Вы тут

Ці хапае ў Оршы працоўных месцаў?


І чаму на асобных прадпрыемствах бяда са спецыялістамі.

«Маладых нават месца ў інтэрнаце не трымае. 305 рублёў — ну што гэта, нармальны заробак для іх? Адпрацоўваюць два гады і з'язджаюць: хто — у Віцебск, хто — у Гомель», — прызнаюцца на адным з аршанскіх заводаў. Днямі ў Оршы прайшоў кірмаш вакансій. «Звязда» пабывала там, каб даведацца пра сітуацыю з работай у буйным прамысловым раёне, які апошні час знаходзіцца пад пільнай увагай усёй краіны.


Ад грузчыка да вядучага інжынера-энергетыка

На пачатак верасня ў раёне налічвалася 816 вакансій. Большасць з іх (77 працэнтаў) — па рабочых прафесіях.

Так, шмат работнікаў патрабуецца ў будтрэст № 18. Па дзесяць маляроў-тынкоўшчыкаў і муляраў, чатыры электраманцёры, тры страхары...

— Новых аб'ектаў хапае, узводзім цяпер жылыя дамы, таму патрэбны людзі. Бяром толькі са спецыяльнай адукацыяй, за выключэннем падсобных рабочых, — расказвае прадстаўніца прадпрыемства. — Заробак здзельна-прэміяльны, у асноўным 400—450 рублёў у нас атрымліваюць.

«Оршабудматэрыялы» шукае токара і фрэзероўшчыка (і той, і той на паўстаўкі за 250 рублёў у месяц), кіроўцу пагрузчыка (ад 500 рублёў) і падсобных рабочых. Камбінату хлебапрадуктаў патрабуюцца трактарысты-машыністы, кіроўца аўто, слесар-рамонтнік. Для тых, у каго няма кваліфікацыі, адкрыта вакансія грузчыка — з заробкам у 350 рублёў.

Прадпрыемства «Орша-Сэрвіс» аб'ядноўвае сетку крам і кавярняў. Гатовы ўзяць прыбіральшчыка і кухара ў школьную сталовую.

— Бяром і тых, хто быў на навучанні ад цэнтра занятасці, — тлумачыць кадравік па апошняй вакансіі. — Яны праходзяць практыку, потым ужо глядзім, ці пакінем. Вядома, кандыдат мусіць быць без шкодных звычак: побач жа дзеці.

Сюды ж неабходны прадавец чацвёртага разраду — пажадана жанчына, бо калектыў жаночы.

Інжынеры-энергетыкі патрэбны на спецаўтабазу. З вышэйшай тэхнічнай адукацыяй і вопытам працы па прафесіі. «Вядучага спецыяліста ўжо паўтара месяца шукаем», — заўважаюць на прадпрыемстве. Заробак на гэтай пасадзе — 575 рублёў.

Спецкамбінат, які аказвае рытуальныя паслугі, шукае прыбіральшчыка тэрыторыі. Работа, скажам так, спецыфічная, бо працаваць давядзецца на могілках, якіх на балансе прадпрыемства больш за 200.

У Аршанскай цэнтральнай паліклініцы патрэбу ў сярэднім медперсанале нядаўна закрылі: набралі маладых спецыялістаў. А вось дактароў па-ранейшаму не хапае. Калі казаць пра аплату, то «голы» аклад акушэра-гінеколага, напрыклад, складае 412 рублёў. Медсёстры з улікам усіх надбавак маюць каля 450 рублёў у месяц.

На кірмашы вакансій прысутнічаў і прадстаўнік Аршанскага інструментальнага завода — таго самага, чый стан нядаўна жорстка раскрытыкаваў Прэзідэнт.

— Вы ведаеце, што завод цяпер у стадыі мадэрнізацыі, ідзе рамонт, але вытворчасць не стаіць, — адзначаюць на прадпрыемстве. — Нам патрэбны гатовыя спецыялісты, трэці разрад і вышэй — шліфоўшчыкі, фрэзероўшчыкі, інжынер-тэхнолаг. Навучанне пакуль не праводзім, да новага года не будзе магчымасці.

Заробкі абяцаюць невялікія. Работнікі са стажам, кваліфікацыяй атрымліваюць па 500—600 рублёў, пачаткоўцы, вядома, значна менш. На прадпрыемстве прызнаюцца: са спецыялістамі бяда (з улікам умоў працы відавочна, чаму).

— Сёлета ў навучальныя ўстановы 22 заяўкі падалі — толькі 12 закрылі, і тое на сёння з іх засталіся чатыры чалавекі: астатнія будуць далей вучыцца.

«Гатовы рвануць у Маскву»

Па афіцыйнай статыстыцы, сярэдні заробак у раёне за ліпень склаў 795 рублёў. У сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках плацяць 743 рублі, у прамысловасці — 800, у будаўніцтве — 618, у аптовым і рознічным гандлі — 731, у сферы транспарту — 1217. У галіне адукацыі сярэдні заробак — 558 рублёў, ахове здароўя — 666, творчасці, спорту, забаў, адпачынку — 481.

Aле, па назіраннях гараджан, даходы куды больш сціплыя.

— Практычна ўсе мае знаёмыя атрымліваюць ад 400 да 500 рублёў, — дзеліцца Валянціна. Сама яна ў пошуках работы ўсяго тыдзень, дагэтуль працавала прыёмнай маці — за мінімалку.

— Дзіця было вельмі складанае, — успамінае жанчына. — Другога ўзяць ужо не змагу. Адбылося прафесійнае выгаранне.

Па адукацыі Валянціна настаўнік пачатковых класаў. Але па спецыяльнасці працавала даўно, таму трэба перавучвацца. «А мне 50 гадоў, ужо мазгі не тыя і праграма змянілася цалкам».

Жанчына думала ўладкавацца выхавальніцай у групу прадоўжанага дня — там не аказалася месцаў. У цэнтры занятасці прапаноўвалі перавучыцца на кухара, але гэта не яе — Валянціне было б больш па душы мець справу з раслінамі ці жывёламі.

Яшчэ адна мясцовая жыхарка, інжынер-тэхнолаг харчовай вытворчасці з вопытам, 15 месяцаў не можа знайсці працу. Кажа, у асноўным трапляюцца «мужчынскія» вакансіі — інжынер па метале, інжынер-электрык. Яе сітуацыю ўскладняе яшчэ і нядаўна атрыманая група інваліднасці.

— А заробкі абяцаюць мізэрныя! — абураецца Алена. — Максімум 500 рублёў — гэта пры высокай кваліфікацыі і вялікім стажы. А на некаторых прадпрыемствах і яшчэ менш, 300 рублёў — нават няма сэнсу хадзіць на такую работу.

Праўда, дадае яна, ёсць у раёне арганізацыі, дзе добра плацяць. Напрыклад, «Белтэлекам», «Легмаш», чыгунка. Але шмат моладзі ўсё роўна з'язджае на заробкі — у краіны Прыбалтыкі, Польшчу.

На першым паверсе адзін з мужчын вывучаў стэнд з вакансіямі. Цікавіўся прапановамі для тынкоўшчыкаў.

— Хоць бы 500 рублёў прапаноўвалі! Мне ж многа не трэба, дзеці ўжо дарослыя, сябе толькі забяспечыць.

Цяпер мужчына падпрацоўвае ў прыватніка, але, калі што, гатовы «рвануць у Маскву».

Падабраць вакансіі ўсім

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аршанскага райвыканкама Наталлі ДРАЗДОВАЙ, сітуацыя на рынку сёлета палепшылася. Усяго за студзень-жнівень па садзейнічанне ў пошуку работы да спецыялістаў звярнуліся 4128 чалавек (з іх 1776 былі зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных). Амаль 70 працэнтам змаглі падабраць вакансіі. На перанавучанне адправілі 6,8 % грамадзян — кожнага чацвёртага з іх
рыхтавалі пад заказ наймальніка. Яшчэ 22 жыхарам раёна выдалі субсідыю на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, 7 — на адкрыццё рамесніцкай справы.

На пачатак верасня на ўліку ў якасці незанятых стаяла 403 чалавекі — гэта амаль на палову менш, чым было год таму. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя складае 0,6 працэнта. Ледзь не кожны другі, хто афіцыйна не мае работы, скончыў толькі школу. З вышэйшай адукацыяй — дзясятая частка беспрацоўных.

У Оршы знаходзяцца дзве папраўчыя калоніі. Але ў цэнтры занятасці тлумачаць, што ім не так часта даводзіцца мець справу з былымі асуджанымі: пасля вызвалення тыя з'язджаюць па месцы прапіскі. Так, з пачатку года ў раёне было працаўладкавана 14 чалавек, якія выйшлі з папраўчых устаноў. Вакансіі розныя: забойшчык жывёлы, трактарыст-машыніст, швачка, падсобны рабочы.

— У асноўным гэта некваліфікаваная праца. Нават калі ў былых асуджаных ёсць спецыяльныя адукацыя, то стаж невялікі, — каментуюць ва ўпраўленні. — І, вядома, у гэтай катэгорыі часта няма жадання працаваць. Рэгіструюцца ў нас, каб атрымаць матэрыяльную дапамогу, а не садзейнічанне ў пошуку работы.

Служба занятасці стараецца наладзіць кантакт беспрацоўных з аддзеламі кадраў прадпрыемстваў. Нават калі там цяпер няма вакансій, магчыма, у будучыні з'явяцца прапановы.

...Падчас нядаўняга візіту сюды кіраўніка краіны губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў адзначыў, што акцэнт у развіцці будзе рабіцца на тыя раёны, якія валодаюць асноўнай працоўнай сілай. Сярод іх — і Аршанскі. Гэта актуальнае пытанне не толькі для занятасці, але і для напаўняльнасці бюджэту. Сёння датацыі Аршаншчыны раўняюцца суме датацый дзесяці раёнаў.

Тады ж губернатар паведамляў, што ў вобласці падрыхтавана спецыяльная праграма, якая мае на ўвазе рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у кожным раёне на агульную суму каля 6,5 мільярда рублёў. Па падліках, гэта дапаможа працаўладкаваць прыкладна палову незанятых у эканоміцы грамадзян. Прадугледжваецца стварэнне новых прадпрыемстваў, развіццё сферы турызму, лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, будаўніцтва транспартна-лагістычных цэнтраў. Абяцаюць таксама стварыць дадатковыя прывабныя ўмовы для моладзі, каб тая не імкнулася з'язджаць з малых населеных пунктаў і райцэнтраў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, г. Орша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».