Вы тут

Чым пагражае хатняя хімія?


Шведы будуць даследаваць беларускія сцёкі.

Праект, нацэлены на змяншэнне паступлення небяспечных хімічных рэчываў у сцёкавыя воды, яшчэ мала распаўсюджаны ў нашай краіне. Але ў яго кіраўнікоў вялікія планы на Беларусь.


Пад слоганам «Бяспечныя тавары, бяспечныя гарады» першапачатковы праект NоnHаzСіtу аб'яднаў 18 партнёраў у рэгіёне Балтыйскага мора, уключаючы мясцовыя і рэгіянальныя органы ўлады, навукова-даследчыя інстытуты, прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць ачыстку сцёкавых вод, і іншыя. На працягу праектнага перыяду партнёры маюць магчымасць самастойна выяўляць крыніцы небяспечных рэчываў, вызначаць іх прыярытэтнасць і ўдзельнічаць у распрацоўцы планаў дзеянняў па хімічнай бяспецы для гарадоў, каб дапамагчы ім змагацца з гэтымі выкідамі.

Дзейнасць праекта сканцэнтравана на малых і сярэдніх прадпрыемствах і падсобных гаспадарках. Апошнія могуць праверыць сваю тэрыторыю і даведацца, якія небяспечныя хімічныя рэчывы ёсць на ўчастках. Такім чынам шырокая грамадскасць будзе ўцягнутая ў інфармацыйна-асветніцкую кампанію і атрымае неабходныя экалагічныя матэрыялы. Спецыялісты ўпэўнены, што толькі інфармаваныя грамадзяне ў стане выправіць сітуацыю, якая склалася, змяніўшы спажывецкія паводзіны на экалагічныя.

— У рамках згаданага праекта мы правялі скрынінг небяспечных хімічных рэчываў і даведаліся, адкуль яны бяруцца і як трапляюць у водныя аб'екты, — расказала прадстаўніца ўпраўлення навакольнага асяроддзя і аховы здароўя муніцыпалітэта Стакгольма, менеджар праекта Тоні Вікман. — Найбольшую цікавасць для вывучэння ў Беларусі ўяўляюць Вілейка і Іўе. На жаль, даных пра колькасць і склад небяспечных рэчываў з гэтых раёнаў пакуль няма, але мы плануем правесці даследаванні, якія дапамогуць сабраць неабходную інфармацыю.

Небяспечныя рэчывы — гэта цяжкія металы, арганічныя рэчывы і фармацэўтычныя прэпараты. Пра шкоду металаў вядома даўно, пра іншыя рэчывы даных менш. Многія з іх адзначаны ў Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках як рэчывы, колькасць якіх трэба кантраляваць і зніжаць іх канцэнтрацыю. Яны ўплываюць на здароўе і могуць пашкодзіць эндакрынную сістэму, справакаваць алергічныя рэакцыі, выклікаць праблемы з памяццю і г. д.

— Не варта забываць, што гэтыя рэчывы ўплываюць не толькі на людзей, але і на прадстаўнікоў фаўны, у прыватнасці на рыб, — адзначае Тоні Вікман. — Праблема ў тым, што нават пры малых канцэнтрацыях гэтыя рэчывы аказваюць негатыўнае ўздзеянне.

Удзельнікі праекта даследавалі метал кадмій, алкілфенолы, нанілфенолы і актылфенолы, фталаты, бісфенол А, фармацэўтычныя прэпараты дзіклафенак, эстрадыёл, этынілэстрадыёл (не ўсе рэчывы, прааналізаваныя ў скрынінгу NоnHаzСіtу, уздзейнічаюць на эндакрынную сістэму, у гэтым матэрыяле прыведзены толькі тыя, якія аказваюць такое ўздзеянне. — Аўт.).

Былі сабраны пробы сцёкавых вод з жылых і прамысловых раёнаў (і з некаторых прадпрыемстваў), ліўневых сцёкаў, воды са станцыі водаачысткі і асадкі сцёкавых вод. Пробы прааналізавалі ў лабараторыях Гданьскага і Шведскага сельскагаспадарчага ўніверсітэтаў.

Спецыялісты выявілі вышэйпералічаныя рэчывы ва ўсіх пробах.

Адкуль яны бяруцца? Часцей за ўсё з прамысловых тавараў: пластыкавых матэрыялаў, касметыкі і сродкаў асабістай гігіены, мыйных сродкаў, фарбаў, канцылярскіх прылад, цацак, мэблі, адзення і многага іншага. А яшчэ могуць трапляць у наваколле як на этапе вытворчасці і ў працэсе выкарыстання прадуктаў і вырабаў, так і пры іх утылізацыі.

Шведскі праект у Беларусі толькі пачынае сваю дзейнасць, але любая экалагічная ініцыятыва карысная і для стану навакольнага асяроддзя, і для змены свядомасці людзей. Усім варта ведаць, што шкодныя рэчывы прысутнічаюць паўсюдна і трапляюць у воднае асяроддзе з гарадскіх тэрыторый, а некаторыя з іх нават могуць негатыўна ўплываць на здароўе чалавека. Крыніцамі такога забруджвання часта з'яўляюцца спажывецкія тавары. Таму неабходна прымаць дадатковыя меры па скарачэнні колькасці небяспечных рэчываў у сцёкавых водах на ўваходзе ў ачышчальныя збудаванні для таго, каб забяспечыць належны ўзровень абароны Балтыйскага мора.

Вольга ПРАЛЮК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.