Вы тут

Як у Чарнаўчыцкім сельсавеце Брэсцкага раёна баршчэўнік перамагаюць


Вясной тут праводзілі суботнік. Высякаць баршчэўнік сабраліся дзясяткі людзей. Названая мясціна побач з аграгарадком Вістычы — асаблівая. Побач размешчаны адзін з водазабораў абласнога цэнтра. Таму працаваць, напрыклад, з дапамогай гербіцыдаў нельга. Застаецца самы надзейны спосаб — рыдлёўка і рукі.


Стар­шы­ня Чар­наў­чыц­ка­га сель­ска­га Са­ве­та дэ­пу­та­таў Аляк­сандр Са­ла­не­віч  па­каз­вае тэ­ры­то­рыю, якую ачыс­ці­лі на су­бот­ні­ку.

Як паявіўся ў гэтым маляўнічым месцы баршчэўнік Сасноўскага, ніхто дакладна сказаць не можа. Уздоўж алеі, якая засталася ад былой панскай сядзібы, раптам сталі паднімацца зараснікі шкоднай расліны. Яны і раней тут альбо ў іншым месцы вясной вылазілі. Але ж гадоў дваццаць і больш таму любы свабодны лапік зямлі старанна выкошваўся, бо ў людзей на кожным падворку была карова. А там, дзе скошвалася і вытоптвалася трава, нічога непажаданага не расло. Цяпер па прычыне рэзкага памяншэння прыватнага статка сітуацыя памянялася і зялёны чужынец адчуў сябе вольна.

А гады два таму наогул здарыўся непрыемны інцыдэнт. Хлопчыкі малодшага школьнага ўзросту прыбеглі сюды пагуляць у вайну. Узброіўшыся палкамі, дзеці сталі збіваць высокія сцябліны «зялёнага ворага». Пасля гэтага ўсе малыя «ваяры» атрымалі такія апёкі, што давялося кожнаму прайсці курс лячэння ў бальніцы. Вось і пачалося мэтанакіраванае вынішчэнне зялёнай навалы і ў Вістычах, і ў іншых вёсках.

— Сёлета вырашана было выкарчаваць шкодную расліннасць да адзінага каліва, — расказвае старшыня Чарнаўчыцкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр САЛАНЕВІЧ. — На наш заклік адгукнуліся многія прадпрыемствы і ўстановы. І ў вызначаны дзень на пляцоўцы побач з водазаборам сабраліся работнікі водаканала, прадстаўнікі абласной і раённай устаноў аховы прыроды, супрацоўнікі сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства. Мы сталі ў рад і выкапалі з каранямі кожную расліну. Цікава, што корань баршчэўніку знешне вельмі нагадвае корань жэнь-шэню. Выкопвалі старанна і ўважліва, каб не пакінуць у зямлі нават малых карэньчыкаў. Расліны потым вывезлі на палігон і ўтылізавалі. І вось цяпер, амаль праз паўгода, дзе-нідзе з зямлі выглядваюць асобныя парасткі. Такая гэта каварная рэч. Але перад зімой зноў усё вычысцім. І думаю, налета гэту тэрыторыю можна будзе лічыць чыстай.

Пад'язджаем да электрападстанцыі, і кіраўнік мясцовай улады расказвае, што тут непажаданую расліну літаральна выпалілі з карэннем з дапамогай ядахімікатаў. Аказваецца, у гэтым месцы зараснікі былі ў рост чалавека, нібы ў джунглях. Склалася ўражанне, што на кожным квадратным сантыметры расце баршчэўнік... Цяпер тут таксама вылазяць парасткі, але ўжо на некалькі квадратных метраў можна заўважыць усяго адзін.

Летась падобную работу праводзілі ў Чарнаўчыцах. Сёлета намаганні па знішчэнні шкоднай расліны прыклалі ў вёсках, якія адносяцца да сельгаспрадпрыемства «Агра-сад «Рассвет» — маюцца на ўвазе аграгарадок Вістычы і вёска Казловічы. На набыццё гербіцыдаў у гэтым годзе выдзелена з раённага бюджэту 2000 рублёў. Летась такая ж сума выдзялялася на работу ў чарнаўчыцкай зоне.

Галоўны аграном ААТ «Аграсад «Рассвет» Алег ЦЫОЛТА гаворыць, што найбольшы эфект яны атрымалі, калі пачалі працаваць з гербіцыдамі «тэрсан», «кілеа». Можна нават змешваць ядахімікаты, якіх баіцца гэтая расліна. Алег Аляксандравіч згадвае, што яшчэ 5-6 гадоў таму на ўзбочынах дарог, па берагах меліярацыйных каналаў, на пустках і няўдобіцах баршчэўніка Сасноўсакага было даволі шмат. Цяпер ад той колькасці застаецца літаральна 1-2 працэнты. І гаспадарка будзе рабіць усё магчымае, каб пазбавіцца ад яго зусім, бо калі страціць пільнасць...

— Мы можам назіраць сумны вопыт суседзяў у блізкім замежжы, — гаворыць Алег Цыолта. — Мне даводзілася бачыць, як зараснікі баршчэўніку ўздоўж узбочын дасягаюць трох метраў у вышыню. Там ужо давядзецца патраціць вялікія сродкі на барацьбу. А кожнае пападанне насення ў глебу павялічвае шанцы расліны. Насенне можа ўзрасці і праз гады.

Старэйшыя людзі ў Вістычах згадалі, што гэты злашчасны баршчэўнік завезлі ў суседні калгас і вырошчвалі ў якасці кармавой культуры. Але хутка адмовіліся, бо каровы сталі даваць горкае малако. Адмовіцца адмовіліся, а выкараніць не змаглі да гэтай пары...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пётр БРЫШ, начальнік Брэсцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Мы трымаем пад кантролем усе ачагі прарастання баршчэўніку Сасноўскага. У суме па вёсках Брэсцкага раёна шкодная расліна займае плошчу 5,8 гектара. Да нядаўняга часу яго было шмат на тэрыторыі Чарнаўчыцкага сель-
савета. Занепакоенасць выклікаюць плантацыі ў асобных вёсках Мухавецкага сельсавета, сустракаецца непажаданая расліна на землях ляснога фонду, асабліва ахвотна яна расце ўздоўж меліярацыйных каналаў. Апошняе становіцца клопатам ПМК меліяратараў. Мы рэкамендуем гаспадарнікам у барацьбе з раслінай выкарыстоўваць гербіцыды, гэта найбольш дзейсны спосаб знішчэння. Бо, напрыклад, у вёсцы Падлессе Радваніцкае баршчэўнік скошвалі ўжо пяць разоў, а ён зноў расце. Вельмі жывучае яго насенне, знішчыць якое ядахімікатамі больш шанцаў.

Яшчэ хачу звярнуць асаблівую ўвагу на праблему сумніку. Некаторыя грамадзяне ўзялі за моду вырошчваць яго ў якасці дэкаратыўнай культуры. Расліну з дробнымі жоўтымі кветачкамі можна сустрэць каля клубаў і магазінаў. Гэта няправільна і шкодна. Развядзём чужынца — будзем мець такія ж праблемы, як з баршчэўнікам.

Загаловак у газеце: Гербіцыдамі і рыдлёўкамі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.