Вы тут

Гамяльчанам прапануюць добраўпарадкоўваць двары на долевых умовах


Самымі прывабнымі дварамі становяцца тыя, дзе парадак наводзілі самі жыхары. Гэтую думку да тых, хто жыве на вуліцы Мінскай, паспрабавалі данесці кіраўніцтва і спецыялісты КЖРЭУП «Савецкае». Для чаго і правялі сустрэчу з людзьмі.


Ды­рэк­тар ка­му­наль­на­га прад­пры­ем­ства «Савецкае», дэ­пу­тат га­рад­ско­га Са­ве­та Мі­ха­іл Прус на сустрэчы з жы­ха­рамі.

Дырэктар камунальнага прадпрыемства, дэпутат гарадскога Савета Міхаіл Прус прапанаваў жыхарам фінансава паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторыі. За сабраныя сродкі можна ўсталяваць гульневае абсталяванне, лаўкі, іншыя малыя формы.

Мяркуецца, што са свайго боку КЖРЭУП сплануе тэрыторыю, выдзеліць тэхніку і працоўныя рукі. На жаль, на большае разлічваць не даводзіцца, бо грошы на гэтыя мэты цяпер не выдаткоўваюцца. Некалькі гадоў таму з тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду выключылі работы па добраўпарадкаванні тэрыторый каля дамоў. Прапанавалі шукаць спонсараў, каб за іх кошт абсталёўваць прыгожыя дзіцячыя пляцоўкі.

І такія выпадкі здараюцца. Напрыклад, зусім нядаўна ў Рэчыцы грамадзянін падараваў двару дзіцячы спарткомплекс, які каштуе прыкладна паўтары тысячы рублёў. Пры гэтым вырашыў застацца невядомым для грамадскасці.

Індывідуальны прадпрымальнік з уласнай ініцыятывы ўстанавіў у мікрараёне Наварэчыцкі вулічны спартыўны комплекс беларускай вытворчасці з усімі неабходнымі для падобных збудаванняў сертыфікатамі. Ён кампактны, выкананы з металу, абсталяваны турнікамі, лесвіцамі, рукаходам і іншымі элементамі. Пры гэтым супрацоўнікі мясцовага ЖЭУ ўзгаднялі месца ўстаноўкі і дапамагалі з мантажом.

Аднак падобныя ініцыятывы пакуль рэдкасць, і таму камунальнікі Савецкага раёна ідуць па іншым шляху.

Сёння ўжо пяць двароў у самым буйным раёне горада над Сожам развіваюцца дзякуючы таму, што іх жыхары аддалі невялікую частку свайго прыбытку на агульную справу, знайшлі падтрымку ў раённай адміністрацыі і дэпутатаў. Пачынаў гэты рух у раёне камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны».

Цяпер яго старшыня Ірына Піскун прыехала на сход жыхароў, каб адказаць на пытанні людзей. Ірына Мікалаеўна прызналася, што першымі быць няпроста. Пакуль працэс пайшоў, толькі ў КЖРЭУП «Савецкае» прыйшлося напісаць 14 лістоў. Затое не дарэмна. У пачатку года двор КТГС «Сонечны» прызнаны найлепшым у Гомелі і вобласці. На новай пляцоўцы правялі ўжо пяць раённых дзіцячых свят, а ў звычайныя дні гуляць на Давыдаўскую вуліцу прыходзяць дзеці з усяго мікрараёна.

На Мінскай вуліцы на сход прыйшло няшмат мам і татаў. Затое бабуль і дзядуляў было дастаткова. Дарэчы, менавіта яны і з'яўляюцца асноўным насельніцтвам гэтага мікрараёна.

Дырэктар камунальнага прадпрыемства Міхаіл Прус заўважыў, што арэлі ці горка — не самае галоўнае ў праекце добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі. Рашэнне пра закуп абсталявання ў любым выпадку будуць прымаць жыхары. І калі на Давыдаўскай двор разбілі на зоны для дзяцей малодшага і падлеткавага ўзросту, то ў іншым месцы могуць арганізаваць пляцоўкі для адпачынку не толькі дзяцей, але і людзей сталага ўзросту. Для гэтага можна паставіць прыгожыя лаўкі і альтанкі.

Тым, хто хоча на свае вочы пераканацца, як гэта ўжо зроблена на іншых тэрыторыях, кіраўнік КЖРЭУП прапанаваў арганізаваць паездку ва ўжо добраўпарадкаваныя жыхарамі двары. Шмат пытанняў было пра збор сродкаў, кантроль за іх выкарыстаннем. Людзі ўдакладнялі, які канкрэтны ўнёсак зробяць камунальныя службы. Адразу прымаць рашэнне жыхары пакуль не сталі. Вырашылі, што праз пэўны час правядуць яшчэ адзін сход і тады ўжо агучаць агульны настрой суседзяў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Альтанкі для сталых, горкі для юных

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.