Вы тут

У Магілёве ідзе падрыхтоўка аб'ектаў да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Магілёў за апошні час прыкметна папрыгажэў. Работы вядуцца з улікам таго, што гораду прыйдзецца прымаць у сябе гасцей высокага ўзроўню. Працэс кантралююць гарадскія, абласныя і рэспубліканскія ўлады. Нядаўна на знакавых аб'ектах форуму пабываў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.


Да прыёму гасцей гатовы

З удзелам спікера беларускага парламента адбылося ўрачыстае адкрыццё музея Бялыніцкага-Бірулі — філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Установа знаходзілася на рамонце доўгіх пяць гадоў, на яе аднаўленне з розных крыніц патрачана больш за тры мільёны рублёў. За час рамонту памянялася ўнутраная прастора музея — яе сучаснае аснашчэнне дасць магчымасць прымаць выстаўкі сусветнага ўзроўню. Новае выставачнае і мультымедыйнае абсталяванне, забеспячэнне ў памяшканнях неабходнага музейнага клімат-кантролю, нават пылапаглынальная сістэма — пра гэта раней маглі толькі марыць.

— Падчас работы форуму ў сценах музея адкрыецца выстаўка «Скарбы жывапісу» з фондаў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Гэта творы блізкіх сяброў Бялыніцкага-Бірулі: Ісака Левітана, Мікалая Багданава-Бельскага, Аляксандра Маравава, Станіслава Жукоўскага, Ігара Грабара, Аляксея Маторына, Аляксея Сцяпанава і іншых, — удакладніла загадчык музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі Святлана СТРОГІНА.

А трэці паверх установы стане шыкоўнай пляцоўкай для музейных заняткаў, лекцый, сімпозіумаў. Апаратура, якая тут устаноўлена, дазваляе праводзіць анлайн-канферэнцыі па самых высокіх стандартах.

Навука сусветнага ўзроўню

Вельмі змястоўнай была сустрэча Міхаіла Мясніковіча з выкладчыкамі і студэнтамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

— Наш універсітэт з'яўляецца ўнікальнай навучальнай установай Беларусі, бо рыхтуе студэнтаў адначасова па адукацыйных стандартах Беларусі і Расіі з выдачай дыпломаў дзяржаўнага ўзору абедзвюх краін, — адзначае першы прарэктар універсітэта прафесар Міхаіл ЛУСЦЯНКОЎ. — Гэта рэальны прыклад інтэграцыі адукацыйных сістэм дзвюх краін.

У сценах ВНУ рэалізуецца мадэль «універсітэт 3.0» — створана навукова-адукацыйнае асяроддзе, якое дазваляе рыхтаваць рынкава-арыентаваных спецыялістаў. Яны не проста валодаюць ведамі ў той ці іншай галіне тэхнікі, а здольныя падрыхтаваць высокатэхналагічны прадукт і знайсці для яго спажыўца на рынку ў адпаведнасці з ланцужком «адукацыя — навука — інавацыі — вытворчасць — камерцыялізацыя». Каб гэтую мадэль рэалізаваць, створана высокатанажная вытворчасць тэхналагічнай прадукцыі, а менавіта вытворчасць валаконных эндаскопаў тэхнічнага прызначэння. Акрамя гэтага, нядаўна пры ўніверсітэце адкрыўся інжынірынгавы цэнтр SіmTech, які займаецца аптымізацыяй разнастайных канструкцый, працуе наўпрост з такімі гігантамі, як БелАЗ, і ўдзельнічае ў дзяржпраграмах навуковых даследаванняў, заключае дагаворы на выкананне работ з рознымі прадпрыемствамі машынабудавання.

Ва ўніверсітэце вельмі развіты студэнцкі навуковы складнік, ёсць студэнцкія канструктарскія бюро.

— Мы ўводзім спецдысцыпліны ў адукацыйныя планы па падрыхтоўцы спецыялістаў, каб павысіць іх кампетэнцыю ў галіне рыначнай эканомікі, — заўважае Міхаіл Лусцянкоў.

Плануецца, што да пачатку форуму будзе ўрачыста адкрыты дадатковы корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта — ён ужо на 80 % гатовы.

Міхаіла Мясніковіча цікавіла, што новага распрацавана ва ўніверсітэце ў галіне навукі і тэхналогій. На выстаўцы ён азнаёміўся з навуковымі дасягненнямі ўніверсітэта.

— Усе распрацоўкі ўнікальныя, — паведаміў дацэнт кафедры фізічных метадаў кантролю Фёдар ТРУХАЧОЎ. — Вось гэта сістэма, напрыклад, ужо ўкаранёна ў Мінску. Раней у гарадскім транспарце пра чарговыя прыпынкі паведамляў бягучы радок, а зараз мы паставілі два цалкам аўтаматызаваныя мультымедыйныя экраны. Яны паказваюць, дзе вы едзеце, паведамляюць на дзвюх мовах пра перасадкі, славутасці, якія знаходзяцца на дадзеным адрэзку шляху, надвор'е і гэтак далей. Першы, доследны, узор быў пастаўлены два гады таму.

Спецыяліст дэманструе прыбор, якога пакуль няма ні ў адной краіне свету.

— Гэта электронны гід, які знаходзіцца ў кабіне ў кіроўцы і працуе ў аўтаномным рэжыме, — тлумачыць ён. — Сістэма цалкам з нуля распрацаваная ў нас, разлічана ў першую чаргу на турыстаў.

Фо­та БелТА.

Форум — гэта адказна

Старшыня Савета Рэспублікі азнаёміўся таксама з ходам рамонтных работ у Палацы культуры вобласці, дзе адбудзецца пленарнае пасяджэнне Форуму рэгіёнаў.

— Гэта вельмі адказнае мерапрыемства, у Беларусі яно ўпершыню праходзіць на рэгіянальнай пляцоўцы, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — У ім будуць задзейнічаны ўсе рэгіёны Беларусі і Мінск. Плануюцца рознага роду мерапрыемствы, шоу сучаснай беларускай тэхнікі, шмат чаго іншага. Гэта будзе сапраўднае свята рэгіёнаў, сюды завітаюць прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў, бізнесу. На падставе тых матэрыялаў, якімі я ўжо валодаю, нашы прадпрыемствы, бізнесмены заключаць экспартныя кантракты з расійскімі партнёрамі на суму каля 500 мільёнаў долараў. Гэта значна больш, чым было ў папярэднія гады. Вельмі актыўна паводзяць сябе нашы Саветы дэпутатаў, ёсць жаданне і імкненне расійскіх калег з глыбінкі прыехаць і паглядзець на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Плануецца традыцыйны ўдзел у мерапрыемстве кіраўнікоў дзяржаў — Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гэта вельмі адказна і карысна як для структур улады, так і для насельніцтва.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Гэта будзе сапраўднае свята

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.