Вы тут

Чаму неспакойна ў Аргенціне?


Напрыканцы жніўня Цэнтрабанк Аргенціны павысіў ключавую сямідзённую стаўку Lelіq да рэкордных 60 працэнтаў. Як вынікае з даных Банка міжнародных разлікаў — Bank for Іnternatіonal Settlements (BІS), — гэта самы высокі паказчык у свеце. У заяве аргенцінскага фінансавага рэгулятара адзначаецца, што такое насамрэч беспрэцэдэнтнае рашэнне было прынята ў адказ на рэзкае абясцэньванне нацыянальнай валюты, якая з пачатку гэтага года згубіла 54 працэнты свайго кошту. За адзін долар ЗША напрыканцы мінулага тыдня давалі 42 песа. Куды «выруліць» крызіс у лацінаамерыканскай краіне і ці здолее яна пазбегнуць дэфолту?


Прэзідэнт Аргенціны Маўрысіа Макра  і экс-прэзідэнт Крысціна Кіршнер.

Ад дэпрэсіі да цуду

Аргенціна разам з Бразіліяй мае рэнамэ рэгіянальнага цэнтра сілы, з'яўляецца ўдзельніцай «Вялікай дваццаткі» і адной з самых багатых і паспяховых краін Лацінскай Амерыкі. У той жа час за ўсю двухвекавую гісторыю з моманту здабыцця незалежнасці ад іспанскай кароны гэтая дзяржава восем разоў перажывала дэфолт. За 15 гадоў «вялікай дэпрэсіі» (1975—1990 гг.) рост цэн падвойваўся кожныя чатыры месяцы. Да 1989-га ўзровень інфляцыі дасягнуў 1000 працэнтаў.

На працягу 1990-х экс-прэзідэнты Карлас Менем, а пасля Фернанда дэ ла Руа правялі неаліберальныя рэформы, садзейнічалі прытоку замежных інвестыцый і набралі значны аб'ём замежных крэдытаў. Часам гады кіравання Менема называюць аргенцінскім «эканамічным цудам». Ён прывязаў курс песа да долара і вызваліў замежных інвестараў ад падаткаў, прыватызаваў значную частку дзяржаўнай уласнасці. У здзелках на тэрыторыі Аргенціны выкарыстоўваліся як долар, так і песа. Казна недаатрымлівала прыбытак ад дзейнасці замежных інвестараў, і ў 1999-м пачаў зніжацца ўзровень ВУП, урад не здолеў ліквідаваць даўгі. Аднак Міжнародны валютны фонд адмовіўся аказаць дадатковую фінансавую дапамогу аргенцінскаму ўраду з-за неспрыяльнай сітуацыі ў краіне. У канцы 2001 года ў Аргенціне адбыўся дэфолт. Буэнас-Айрэс ахапілі беспарадкі і марадзёрства, а пасля таго як улады спынілі прывязку курса песа да долара, абясцэніліся зберажэнні насельніцтва ў нацыянальнай валюце.

Сітуацыю ў краіне здолеў стабілізаваць прэзідэнт Нестар Кіршнер (палітык левацэнтрысцкага кшталту), які ўзмацніў дзяржаўны кантроль над эканомікай, заахвочваў нацыянальных вытворцаў. У гады яго кіравання (2003—2007 гг.) павялічыліся аб'ёмы экспарту Аргенціны, а ўрад здолеў пагасіць даўгі, у тым ліку перад МВФ. Ён павялічыў дзяржаўныя выдаткі на сацыяльныя патрэбы і ставіў задачай пабудову сацыяльнага грамадства ў духу ідэй колішняга легендарнага прэзідэнта Хуана Перона. Аднак пасля смерці Нестара Кіршнера і прыходу да ўлады яго жонкі Крысціны эканамічная сітуацыя ў Аргенціне пачала пагаршацца.

На тыя ж граблі

Сеньёра Кіршнер за гады свайго прэзідэнцтва павялічыла дзяржаўныя выдаткі, нацыяналізавала шэраг ключавых аб'ектаў гаспадарчай дзейнасці. Дзяржаўны бюджэт пачаў расходавацца на розныя субсідыі, у тым ліку на прадметы штодзённага карыстання, напрыклад прыстасаванні для трансляцыі футбольных матчаў. Пры ёй павялічвалася выкарыстанне долара ў разліках на «чорным рынку», што ўплывала на скажэнне цэн. Такая палітыка працягвалася нават ва ўмовах замаруджвання эканамічнага росту. Пасля 2012-га ўзніклі цяжкасці, шмат у чым абумоўленыя тым, што Кітай пачаў закупляць менш аргенцінскай прадукцыі, уключаючы сою.

Маўрысіа Макра і яго ліберальна-кансерватыўная партыя «Рэспубліканскае рашэнне» ў складзе кааліцыі «Давайце зменім» прыйшлі да ўлады ў 2015-м на фоне грамадскай незадаволенасці палітыкай Кіршнер. Макра абяцаў зрабіць Аргенціну адкрытай эканомікай, каб цэны рэгулявалі попыт і прапанову на рынку, а не дзяржава. Аднак наступіў на граблі сваіх папярэднікаў-пераністаў. Пры ім зноў узмацнілася залежнасць краіны ад замежных інвестыцый і крэдытаў, у асноўным у доларах.

Плюс — на мінус

Шэраг аналітыкаў аднадушныя: Аргенціна — на мяжы фінансавага краху. Краіна перажывае рэцэсію ў эканоміцы, а інфляцыя блізкая да 30 працэнтаў. Па яе памерах толькі Венесуэла апярэджвае Аргенціну сярод дзяржаў Лацінскай Амерыкі. З-за інфляцыі растуць цэны на тавары і паслугі, якія павялічыліся на чвэрць у параўнанні з мінулым годам. Так, толькі сёлета за першыя чатыры месяцы кошт бензіну «дабавіў» 10 працэнтаў. З мінулага года ўзровень беспрацоўя ў Аргенціне вырас з 7,2 да 9,1 працэнта.

Краіна занадта шмат марнуе грошай і бярэ ў доўг. Дэфіцыт бюджэту складае 4 працэнты ад ВУП (звыш 728 млрд долараў). У чэрвені эканамічны рост запаволіўся на 6,7 працэнта. Між тым па выніках мінулага года сітуацыя складвалася больш аптымістычна. Летась ВУП павялічыўся на 2,9 працэнта. А на мінулым тыдні Міністэрства фінансаў Аргенціны перагледзела прагноз наконт валавога ўнутранага прадукту на бягучы год: цяпер чакаецца зніжэнне ВУП на адзін працэнт замест раней меркаванага яго росту на тры працэнты.

На гэтым фоне інвестары пачалі сумнявацца ў здольнасці ўрада пакрыць дзяржвыдаткі да канца наступнага года. Гульцы асцерагаюцца, што Аргенціна сутыкнецца з дэфолтам па сваіх абавязацельствах, патлумачыла анлайн-выданню gazeta.ru эксперт па міжнародных рынках «БКС брокер» Аксана Халадзенка.

Сітуацыя ў краіне склалася настолькі цяжкая, што прэзідэнт Аргенціны Маўрысіа Макра вымушаны быў звярнуцца з тэлезваротам, каб супакоіць расхваляваных інвестараў. Ён абвясціў аб пагадненні з Міжнародным валютным фондам (МВФ) паскорыць выплату ўсіх неабходных сродкаў для выканання фінансавай праграмы да снежня 2019 года. МВФ заявіў аб выдзяленні Аргенціне 50 мільярдаў долараў у чэрвені ў рамках крэдытнай лініі па праграме stand-by (SBA). Дапамога разлічана на тры гады.

У чэрвені Аргенціна атрымала першыя $15 млрд. Палова гэтай сумы была накіравана на падтрымку бюджэту. У верасні Буэнас-Айрэс павінен быў атрымаць другі транш — на $3 млрд. Як патлумачыў Макра, прадастаўленне сродкаў МВФ не будзе залежаць ад календара або ад выканання фінансавых мэтаў.

«Лепш замарозіць шклянку з доларамі»

Між тым на фоне чарговага пагаршэння сітуацыі па ўсёй Аргенціне прайшлі акцыі пратэсту. На вуліцах Буэнас-Айрэса маніфестанты выступалі супраць праграмы скарачэння бюджэтных выдаткаў. Так, у цэнтры сталіцы дзясяткі тысяч людзей арганізавалі шэсце пад лозунгамі ў абарону ўніверсітэтаў. Маніфестанты выказалі незадаволенасць з-за планаў урада абмежаваць дзяржаўны ўдзел у фінансаванні ВНУ. Таксама людзі асцерагаюцца паўтарэння дэфолту ў краіне і патрабуюць змяніць эканамічную палітыку. У мясцовых газетах друкуюць жарты пра крызіс і абменны курс. «Так мы пераступілі мяжу смерці» (паказваючы фатаграфію з абменным курсам), «Лепш замарозіць шклянку з доларамі ў халадзільніку», «Не чапай яго, ён ужо мёртвы» (ілюструючы жарт малюнкамі бітвы песа і долара) — так рэагуюць аргенцінцы на абвал мясцовай валюты.

Улічваючы, наколькі складаная цяпер сітуацыя ў эканоміцы Аргенціны, невядома, ці дапаможа крэдыт МВФ калі не выйсці з крызісу, то хаця б спыніць імклівае падзенне, адзначыў gazeta.ru аналітык інвестгрупы «Фінам» Аляксей Коранеў. «Калі аргенцінскі ўрад будзе дзейнічаць хутка і прафесійна, то ёсць шанцы, што хуткасць дэвальвацыі аргенцінскага песа знізіцца ці нават прыпыніцца. Хоць, хутчэй за ўсё, нават пры спрыяльным развіцці падзей нацыянальная валюта можа абясцэніцца яшчэ на 20—30 працэнтаў. У выпадку ж, калі выдзеленыя сродкі МВФ будуць выдаткаваныя неэфектыўна, краіну чакаюць сапраўды сур'ёзныя эканамічныя ўзрушэнні», — кажа эксперт. Па словах Коранева, эфектыўнасць павышэння ключавой стаўкі ў якасці барацьбы з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты — мера вельмі сумніўная. «Наўрад ці яна можа аказаць істотную падтрымку песа, але створыць у эканоміцы краіны дадатковае напружанне, якое ў канчатковым выніку можа толькі пагоршыць сітуацыю», — кажа эксперт.

«Дрэнны» падатак

Аргенцінскае песа падае не толькі з-за праблем эканомікі, якія самі па сабе дастаткова сур'ёзныя, але і з-за таго, што ЗША ўзялі курс на прыцягненне капіталу і ўмацаванне долара, тлумачыць аналітык кампаніі «Алор» Аляксей Антонаў. Пры гэтым унутраны крызіс у Аргенціне пачаўся ў 2000-х гадах і з тых часоў працягвае тлець не спыняючыся, тлумачыць эксперт. «Адна з ключавых прычын крызісу — залежнасць эканомікі ад экспарту сыравіны і прыняцце ўрадам папулісцкіх мер. Спрабуючы ў такіх умовах патушыць крызіс валютнымі інтэрвенцыямі, чыноўнікі ў выніку проста патрацілі рэзервы», — адзначыў Аляксей Антонаў. Каб выбрацца з крызісу, Аргенціне трэба рашыцца на жорсткія рэформы, у прыватнасці банкаўскай і судовай сістэм.

На гэтым тыдні стала вядома, што краіна ўвядзе дадатковы падатак для экспарцёраў, каб налета закрыць дэфіцыт бюджэту, — на год раней, чым планавалася, заявіў аргенцінскі прэзідэнт па мясцовым тэлебачанні. Улады краіны «папросяць экспарцёраў», якія выйгралі ад рэзкага паслаблення аргенцінскага песа, павялічыць уклад у бюджэт. «Каб пакрыць дэфіцыт на працягу гэтага пераходнага перыяду, мы звяртаемся да тых з экспарцёраў, хто мае найбольшыя магчымасці», — заявіў Макра, перадае Reuters. Ён прызнаў, што падаткі на экспарт «дрэнныя», таму ўводзяцца толькі з-за крайняй неабходнасці. Акрамя таго, прэзідэнт краіны заявіў аб скарачэнні кабінета міністраў амаль напалову ў мэтах эканоміі бюджэту. «Гэта не «чарговы» крызіс. Ён павінен стаць апошнім», — заявіў Макра. Ва ўрадзе запэўніваюць, што зараз пагрозы дэфолту няма. Прэм'ер краіны Маркас Пенья нават заявіў, што «ўсё ідзе па плане», а эканоміка проста перажывае трансфармацыю. Час пакажа.

Тым часам

На днях экс-прэзідэнта Аргенціны Крысціну Кіршнер другі раз за месяц дапыталі па справе аб карупцыі ва ўрадзе ў перыяд, калі краінай кіравалі спачатку яе муж Нестар, а пасля і яна сама. Сведка з боку абвінавачання — кіроўца намесніка міністра планавання, які ў пачатку жніўня падаў следству свае запісныя кніжкі. У іх мужчына 12 гадоў адзначаў адрасы, па якіх адвозіў хабар, атрыманы ад будаўнічых і энергетычных кампаній. Яго сума, па звестках пракуратуры, перавышае $160 млн.

Паводле інфармацыі вядучага справу суддзі Клаўдыа Банадзіа, экс-прэзідэнт Крысціна Кіршнер разам з мужам стварыла «злачынную арганізацыю, якая складаецца з дзяржслужачых», члены якой бралі хабар у прадпрымальнікаў у абмен на дзяржкантракты. Акрамя гэтага, за апошнія тры гады пракуратура вінаваціла экс-прэзідэнта ў перашкодзе расследавання тэракта ў Буэнас-Айрэсе 1994 года, здрадзе радзіме, махінацыях і маніпуляванні Цэнтрабанкам, растраце бюджэтных грошай. Палітык адмаўляе віну па ўсіх пунктах і заяўляе, што яе пераследуюць па палітычных матывах.

Чарада скандалаў не перашкодзіла Крысціне Кіршнер прайсці ў Сенат у 2017 годзе, не перашкодзіць і налета зноў стаць прэзідэнтам, лічаць прыхільнікі экс-прэзідэнта. У ліпені стала вядома, што яна плануе ісці на выбары. Аргенцінскі палітолаг Маркас Навара растлумачыў «Коммерсанту»: нягледзячы на звязаныя з экс-прэзідэнтам крымінальныя справы, іншыя кандыдаты ад яе партыі здаюцца «малапрывабнымі». Больш за тое, да чарговай серыі допытаў яе падтрымлівала не менш аргенцінцаў, чым дзеючага прэзідэнта Маўрысіа Макра. У пачатку чэрвеня агенцтва Synopsіs апублікавала вынікі апытання, згодна з якім у першым туры Крысціна Кіршнер абышла б любога саперніка.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Трывожнае танга

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.