18 Верасень, аўторак

Вы тут

Як у Оршы з'явіўся новы клуб «Лакаматыў»


Сёлетні год у беларускім хакеі стаў багатым на рэформы, пад кіраўніцтвам у нядаўнім мінулым старшыні федэрацыі Сямёна Шапіры быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на развіццё айчыннага хакея. Цяперашні кіраўнік федэрацыі Генадзь Савілаў гэтыя рэформы падтрымаў. Акрамя таго, па ўказанні Прэзідэнта краіны ў Беларусі створаны яшчэ чатыры хакейныя клубы — у Баранавічах, Оршы, Пінску і Бабруйску. У адзін з іх мы завіталі напярэдадні старту чэмпіянату краіны, каб даведацца, ці лёгка пабудаваць хакейны клуб з нуля і зацікавіць людзей спортам у невялікім правінцыйным горадзе.


Мы прыехалі ў Оршу, калі да старту чэмпіянату заставалася два тыдні, хакейная арэна, якая была пабудавана яшчэ ў 2013 годзе, цяпер, здаецца, здабыла новае жыццё, бо зараз у горадзе з'явіўся ўласны хакейны клуб. Раней (з 2016 года) тут гуляла каманда «Арарат» з Ерэвана, якая выступала ў найвышэйшай лізе, цяпер на лёдзе трэніруецца «Лакаматыў». Пад кіраўніцтвам у мінулым вядомага хакеіста, а цяпер трэнера Андрэя Расолькі хлопцы рыхтуюцца да старту сезона.

Сабраць каманду з нуля няпроста

Займацца фарміраваннем складу трэнерскі штаб Андрэя Яўгенавіча пачаў яшчэ ў красавіку. Па першапачатковай ідэі новыя клубы павінны былі з'явіцца на базе фарм-клубаў ужо існуючых камандаў, так гульцы «Юніёра» павінны былі скласці аснову «Лакаматыва», фарм-клуб «Шахцёра» — аснову новай каманды ў Пінску, другая каманда «Гомеля» стаць падмуркам клуба ў Бабруйску, а БФСТ «Дынама» — асновай дружыны ў Баранавічах. Дабраць астатніх гульцоў было задачай трэнераў і кіраўніцтва.

Наогул ідэя стварыць новыя клубы ў краіне мне падабаецца. Гэта вялікі плюс для тых хлопцаў, якія гулялі ў найвышэйшай лізе, таму што ўзровень паміж лігамі розны. Яны хутчэй будуць адаптавацца да дарослага хакея, таму што тут ёсць магчымасць развівацца, гуляць, — адзначае Андрэй Расолька. — Мы правялі прагляды, гульцы прыязджалі, кагосьці мы пакідалі, іншых адпраўлялі дадому. Зараз касцяк каманды — гэта гульцы «Юніёра», іх у нас чалавек восем, астатнія хакеісты з іншых беларускіх клубаў, ёсць легіянеры».

Сярэдні ўзрост «Лакаматыва» сёння 22—23 гады, самаму даросламу гульцу 32. «Лічу, гэта маладая каманда, вопыт прыходзіць толькі да 30, калі гулец ужо пабыў у розных клубах. У нас пакуль такіх хлопцаў мала», — адзначае настаўнік.

Андрэй Расолька кажа, што самая вялікая складанасць пры стварэнні клуба заключалася ў тым, каб прывезці ў Оршу хакеістаў. Зразумела, што ўсе гульцы будуць іншагароднія, а значыць, ім трэба даць жыллё. Адразу ўзнікаюць фінансавыя пытанні, хлопцы цікавяцца, як будзе арганізавана харчаванне, ці не ўзнікне праблем з формай. «Не буду хаваць, я атрымліваў адмовы. Тых гульцоў, якіх запрашаў, хацелі бачыць у сваім складзе і іншыя клубы, і я так разумею, хлопцы проста выбіралі лепшыя ўмовы», — дзеліцца трэнер. Яшчэ адзін адмоўны момант: у Оршы пакуль няма уласнай дзіцячай школы, мясцовых маладых хакеістаў, гэта значыць, падмацавання для дарослай каманды. «Узяць «Юнацтва» або «Шахцёр» — у іх школы працуюць і ёсць адкуль узяць гульцоў. У Оршы пакуль толькі пяць груп, дзяцей, якія займаюцца хакеем, і то гэта вельмі маладыя хлопцы, самы старэйшы ўзрост, па-мойму, гадоў 13. Гэта значыць, нават пад фарм-клуб яны не падыходзяць», — адзначае настаўнік. Дарэчы, другую каманду «Лакаматыва» плануецца стварыць ужо праз чатыры гады.

«Выстраліць» у першы год немагчыма

У цяперашнім сезоне «Лакаматыў» будзе выступаць у дывізіёне В беларускай экстралігі. Нагадаем, рашэнне падзяліць лігу на два дывізіёны было прынята ў гэтым годзе. У канцы сезона ў экстралізе пройдзе пераходны турнір, у ім сустрэнуцца дзве найгоршыя каманды дывізіёна А па выніках рэгулярнага чэмпіянату і дзве найлепшыя каманды дывізіёна В. Пераможцы пяройдуць у дывізіён, дзе сабраны больш моцныя каманды. «Думаю, і ў дывізіёне В, у якім мы будзем выступаць, нас чакае добры чэмпіянат, прыкладна роўныя каманды. Магчыма, за кошт вопыту «Хімік» і «Брэст» будуць мець перавагу, але і з імі пазмагаемся», — расказвае галоўны трэнер «Лакаматыва».

Усе разумеюць, што стварыць каманду і «выстраліць» у першы ж год даволі складана, але задачы перад аршакамі ставяцца высокія. На думку Андрэя Расолькі, для стварэння баяздольнай дружыны трэба гады два, але і ў гэтым сезоне гульцы «Лакаматыва» будуць старацца выглядаць годна. «Калі не атрымаецца, не думаю, што трэба апускаць рукі, усё роўна будзем рухацца далей. Цяпер нам можа не хапіць сыгранасці, вопыту, майстэрства, гэта важна, але не так проста», — падкрэслівае Расолька.

Цікавасць з боку мясцовых ёсць

Пераязджаючы працаваць у Оршу, цяперашні галоўны трэнер ужо крыху быў знаёмы з мясцовымі ўмовамі, наведваў лядовы палац па пытаннях клуба «Юнацтва», у якім працаваў раней. «Заўсёды здзіўляла, як на такой арэне з умяшчальнасцю 3,5 тысячы не было каманды. Тлумачылі, што яна пабудавана пад дзіцячую школу, — расказвае Андрэй Яўгенавіч і адзначае вялікую цікавасць да хакея з боку аршакоў: — Калі прыязджаў сюды са сваім «Юніёрам» гуляць супраць «Арарата», здзіўляўся: выступаюць не мясцовыя хакеісты, а людзі ходзяць на хакей, збіралася па 500—600 гледачоў. На Кубку Салея на матчы ў нас было каля 1300 чалавек, вельмі спадабалася падтрымка балельшчыкаў. У Оршы людзі любяць хакей, я тут Мішку Грабоўскага ім прывёз, яны яго гадзіны дзве не адпускалі. Футбольная каманда ў горадзе ёсць, але яна неяк слаба гуляе, лядовы палац ёсць, а вялікага хакея не было, людзям няма чаго рабіць».

Нагадаем, да таго, як Андрэй Расолька ўзначаліў аршанскі клуб, ён доўгі час працаваў у структуры мінскага «Юнацтва», год узначальваў хакейны клуб «Віцебск», а падчас сваёй гульнявой кар'еры правёў за зборную Беларусі 73 матчы, выступаў за мінскае «Дынама», «Юнацтва», расійскія «Авангард», «Поўначсталь», «Металург», «Нафтахімік». Зараз галоўны трэнер адзначае, што для яго самога праца ў «Лакаматыве» — гэта новы выклік і пэўны вопыт. «Усё ж такі раней я працаваў у камандзе, якая ставіла толькі максімальныя задачы. Тут, калі ўсё больш-менш складзецца, пойдзе, як я планую, то праз пару гадоў з'явіцца «Лакаматыў», з якім будуць лічыцца ўсе. Гэта, вядома, залежыць не толькі ад нас, але і ад розных фактараў увогуле: і ад фінансаў, і ад спонсараў, і ад таго, ці захочуць хакеісты заставацца ў Оршы. У бытавым плане я не пераборлівы, клуб не аплачвае мне бензін, таму ездзіць па маршруце Орша — Мінск часта не планую. Мы ўсе будзем жыць тут».

Цікава, што трэнер ведае пра тое, што Оршу прынята лічыць не асабліва спакойным горадам, але яго гэта не палохае. «Хай міліцыя гэтым займаецца. Я гуляў у такіх гарадах у Расіі, як Омск, Чарапавец, такую школу прайшоў... Да таго ж гэта былі 90-я, людзі хадзілі на гульні з залатымі ланцугамі, але любілі хакей».

Дарэчы, у трэнерскі штаб Андрэя Расолькі таксама ўвайшлі ў мінулым вядомыя хакеісты Аляксей Гіро і Іван Усенка. Працягваецца пошук трэнера для варатароў. Андрэй Яўгенавіч намякнуў, што, магчыма, хутка мы пачуем аб гучным імені ў «Лакаматыве».

* * *

Тры асноўныя змены ў беларускім хакеі ў гэтым годзе датычацца ўзросту, заробкаў і падзелу экстралігі. Размаўляючы з аўтарытэтным спецыялістам, мы не змаглі не спытаць у Андрэя Расолькі пра яго меркаванне наконт гэтых рэформаў.

— Я лічу, калі моладзь хоча развівацца, то ўводзіць нейкія ўзроставыя ліміты бескарысна. Яны, наадварот, расслабляюць гульцоў, хакеісты разумеюць, што такім чынам па-любому трапяць у склад. Калі гулец адпавядае ўзроўню, любы трэнер і так дасць яму гуляць. Зараз шукаю ўзроставых хакеістаў, каб яны паказалі маладым, як гуляць, трэніравацца, а іх проста няма. Калі б у нас іх быў перабор, тады, калі ласка, ліміты б працавалі, але на дадзены момант у нас іх недабор. Першапачаткова быў 71 узроставы гулец, як аказалася, большасць з іх — легіянеры, яны ўзялі чамаданы і з'ехалі. Увогуле, па-мойму, іх засталося 45, калі падзяліць на ўсе клубы, то гэта ўсяго па тры гульцы, а лімітам прадугледжана сем.

Што датычыцца рэформаў у фінансавым плане, клубы атрымалі ліміты на заробкі, але многія і да мінімальных грошай не дацягваюць. А вось падзел экстралігі я вітаю, усё ж такі тыя лічбы на табло, з якімі заканчваліся матчы ў нас у апошнія гады, не ўпрыгожваюць беларускі хакей.

У канчатковым выніку трэба глядзець, як працуюць уведзеныя рэформы, якую карысць яны прыносяць, і потым рабіць правільныя высновы. Я думаю, праз год ужо можна будзе зразумець, правільна мы паступілі ці не.

г. Орша

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Лядовы палац быў, а вялікага хакея — не

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.