалі займацца такой справай проста з адчаю, бо сутыкнуліся з цяжкай фінансавай сітуацыяй, таму што ў сям'і ёсць дзеці з інваліднасцю, напрыклад. І мне здаецца, што для катэгорыі «пяцьдзясят плюс» гэта таксама былі б вельмі карысныя веды і вопыт. Таму мы плануем вывучэнне фотамастацтва менавіта з камерцыйнага пункту гледжання: як зарабіць, маючы мінімальныя навыкі фатаграфавання. На іншых курсах плануем навучаць вырабляць цацкі, лапікаваму шыццю, вышыўцы стужкамі...

І ўсё ж, як упэўнена Алена Кулюкіна, самае галоўнае ў такім клубе, — стасункі. Гэта тое, чаго так не хапае ў адзначаным узросце, калі адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў і сяброўскіх адносін, калі часта губляецца звыклы круг знаёмстваў, калі расчароўваюцца ў старых сябрах і часамі нават вырываюць з запісной кніжкі лісткі з іх прозвішчамі... Бо хочацца ўжо дарослай дружбы, а не тых сяброў-сябровак, якія цягнуцца яшчэ са школьна-інстытуцкага ўзросту і з якімі да гэтага часу ўжо можа не быць нічога агульнага. І вось у такіх клубах можна знайсці новых суразмоўнікаў і сяброў.

І пра інтэлектуальны турызм...

Хочацца сказаць і яшчэ аб адным напрамку дзейнасці Цэнтра, які ўжо працуе. Гаворка ідзе пра інтэлектуальны турызм, зусім новае паняцце для 95 % беларусаў. Што такое турызм і адпачынак у звычайным уяўленні? Гэта мора і сонца, санаторый ці грыбы-ягады-дача. Або экскурсійная паездка з турфірмай: паглядзіце налева, а цяпер направа, а зараз пройдзем да музея...

— Я апошнім часам часта бываю сярод людзей, якія займаюцца сацыяльнай сферай, і бачу, што шмат каму цікава паглядзець на паспяховыя праекты, пераняць чужы вопыт і падзяліцца сваім, знайсці гранты, — расказвае Алена. — І наогул, шмат каму ёсць што сказаць аўдыторыі. Таму я ўжо некалькі гадоў займаюся інтэлектуальным турызмам: паездкамі на міжнародныя мерапрыемствы — канферэнцыі, форумы, кангрэсы. Прычым ездзім мы не ў якасці турыстаў або слухачоў, а ў якасці ўдзельнікаў і спікераў — дзелімся сваім досведам, выступаючы на міжнародных пляцоўках. Летась, напрыклад, ездзілі ў польскі Люблін на Кангрэс ініцыятыў Усходняй Еўропы і расказвалі там аб дадатковай адукацыі і рабоце беларускіх сацыяльных прадпрыемстваў, дзе працуюць людзі з інваліднасцю. Таму што на самай справе ў нас не ўсё так дрэнна: нам ёсць што расказаць і чым падзяліцца...

У верасні Алена зноў будзе на кангрэсе і ўскладае вялікія надзеі на гэтую паездку. «З намі паедзе шмат цікавых людзей, у асноўным прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў з розных канцоў краіны — з Віцебска, Баранавічаў, Ваўкавыска, Гомеля... — кажа яна. — Гэта некамерцыйны праект, мы проста ўзялі на сябе функцыю арганізатараў і каардынатараў зыходзячы з таго, што намі гэты шлях ужо пройдзены. Я — за актыўную дзейнасць. Калі ў чалавека ёсць мара, якую ён доўга выношвае, трэба абавязкова паспрабаваць яе ажыццявіць!»

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Задача — падрыхтаваць да пенсіі...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».