24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Сумнік бярэ ў кола старажытны Свяцк


Інвазійная расліна ўжо ахапіла ўзбярэжжа некалькіх вадаёмаў. Вось-вось жоўтая квецень падступіць да старой алеі, якая захавалася з даўніх часоў. А там і да самога палаца недалёка...


Жы­хар­ка Свяц­ка Са­бі­на Фе­лік­саў­на па­каз­вае за­рас­ні­кі су­мні­ку ка­ля ага­ро­да.

Ён ужо набліжаецца

Палацава-паркавы комплекс «Свяцк» на Гродзеншчыне называюць жамчужынай Прынёманскага краю. І нездарма. Былы палац магнатаў Валовічаў будаваўся па праекце італьянскага архітэктара Джузепэ Сака ў другой палове ХVІІІ стагоддзя. Старажытнаму будынку амаль 240 гадоў. Зараз тут вядуцца маштабныя работы па рэканструкцыі.

Непаўторны выгляд замку надае навакольная прырода. Асабліва ўражваюць вадаёмы і старажытная алея з векавымі дрэвамі. Але... гэтыя мясціны апанаваў сумнік канадскі — расліна, якая ўнесена ў рэестр інвазійных відаў, распаўсюджванне і колькасць якой падлягаюць рэгуляванню.

Як паведамілі ў Гродзенскім абласным камітэце аховы прыроды, менавіта каля Свяцка сумнік пачаў распаўсюджвацца вельмі хутка. Літаральна за год тут з'явіліся сапраўдныя зараснікі. Яны пачынаюцца ад трасы, якая вядзе да палацавага комплексу, і «атачаюць» азёры. З-за гэтых жоўтых плантацый вадаёмы набылі запушчаны выгляд, хоць некалькі гадоў таму тут праводзілася вялікая работа па добраўпарадкаванні берагоў і навакольнай тэрыторыі. Расліна літаральна сцяной падступае і да старажытнай алеі. Калі сумнік падыдзе да стагадовых дрэў, знішчыць яго будзе цяжка з-за шчыльнай пасадкі.

Ці не апынецца ў зарасніку і сам палац? Дарэчы, ён праходзіць рэканструкцыю — пад турыстычна-забаўляльны комплекс з гасцініцай, рэстаранам, катаннем на брычках, пракатам веласіпедаў, лодак і шэрагам іншых відаў адпачынку. Праўда, на аб'екце паведамілі, што хутка пачнецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, магчыма, дабяруцца і да шкоднага сумніку.

Перайшоў на агароды

Свяцк — гэта яшчэ і невялікая вёска каля палацавага комплексу. Алея выводзіць на дарогу, якая вядзе да населенага пункта. Відаць, што жоўтыя суквецці красуюцца і каля агародаў і нават параслі на мяжы, якая раздзяляе ўчасткі. Мясцовыя жыхары стараюцца не дапусціць расліну на свае градкі. Сабіна Феліксаўна, якой ужо 70 гадоў, сама абкошвае тэрыторыю каля ўчастка, але гаворыць, што сумнік вельмі хутка расце. І сапраўды, згодна з даведкай камітэта аховы прыроды, кожны куст стварае да 100 тысяч адзінак насення, якое мае вельмі высокую ўсходжасць — 95 %.

Сабіна Феліксаўна не ведае, калі апошні раз тут абкошвалі тэрыторыю. Зрэдку такія работы вядуцца. Але сёлета такіх захадаў, па яе словах, ніхто не рабіў. Не бачылі касцоў і жыхары суседняга дома. Можа, таму, што вёска зусім малая — усяго сем дамоў, а можа, з-за шырокамаштабнай будоўлі палацавага комплексу... А між тым у канцы вёскі сумнік ужо разросся даволі буйна: ён апанаваў былы сад, поўнасцю ахапіў поле. Зараз ужо не зразумець, што тут расло раней, якое прызначэнне мела гэта зямля і наогул, ці будзе тут яшчэ што-небудзь расці? Эколагі лічаць, што гэты від небяспечны для асяроддзя, і хоць ён не пагражае здароўю, як баршчэўнік, але выцясняе звыклую для гэтых мясцін флору і фаўну.

Во­зе­ра пад уплы­вам су­мні­ку.

Як гэта спыніць?

Часткова плошчы пад сумнікам належаць Сапоцкінскаму пасялковаму Савету. Яго старшыня Лілія Шаматовіч лічыць, што сумнік прыжыўся з-за свайго дэкаратыўнага выгляду. Яго нават высаджвалі некалі на могілках і ўласных палісадніках. А зараз гэты від патрабуе кантролю.

Дарэчы, скошваць расліну рэкамендуецца даволі часта — 3-4 разы за сезон. Можна абмежавацца і адным скошваннем — тады рабіць гэта трэба ў другой палове жніўня, да паспявання насення. У гэтым выпадку скошаную траву трэба ўтылізаваць. Там, дзе сумнік займае значныя плошчы, эфектыўным будзе пераворванне глебы і падсеў шматгадовых траў. Хімічны метад, раяць эколагі, лепш выкарыстоўваць для маладых раслін вышынёй 10—15 сантыметраў.

На думку Ліліі Шаматовіч, сумнік займае тыя плошчы, якія не выкарыстоўваюцца. Калі іх заараць і акультурыць, расліна сама сабой знікне. Абкошванне не дае патрэбных вынікаў, хоць яно і праводзіцца. Дарэчы, Сапоцкінскі пасялковы Савет — далёка не адзіны, дзе разросся сумнік, яго хапае і па ўсім Гродзенскім раёне.

Значныя плошчы расліна займае ў Ваўкавыскім раёне. У мясцовай экалагічнай інспекцыі расказалі, што зараз збіраецца інфармацыя аб месцах распаўсюджвання шкоднага віду. Ужо відавочна, што сумнік апанаваў тыя вёскі, дзе шмат пустых дамоў. Раней гэту зямлю апрацоўвалі самі сяляне, зараз жа яна з'яўляецца добрым «плацдармам» для распаўсюджвання інвазійных відаў. Дарэчы, да іх адносяцца не толькі сумнік і баршчэўнік, але і клён, канапля, мак, ілжэакацыя, эхінацысціс.

Трэба сказаць, што плошчы баршчэўніку за апошнія чатыры гады знізіліся на 50 га і складаюць 134 га па вобласці. Напэўна, свой плён дала адпаведная пастанова ўрада, прынятая ў 2016 годзе. На яе аснове быў зацверджаны абласны план. Сумнік жа, наадварот, пачаў хутка запаўняць палі і лугі.

У Ваўкавыскай інспекцыі адзначылі, што гэты від пачаў наступленне і на лясы, асабліва на маладыя пасадкі. Ёсць участкі, дзе нават не відаць высаджаных дрэўцаў. Зразумела, што ў такіх умовах цяжка весці з ім барацьбу — абкошваць ці апрацоўваць глебу, бо можна загубіць маладыя дрэвы. У лесе пад татальным жоўтым покрывам амаль нічога не расце — ні грыбы, ні ягады.

Як правіла, барацьба з інвазійнымі відамі вядзецца ў межах добраўпарадкавання тэрыторый. Але цяпер сітуацыя значна пагоршылася — і ў першую чаргу з-за распаўсюджвання сумніку. Праблема набывае, можна сказаць, дзяржаўны размах. Мясцовыя ўлады тэрмінова пачалі інвентарызацыю расліны. Маштабы яе распаўсюджвання сапраўды ўражваюць. Асабліва выклікаюць занепакоенасць выпадкі, калі шкодная расліна пачынае гаспадарыць у населеных пунктах альбо псуе наваколле старажытных пабудоў.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Шкодная квецень каля муроў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.