Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Бліжэй да прыроды

Абласны экалагічны фэст «Гамоняць пушчы беларускія...» стаў візітнай карткай Свіслацкага раёна. Паўдзельнічаць у ім арганізатары запрашаюць усіх ахвотных, але асабліва рады сваім суседзям. Таму прадстаўнікі Бераставіцкага раёна — у ліку пастаянных гасцей.

Тамара Касьян, загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, правяла на мерапрыемстве майстар-клас па асновах саломапляцення. Таксама ў рамках фестывалю адбылося падвядзенне вынікаў абласной выстаўкі-конкурсу пано з прыроднага матэрыялу пад назвай «У гармоніі з прыродай». Твор мастачкі адзначаны дыпломам ІІ ступені.


Прафесія без выпадковых людзей

На працягу 14 гадоў Любоў Аўдзеюк працуе сацыяльным работнікам Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Карэспандэнт мясцовай газеты «Голас часу» сустрэўся з ёй каля крамы ў вёсцы Збураж, дзе яна закупляе прадукты для васьмі сваіх падапечных.

У асноўным пад наглядам Любові Аўдзеюк бабулі, якім больш за 70 гадоў. Кожнай неабходна не толькі прынесці прадукты ці лекі, але і прыбраць у хаце, дапамагчы з дровамі, прыгатаваць ежу, памыць адзенне, калі трэба. Заглядвае да іх яна тры разы на тыдзень, але штодзень яшчэ сазвоньваецца. Многія падапечныя пражываюць у дамах без выгод, сама ж сацработнік таксама ўжо на пенсіі і ў снежні адзначыць юбілей — 60 гадоў. На пытанне, што самае цяжкае ў яе прафесіі, адказвае так: «Страчваць людзей, пра якіх ты клапаціўся не адзін год, з якімі зрадніўся душой. На жаль, шэсць маіх падапечных пайшлі з жыцця. Калі ў памерлага няма блізкіх сваякоў, пахаванне арганізоўвае сацыяльная служба».


Адпачылі на бульбафэсце

У рамках раённага праекта Дзятлаўшчыны «Дбайных людзей славім — весела час бавім» у аграгарадку Хвінявічы прайшло Свята бульбы. На ім пабываў і карэспандэнт газеты «Перамога».

Са шчырымі словамі прывітання і віншавання звярнуўся да землякоў і гасцей свята старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. Ён пажадаў вяскоўцам мець штогод багатыя ўраджаі «другога беларускага хлеба», а ў час святочнага мерапрыемства — добра адпачыць ад штодзённага клопату.

Выклікала шчырае захапленне і ў дзятвы, і ў дарослых прадстаўленне ў выкананні артыстаў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад назвай «Гасцёўня БульбаЁсціка». У час свята ладзілася дэгустацыя бліноў і іншых традыцыйных страў, выстаўка творчых работ навучэнцаў, супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі прадставілі часопісы з рэцэптамі розных страў з бульбы. Пастараліся арганізатары свята і для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства: працавалі надзіманыя горкі, батуты, цір, карусель, рознакаляровы Соlоr Fеst.

Хутка на старт паклікаў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2018». Удзел у спартыўных спаборніцтвах прынялі чатыры сям'і: Абражэй з вёскі Гірычы, Санцэвіч і Муха з Хвінявічаў, Качмарык з Вензаўца. Сем'і актывізавалі ўсе свае сілы і кемлівасць, спрытна дапамагалі дарослым дзеці. Па выніках усіх выпрабаванняў перамогу атрымала сям'я Качмарык.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».