Вы тут

Традыцыйныя СМІ прымаюць лічбавы выклік


На наступным тыдні Мінск і сталічны рэгіён прымуць Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні: лічбавая павестка для медыяпрасторы». Прафесійны кангрэс, які праводзіцца ў нашай краіне з 2006 года, сёлета пройдзе з 11 па 14 верасня і збярэ больш як 300 кіраўнікоў СМІ, палітолагаў і сацыёлагаў, медыяэкспертаў як з Беларусі, так і з некалькіх дзясяткаў краін СНД, блізкага і далёкага замежжа — напрыклад, упершыню на форуме будуць прадстаўленыя Манголія, В'етнам і Бангладэш.


«Асноўнай тэмай форуму стане лічбавізацыя медыяпрасторы і ўкараненне новых тэхналогій медыяменеджменту, якое мы назіраем фактычна штодзённа, прыход у журналістыку новых фарматаў, методык і падыходаў. Акрамя таго, на парадку дня — абмеркаванне тэмы захавання традыцыйных СМІ ва ўмовах каласальнага ціску з боку сацыяльных сетак і медыя, — адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел ЛЁГКІ. — Мы хацелі б дасягнуць большай практыка-арыентаванасці, каб форум стаў пляцоўкай для абмену вопытам, якая дазваляе журналістам (і асабліва гэта датычыцца журналістаў рэгіянальных СМІ) атрымаць новыя, сучасныя веды ў прафесійнай сферы».

Асноўнымі мерапрыемствамі форуму стануць пленарнае пасяджэнне і работа чатырох тэматычных секцый: «Інтэрнэт-рэсурсы як эфектыўны інструмент фарміравання грамадскай думкі», круглы стол «Саюзная дзяржава ў эпоху новых медыя: стратэгія пазіцыянавання», «Тэлебачанне і новыя сеціўныя тэхналогіі: выклікі або новыя магчымасці», «Лічбавізацыя медыяпрасторы: новае аблічча традыцыйных СМІ», у межах якіх адбудуцца прафесійныя дыскусіі і абмен практычным вопытам.

Дыскусіі абяцаюць быць гарачымі, заўважыў саветнік аналітычнага аддзела інфармацыйна-аналітычнага дэпартамента Выканкама СНД Ігар ЗЕЛЯНКЕВІЧ, бо праблемы, якія спарадзіла развіццё лічбавай медыяпрасторы, надзвычай актуальныя і вострыя: гэта і распаўсюджанне фэйкавых навін, і размяшчэнне ў сеціўных медыя зневажальных каментарыяў, якія могуць закранаць інтарэсы як пэўнай сацыяльнай групы, так і агульнадзяржаўныя, і засмечванне інфармацыйнай прасторы запазычанымі словамі, а значыць, збядненне ўласнай мовы... «Ні ў якім выпадку не заклікаю да вяртання цэнзуры, але, на мой погляд, наспеў час для распрацоўкі пэўнай журналісцкай канвенцыі, якая вырашала б гэтыя праблемы і ставіла інфармацыйную заслону няпраўдзе», — дадаў Ігар Зелянкевіч.

Яшчэ адзін з важных пунктаў праграмы — Летняя школа журналістыкі, у якой па традыцыі праводзяць майстар-класы і тэматычныя лекцыі «гуру» беларускіх і замежных СМІ.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?