Вы тут

Як нараджалася песня


Прыгожым падарункам Фэсту песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” стала песня “Дняпроўскія хвалі”


Міхаіл Рыбакоў (трэці справа) з удзельнікамі, гасцямі трэцяга Фэсту мастацтваў беларусаў свету. Мінск, 2017 г

У ранейшыя гады наша газета расказвала пра Міжнародны фэст песні й музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, што на Віцебшчыне. Слава пра яго ідзе за межы Айчыны. Сёлета ж фэст у 25-ы раз праходзіў над Дняпром: 23-24 чэрвеня, у пару Купальскую. Сабраў калектывы з розных краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Індыі, Аргенціны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Румыніі, Славакіі.

Традыцыйна прыязджаюць у Дуброўна й творчыя гурты супляменнікаў з замежжа: сёлета ў фэсце паўдзельнічалі хор “Рэха пушчы” з польскай Гайнаўкі пад кіраўніцтвам Аліны Негерэвіч і гурт беларускай песні “Сузор’ е” з Рэзэкнэ (Латвія). Мы ж маем надзею, што з часам на Дубровенскім фэсце паспявае й гурт “Родныя напевы” з беларускай суполкі “Голас Радзімы” з украінскага горада Мікалаева. Бо гарадам наканавана сябраваць: злучыў іх назаўсёды лёсам сваім знакаміты капітан брыга “Меркурий”, герой Рускатурэцкай вайны (1928-29) Аляксандр Казарскі, наш знакаміты зямляк. З Дубровеншчыны (1797) ён быў родам, а ў Мікалаеве герой, які заўчасна памёр, пахаваны (1833).

Сёлета ў плынь фэсту патрапілі розныя падзеі. У прыватнасці, у 2018-м у горадзе з’явіўся помнік гадзінніку: так у Дуброўне нагадалі пра калісьці створаную тут гадзіннікавую мануфактуру (1784). Была яна ў ліку першых на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі, а дубровенскія гадзіннікі — лепшымі ў Расіі.

Сёлета ў фэста з’явілася імянная песня “Дняпроўскія хвалі” на вершы ўраджэнца Дуброўна Міхаіла Рыбакова: яго ведаюць сябры шэрагу беларускіх суполак у замежжы. Міхаіл Леанідавіч падтрымліваў з імі сувязі, бываў там і госцем яшчэ працуючы ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Ён кіраваў Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, а з часам узначаліў Беларускі культурны цэнтр у Польшчы (Варшава). Музыку да яго верша напісаў кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. І прэм’ернае выкананне было на вышыні: спяваў Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча.

Песня стала прыгожым падарункам фэсту ад Міхаіла Рыбакова ды вядомых дзеячаў беларускай культуры ў Год малой радзімы. “Дняпроўскія хвалі стагоддзі люляюць напевы,/ Нясуць іх павольна паміж узбярэжных крыніц...” — так пачынаецца песня. Паводле слоў дубровенца, першая версія фестывальнай песні з’явілася 20 гадоў таму: Міхаіл працаваў тады сакратаром Дубровенскага райкама Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. Аднак у 1998-м да выканання песні на фестывальнай сцэне справа не дайшла. “Тады я напісаў некалькі вершаў, прысвечаных роднаму гораду, — прыгадвае Міхаіл Леанідавіч. — Наш фэст набіраў абароты, і нешта выкарыстоўвалася пры падрыхтоўцы сцэнараў, штосьці трапіла на вокладку інфабуклета пра Дубровенскі раён. Адзін з вершаў стаў песняй “Мой родны Дуброўна”: музыку напісаў тагачасны дырэктар РДК Сяргей Бяркозаў — ён жа й выконваў песню дуэтам з Ліліяй Кандраценкай”. Што да “фестывальнай” песні, то пад яе, лічыць аўтар, патрабаваўся вялікі харавы калектыў, і яна нібыта чакала свайго часу.

Новым штуршком да таго, каб усё ж стварыць песню пра фэст і для фэсту, па словах Міхаіла, стаў Год малой радзімы ў Беларусі. Фэст чакаўся адметны: 625-годдзе горада і 25-гадовы юбілей фэсту. І тут, як кажуць, усе зоркі сышліся. Ідэю стварэння фэст-песні падтрымаў Міхаіл Дрынеўскі. Вершы аўтар дапрацаваў пад стыль хору імя Генадзя Цітовіча, Леанід Захлеўны напісаў музыку. “На развучванне й запіс песні было мала часу: лічаныя дні, — згадвае Міхаіл. — Не будучы цалкам упэўненымі, што ўдасца зрабіць прэм’еру на фэсце, яе й не анансавалі. Вырашылі: калі ўсё атрымаецца, то хай гэта будзе сюрпрыз”.

І сюрпрыз атрымаўся! Дырыжаваць выкананне песні “Дняпроўскія хвалі” выйшаў сам народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Песня ўдала завяршыла галаканцэрт фэсту: яе словы і вынікі яго падводзяць, і запрашаюць гасцей, удзельнікаў сустракацца зноў на гасціннай зямлі, на фэсце ў Дуброўне. “Хочацца, каб кожны памятаў пра сваю малую радзіму, дарыў ёй сваю любоў і ганарыўся роднымі мясцінамі — бо, як вядома, менавіта з такіх “куточкаў” і складаецца наша любімая Беларусь, — гаворыць Міхаіл Рыбакоў. — А яна, Бацькаўшчына, такая, якой мы яе самі ствараем.”

Рыгор ГАРЭШКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.