Вы тут

Волаты будуць жыць


У Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі з’явілася ўнікальная распрацоўка, якая дазволіць краіне заняць і ўтрымліваць першае месца ў свеце па агульнай колькасці зуброў

Беларусь займае першы радок сусветнага рэйтынгу па колькасці зуброў, якія жывуць на волі. Сёння ў нашай краіне — 1817 гэтых рэдкіх дзікіх жывёл, усяго на 46 асобін менш, чым у Польшчы, якая лідзіруе па агульнай колькасці зуброў. Навукоўцы ўпэўненыя: гэтую розніцу мы пераадолеем праз год-паўтара. Такому прарыву паспрыяе распрацоўка сусветнага ўзроўню — комплекс тэхналогій па стварэнні мікрапапуляцыі зубра Акадэміі навук.


Эпоха адраджэння

Адкуль такія грандыёзныя планы ды якія шанцы на поспех, мы даведаліся ў «Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах». Павел Велігураў, навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі, распавядае, з чаго пачыналася гісторыя з зубрамі:

— Еўрапейскія зубры — адны з найбольш старажытных жывёл сучаснай фаўны. У сярэднія вякі яны засялялі большую частку Еўропы. Аднак адцясніліся чалавекам ды ледзь не зніклі з твару зямлі. На пачатку XX стагоддзя налічвалася ўсяго 56 асобін, якія былі кроўнымі нашчадкамі сямі зуброў. Магчымае знікненне самага буйнога еўрапейскага наземнага сысуна стала хваляваць вучоных. Але жывёл удалося выратаваць. Асноўныя работы пачаліся пасля Другой сусветнай вайны. Першабытныя лясы Белавежскай пушчы былі ці ледзь не апошнім месцам пражывання зуброў, дзе яны былі пад асаблівай аховай. Пасля падзелу тэрыторыі пушчы ўсе рэдкія жывёлы засталіся ў Польшчы, аднак ў 1946 годзе іх вырашылі завезці і ў беларускую частку пушчы.

Павел Велігураў гартае савецкія выданні, дзе публікаваліся фатаграфіі падарожжа зуброў на нашу зямлю, ды працягвае:

— З таго часу Белавежская пушча на тэрыторыі Польшчы і СССР стала пазіцыянавацца як цэнтр аднаўлення зубра. Папуляцыі, дарэчы, ствараліся ва Украіне ды Расіі, але ў 1990 гады там актывізаваліся браканьеры. Людзі бескантрольна адстрэльвалі рэдкіх жывёл. У выніку колькасць украінскіх зуброў знізілася з 600 да 200, а Расія цяпер займае трэцяе месца ў свеце па агульнай колькасці зуброў — сёлета лічба пераваліла за 1.000 асобін.

Дакладны лік

Беларусь ўсе гэтыя гады старанна ахоўвала зуброў ад знішчэння ды таму выйшла ў лідэры. Сёння згодна з пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіцца візуальны ўлік папуляцый. За кожнай замацавана адказная юрыдычная асоба. Напрыклад, за белавежскай папуляцыяй назірае Нацыянальны парк «Белавежская пушча», за асіповіцкай — мясцовы доследны лясгас, за палескай — Палескі радыяцыйна- экалагічны запаведнік, за самай паўночнай, чырвонаборскай, — паляўнічая гаспадарка «Чырвоны Бор». І гэтак далей па спісе.

— Мы збіраем дадзеныя ад «трымальнікаў » вольных папуляцый, а таксама шчыльна супрацоўнічаем з наглядчыкамі зуброў, якія жывуць у заапарках, вальерах, фермерскіх гаспадарках. Уліковыя спісы дасылаем у польскую «Радаводную кнігу зуброў», дзе і вядзецца ўся сусветная статыстыка, — да размовы падключаецца вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі Ірына Салавей.

— Дарэчы, у кожнай жывёлы ёсць свой нумар і афіцыйная мянушка. У нашай краіне ўсе імёны пачынаюцца на склад «Ба» — такое правіла. Наяўнасць 150 асобін зубра сведчыць аб іх кароткачасовым захаванні. Для патэнцыйнай жа неўміручасці папуляцыі трэба, як мінімум, 1500 жывёл. Доўгі час лічылася, што выйсці на такі ўзровень немагчыма, але беларускія навукоўцы знайшлі спосаб. За чвэрць стагоддзя мы кардынальна змянілі сітуацыю. З 1994 года ў краіне рэалізуецца «метапапуляцыйная мадэль» захавання еўрапейскага зубра, якая стала асновай для праграмы «Зубр», а таксама планавых мерапрыемстваў па захаванні ды ўстойлівым выкарыстанні гэтых жывёл на наступныя гады. За гэты прамежак часу колькасць зуброў у краіне ўдалося павялічыць больш чым у пяць разоў.

Ад колькасці да якасці

Выйсці на першае месца па агульнай колькасці гэтых рэдкіх жывёл у бліжэйшы час дазволіць новы Комплекс распрацовак ды тэхналогій па стварэнні мікрапапуляцыі зубра. Распрацоўка сусветнага ўзроўню адпавядае патрабаванням шэрагу міжнародных прыродаахоўных канвенцый і спрыяе захаванню глабальна значнай біяразнастайнасці. Кандыдат біялагічных навук Ірына Салавей анансуе:

— Стратэгія дазволіць ацаніць прыдатнасць тэрыторый і прадуктыўнасць месцаў пражывання для зубра, распрацаваць шэраг рэкамендацый, а таксама суправаджаць іх укараненне. Гэта датычыцца адбору асобін-заснавальнікаў, адлову, імабілізацыі, транспарціроўкі, засялення ды адаптацыі зуброў да новых умоў. Новы Комплекс распрацовак прадугледжвае мечанне і генетычную пашпартызацыю зуброў, арганізацыю сістэмы маніторынга мікрапапуляцый, якія ствараюцца ды фарміруюцца. Такія падыходы забяспечаць устойлівы рост колькасці ды пашырэнне арэалу жывёл, якія могуць знікнуць, дазволяць перайсці да ўстойлівага выкарыстання рэсурсаў зубра.

Гісторыя еўрапейскага зубра магла б паўтарыць лёс тура, ляснога тарпана, сумчатага ваўка, зебры квагі ды многіх іншых відаў жывёл, якія зніклі па віне чалавека, калі б не намаганні сусветнай супольнасці па яго адраджэнні. Досвед мінулых гадоў паказвае: нашы навукоўцы, супрацоўнічаючы з замежнымі калегамі, дамагліся салідных вынікаў. Яны зрабілі вялікі ўклад у адраджэнне, павелічэнне колькасці ды вывучэнне зубра. Улічваючы цяперашнюю статыстыку ў нашай краіне, можна меркаваць, што рэдкія звяры пражывуць ў Беларусі яшчэ мінімум гадоў 150. Але сцвярджаць, што пагроза знікнення зубра знятая, пакуль рана.

Працы яшчэ вельмі шмат. Навукоўцы плануюць перайсці ад простага нарошчвання статка да прадуманага скрыжавання з улікам радаводаў ды генетычнай разнастайнасці бацькоў з розных мікрапапуляцый. Па-простаму — ад колькасці да якасці.

Дагонім!

Спецыялісты старанна вывучаць генетыку жывёл, правядуць даследаванні ў галіне паразіталогіі, распрацуюць крытэрыі ацэнкі племянной каштоўнасці зуброў. Акрамя гэтага, выкарыстаюць высокатэхналагічныя інавацыйныя метады — бескантактавы маніторынг папуляцый. З дапамогай касмічных тэхналогій ды беспілотных лятальных апаратаў адсочаць перамяшчэнні жывёл на вялікіх тэрыторыях, вызначаць іх колькасць, папуляцыйную структуру ды яшчэ шмат чаго іншага. Бо зубры не толькі візітная картка багатага ды разнастайнага жывёльнага свету, але і сімвал нашай краіны. Доля пагалоўя гэтых жывёл у краіне складае больш за 25 працэнтаў ад сусветнай колькасці. Па колькасці зуброў, якія жывуць вольна, сёння мы апярэджваем Польшчу на 124 асобіны, і гэтая лічба з кожным годам расце. Навукоўцы прагназуюць: дзякуючы новаму Комплексу распрацовак ды тэхналогій па стварэнні мікрапапуляцыі зубра, калі будзем яго прытрымлівацца, у бліжэйшы час дагонім краіну-суседку па агульным паказчыку самага буйнога сысуна сучаснай наземнай фаўны.

Юлія Папко

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.