24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Донар? Альбо тата?


Праект змяненняў у Закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» выклікаў дыскусію ў верхняй палаце парламента.

Законапраект, нагадаем, быў унесены ў Палату прадстаўнікоў напрыканцы чэрвеня і цяпер рыхтуецца да першага чытання. Асноўныя новаўвядзенні: павелічэнне ўзроставага парога пэўных катэгорый донараў палавых клетак; увядзенне кантролю за донарскімі палавымі клеткамі з банкаў замежных дзяржаў; павелічэнне ўзроставага парога для сурагатнай маці ў выпадках, калі яна з'яўляецца сваячкай пацыенткі, і магчымасць вынасіць у такім выпадку дзіця незамужняй жанчыне (пры наяўнасці паўналетніх дзяцей і адсутнасці непаўналетніх); адказнасць за парушэнне заканадаўства ў сферы дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій...


Названыя змены не выклікалі прынцыповых спрэчак сярод членаў рабочай групы, якая працавала над законапраектам. Але гэтага нельга сказаць пра ўдакладненне да артыкула 19 дзеючага Закона — яно датычыцца донарства палавых клетак для жанчыны, якая не знаходзіцца ў афіцыйна зарэгістраваным шлюбе. Менавіта гэты пункт выклікаў гарачыя і шматгадзінныя, па словах удзельнікаў рабочай групы, дыскусіі да ўнясення дакумента ў парламент. Каменем спатыкнення «шлюбнае пытанне» стала і падчас круглага стала, які правяла Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

Законапраект дазваляе жанчыне, якая не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе, скарыстацца палавымі клеткамі толькі ананімнага донара. Гэта азначае забарону на выкарыстанне клетак мужчыны, з якім яна жыве. Большасць членаў працоўнай групы, у якую ўвайшлі як юрысты і чыноўнікі, так і практыкуючыя ўрачы, не бачаць у гэтым ніякай праблемы.

І Ала Камлюк, загадчыца аддзялення планавання сям'і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця», і Святлана Жукоўская, дырэктар Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны «ЭКА», сцвярджаюць, што дастаткова пагаварыць з парай, якая звяртаецца да рэпрадуктолагаў, і яна рэгіструе шлюб. Маўляў, тых, хто прынцыпова не афармляе адносіны, адзінкі. Такія вымушаны ехаць па атрыманне медыцынскай паслугі за мяжу. (У Расіі і на Украіне наяўнасць зарэгістраванага шлюбу для зачацця дзіцяці ў лабараторных умовах не абавязковая.)

Разам з тым ніхто дакладна не ведае, колькі людзей у нас жыве фактычна сям'ёй, якую, тым не менш, не афармляюць юрыдычна, колькі з іх маюць дзяцей, колькі лечыцца ад бясплоднасці і гатовы выкарыстаць рэпрадуктыўныя тэхналогіі. У нас няма такой статыстыкі. А калі няма ўліку, то ёсць вялікая спакуса з гэтай катэгорыяй грамадзян не лічыцца. Менавіта гэта выклікала абурэнне намесніка старшыні профільнай камісіі Савета Рэспублікі Віктара Сірэнкі, які выступіў мадэратарам абмеркавання законапраекта ў верхняй палаце. Пазіцыя сенатара заслугоўвае павагі: заплюшчваючы вочы на рэаліі жыцця, мы рызыкуем выпусціць закон, які не будзе працаваць, правілы ў ім будуць самі па сабе, жыццё людзей — само па сабе. У нас ёсць такія законы. Дык ці варта памнажаць іх колькасць?

Само паняцце «бясплоднасць» адрозніваецца ў Беларусі і ў свеце. Сусветная арганізацыя аховы здароўя гэтым тэрмінам называе «няздольнасць сексуальна актыўнай пары, якая не выкарыстоўвае кантрацэпцыю, дабіцца цяжарнасці на працягу года». Ала Камлюк прывяла наступнае вызначэнне бясплоднасці, паводле, як яна патлумачыла, беларускіх дакументаў: «Гэта адсутнасць жаданай цяжарнасці ў шлюбнай пары на працягу года рэгулярнага палавога жыцця». З-за розніцы ў тэрміналогіі ў нас і лічаць толькі шлюбныя пары, пакідаючы па-за статыстыкай мужчын і жанчын, якія не аформілі адносіны ў ЗАГСе.

— Вы не жадаеце бачыць такіх людзей і іх праблему, называеце гэта сацыяльнай безадказнасцю, але ад гэтага праблема не знікае, і яе ігнараванне стварае глебу для карупцыі або садзейнічае вывазу грошай за межы краіны, — звярнуўся да ўдзельнікаў круглага стала Віктар Сірэнка. — Але дзяржава аднолькава клапоціцца пра ўсіх сваіх грамадзян, у тым ліку і пра тых, хто не можа зацяжарыць натуральным чынам.

Аргументы праціўнікаў выкарыстання ЭКА парай, якая не аформіла адносіны, заснаваны, галоўным чынам, на немагчымасці на сёння рэгуляваць у такім выпадку донарства мужчынскіх палавых клетак.  Немагчыма праверыць, ці сапраўды па дапамогу звярнулася сталая пара, а не жанчына з малазнаёмым мужчынам, які сёння выступае донарам для яе ў адным цэнтры, а заўтра пойдзе з іншай жанчынай у іншы цэнтр. У такім выпадку ўзнікае верагоднасць адразу некалькіх непажаданых наступстваў. Дзеці ад аднаго бацькі і розных жанчын у будучыні могуць сустрэцца і пабрацца шлюбам, не ведаючы, што яны адзінакроўныя брат і сястра, што паступова прывядзе да назапашвання генных мутацый. Яшчэ адзін аргумент — абарона правоў дзіцяці. Маўляў, такі донар можа або адмовіцца ад утрымання дзіцяці або, наадварот, выступіць з прэтэнзіяй на бацькоўства з усімі наступствамі, якія з гэтага выцякаюць. Нарэшце, палавыя клеткі неананімных донараў не праходзяць своеасаблівы каранцін і такое ж дасканалае даследаванне, як ананімных, а гэта павышае рызыку перадачы інфекцыйных хвароб.

Аднак узнікае пытанне: чаму нельга дасканала даследаваць здароўе ўсіх мужчын, якія прыйшлі па дзіця разам з жанчынамі? Чаму нельга ўлічыць усіх донараў мужчынскіх палавых клетак і стварыць адзіны банк даных, каб пазбегнуць злоўжывання? Чаму, нарэшце, дакладна не агаварыць бацькоўскія правы адносна будучага дзіцяці? Таму што прасцей забараніць? Прасцей не заўважаць?

Калісьці дзеці, народжаныя па-за шлюбам, былі па-за законам. Цяпер гэта перажытак мінулага. Дык чым адрозніваюцца ад іх дзеці, у зачацці якіх бяруць удзел урачы? Ці не ханжаства, апелюючы да сям'і як да вышэйшай каштоўнасці ў дзяржаве, адмаўляць людзям, якія, па сутнасці, сям'я, у дапамозе мець дзяцей — толькі на той падставе, што юрыдычна яны сям'ю не аформілі? Пры гэтым, заўважым, закон не забараняе жанчыне зацяжарыць з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналогій ад незнаёмага мужчыны (ананімнага донара) без усякіх абавязацельстваў.

Даведка:

  • Згодна з апошнім перапісам, у Беларусі 25 % сем'яў (зарэгістраваных у ЗАГСе) не маюць дзяцей па розных прычынах.
  • Па недакладных падліках, 14 % шлюбных пар у краіне сутыкнуліся з праблемай бясплоднасці.
  • Першая платная паслуга па экстракарпаральным апладненні (ЭКА) у Беларусі была аказана ў 1993 годзе ў Гомельскім абласным дыягнастычным медыка-генетычным цэнтры «Шлюб і сям'я».
  • У нашай краіне восем цэнтраў аказваюць медыцынскія паслугі з выкарыстаннем дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій: тры дзяржаўныя і пяць недзяржаўных.
  • Штогод у краіне нараджаецца каля 1000 немаўлят, якія былі зачатыя з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналогій.
  • Для правядзення ЭКА пацыенты могуць узяць ільготны крэдыт.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фо­та Анатоля Клешчука

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.