Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Што вырасце, тое вырасце?

У тыя часы служба ў войску была справай гонару. Прызвалі хлопца — значыць, здаровы, ганьбы няма. «Продкі» маглі ганарыцца!

Так атрымалася, што іх, сваіх родных, Міша не ведаў: бацька сабакам сена касіў, маці, можна сказаць, таксама. Хлопчык гадаваўся ў бабулі. Значыць, яна і выправы спраўляла: сабрала якую-ніякую радню, суседзяў. Людзі старэйшыя больш сядзелі за сталом, моладзь ішла на танцы. У нашых мясцінах яны часта тады канчаліся бойкамі.

Вось і той раз бліжэй да раніцы завязалася нейкая спрэчка. Участковы паспрабаваў было спыніць, але... Так выйшла — «падкруціўся» ён пад Мішаў кулак, можна сказаць, пудовы. А далей — загадчыца клуба выклікала міліцыю і хуткую дапамогу. Першая машына забрала прызыўніка, другая — пацярпелага. А ў выніку замест войска Мішу «замялі» ў калонію, здаецца, у Рэспубліцы Комі, і вярнуўся ён адтуль гадоў праз дзесяць (некалькі, праўда, папрацаваў, каб зарабіць «пад'ёмных», бо ні бацькоў, ні бабулі да таго часу ўжо не было)... Добра, што хата яшчэ засталася, і Міша, трохі ў ёй прыбраўшыся, мог распачаць новае жыццё — недзе сумнае, а недзе і трохі смешнае.

...Справа ў тым, што ў вёску ён вярнуўся вясной — людзі бульбу якраз садзілі. Міша хацеў таксама, і яму нават пашчасціла: суседка-дачніца выставіла на вуліцу пакунак з насенкай: бярыце, маўляў, каму трэба.

Міша ўзяў.

Назаўтра ж за пуняй у зацішку падняў лапік дзірвану і са словамі «што вырасце, тое вырасце» пасадзіў — роўна 60 клубняў.

Потым не ленаваўся іх даглядаць: матычыў пустазелле, акучваў.

А вось з «каларадамі» ўжо не змагаўся — патрэбы не было. Уся вёска стагнала, што населі жукі, што аж чырвана ад іх, што ядуць бульбоўнік. А Міша толькі пасмейваўся: на ягоных градках не было не тое што ніводнага крылатага, нават дохлай лічынкі!

Гэта гаспадара, вядома ж, цешыла, а што засмучала — бульба яго зусім не кусцілася: сцяблінкі танкаватымі дудкамі гнала ўверх.

Стаміўшыся думаць, чаму б гэта, Міша неяк спыніў паштальёнку.

— Можа, зайшлі б, — папрасіў жанчыну, — паглядзелі б на бульбу. Нейкая дзіўная... Новы сорт тут ці што?

Жанчына — ёй не ўпершыню — смела зайшла на падворак, глянула на градкі і як туды не скацілася:

— Ага, — рагатала, — сорт — навейшы за новы: зацвіце — ахнеш! Вось толькі есці не будзе чаго.

— Як гэта не будзе? — насцярожыўся Міша.

— А так: ты замест бульбы вяргінь насадзіў!

— ?!

— Жаніцца табе, хлопча, трэба, гаспадыню шукаць...

— З маёй біяграфіяй?

— З любой! А твая ж яшчэ толькі пачынаецца, праўда? — падбадзёрыла хлопца жанчына.

Так ці іначай, але Міша яе паслухаў: кветкі адразу ж скасіў — на ўсякі выпадак (не хапала, каб людзі да мянушкі «зэк» прыстаўку «кветкавод» прыляпілі), бульбай сваёю больш не хваліўся. А ўзімку ўжо еў чужую: жонка прывезла. У якасці пасагу.

А. Верамей, г. Магілёў


Схлусіў? І не раз? Дык хто табе паверыць?!

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

...Здарылася мне прысутнічаць на памінальным абедзе. Пахавалі старэйшыну роду бабу Люсю. Ёй за 90 было — доўгае жыццё. Родзічы па чарзе падымаліся з месцаў, нешта сваё ўспаміналі, плакалі... І, вядома ж, усміхаліся!

«Пра бабулю ўсе казалі праўду, — прызнаў нарэшце яе першы ўнук. — І гаспадыня яна — якіх пашукаць, і працаўніца, і добрая маці, а ўжо бабуля... Праўда, канфлікты з ёй у нас былі. І на роўным месцы — таксама.

Я вучыўся ў пятым класе, калі бабуля датэрмінова (даяркі мелі на гэта права) пайшла на пенсію. Але ж працавала яна ўсё роўна шмат: дзеці, сям'я, гаспадарка, грыбы-ягады, нарыхтоўкі...

Пасля ўрокаў я часцяком забягаў да яе: калі падсілкавацца, калі дапамагчы, а калі...

Не так часта, як мне хацелася б, але гэта было — бабуля даставала грошы і адпраўляла мяне ў краму. Я купляў там хлеб, алей, макарону, мыла, усё, што загадвала, усё, што трэба было, — ёй. Але ж шмат чаго хацелася мне самому: тых жа пернікаў, цукерак, ліманаду. Грошай на гэта ў мяне не было.

Дык я да чаго дадумаўся: спачатку нешта з прысмакаў купляў для сябе, потым — і «паштучнае» (накшталт трох булак хлеба, двух батонаў, бутэлькі алею...) — па «заяўцы» бабулі, а нарэшце прасіў прадавачку, каб узважыла тога ж цукру (яго ды розныя крупы завозілі тады мяхамі і прадавалі на вагу)...

Такім чынам, у бабуліну торбачку альбо крамны пакет можна было ўсыпаць ці два кілаграмы цукру ці... паўтара, напрыклад, а то і меней — у залежнасці ад таго, колькі заставалася грошай.

Карацей, і воўк быў сыты, і козы цэлыя. Гэта як мне здавалася. А таму апетыты мае раслі і раслі. Аж да таго, што бабуля ўсё часцей стала непакоіцца: маўляў, неяк хутка цукар «з'еўся», скончылася груца, хоць зусім жа нядаўна куплялі...

Урэшце, як і варта было чакаць, яна ўзяла бязмен, падчапіла на яго прынесены мною тавар і, вядома ж, пайшла ў краму «шукаць праўды», высвятляць, хто ж тут махлюе: прадавачка абвешвае любімага ўнука ці ўжо той...

Праўда была для яе нечакана, крыўда — вялікая і, можна сказаць, пажыццёвая, бо ў краму мяне больш ніколі не пасылалі...

Хоць патрэбы, вядома ж, былі, прычым самыя розныя. Неяк, напрыклад, бабуля папрасіла: «Нагледзь мне, Андрэйка, ножык — невялічкі, лёгенькі, складны... Ну, такі, каб з ім і ў грыбы добра збегаць» (яна ўжо цяжкавата хадзіла, але ж думала яшчэ, што бегае), і бульбачкі калі абабраць».

Ножык я знайшоў хутка, на рынку ў райцэнтры. Кажу бабулі: «Давай грошы — куплю». А яна ў адказ (відаць, успомніўшы мае «подзвігі»): «Не, унучак... Давай мы з табой удваіх з'ездзім і купім».

Назаўтра ж яна стала збірацца ў горад. Хораша прыбралася. І грошы — я сам гэта бачыў — паклала ў свой стары кашалёк, яго — у сваю чаргу — у такі ж дагістарычны рыдыкюль.

І вось мы ўжо на рынку. Ножык бабулі яўна падабаецца. «Колькі просіш?» — пытае ў гандляра. Той называе цану. Бабуля на яе адразу ж згаджаецца, апускае руку ў сумачку і...

Я бачу, як мяняецца яе твар, бо кашалька там... няма, знік: ці па дарозе згубіўся, ці хто выцягнуў. Але ж факт застаецца фактам: ні кашалька, ні грошай, ні ножыка!

Я, помню, казаў ёй: «Такой бяды. Будзе свята, мы купім табе такі ж, нават лепшы! У падарунак».

Яна, здаецца, верыла мне і ў той жа час... не верыла. Быццам прадчувала, што гэтая страта яшчэ не апошняя.

У той год яна хварэла, ляжала ў раённай бальніцы і кожны дзень збіралася дамоў. «Ты, унучак, прапалі ў печы, — папрасіла мяне, калі я праведваў, — працяплі маю хатачку».

(Тут трэба сказаць, што дочкі бабуліны — у тым ліку і мама — клікалі, бралі яе жыць да сябе, угаворвалі пераехаць — хоць на зіму. Бабуля адмаўлялася наадрэз, казала: «Я са сваёй хатачкі анікуды не паеду. У ёй і памру».)

Дык вось. Выканаў я тую просьбу: прапаліў у печы.

А бабуля потым успомніла, што перад ад'ездам у бальніцу за дровамі схавала ад злодзеяў... грошы.

Яны, вядома ж, згарэлі, я не быў у тым вінаваты, але...»

Згодзен, мала ў гэтай гісторыі смешнага. А вось сумнага ды павучальнага, мне здаецца, шмат. Ва ўсякім разе, калі б не тыя «крамныя» фокусы, адносіны ўнука з бабуляй былі б куды цяплейшыя. А так...

Праўду кажуць: схлусіў і не раз? Дык хто табе паверыць?

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе, гісторыі пошта прыносіць... Адзінае, дасылаючы іх, калі ласка, паведамляйце свае пашпартныя даныя і — на ўсякі выпадак — нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эмілія Капыток прайшла праз пекла шасці канцлагераў

Эмілія Капыток прайшла праз пекла шасці канцлагераў

«Аднойчы нас, вязняў, загналі ў таварныя вагоны чалавек па дзвесце, людзі там маглі толькі стаяць».

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».