Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Сухарэвічы


Не думала, што фактычна пад Брэстам можна знайсці вёску для маёй рубрыкі. Сухарэвічы менавіта той прыклад. Наўпрост да абласнога цэнтра — усяго 26 кіламетраў. У даволі вялікім некалі населеным пункце цяпер засталося шэсць сем'яў. І некаторыя з гэтых сем'яў складаюцца з аднаго чалавека. Як і ў выпадку з Ганнай Антонаўнай Піваварчук.


Ган­на Пі­ва­вар­чук.

Да яе хаты ўзяўся правесці сусед Уладзімір Курылюк. Зайшлі — падворак пусты, клямка накладзеная, і толькі чорны вялікі сабака падазрона брахнуў на чужых людзей. «Дзіва, што няма гаспадыні ў гэты час, — сюды-туды аглянуўся Уладзімір Іванавіч, а потым паказаў на агарод: — Вунь яна, каралева палёў».

А 85-гадовая «каралева» капала бульбу на сваіх прысядзібных сотках. Пытаюся: чаму ж вы самі капаеце, не чакаеце, пакуль дзеці прыедуць? А яна ў адказ, што тут нізінка, таму баіцца, як дажджы пойдуць, каб не вымакла. Ды капае памалу. Агарод жа ў бабулі Ганны, можна сказаць, узорны. Бульбачка чыстая, нібы ў гэтых мясцінах і пустазелле не водзіцца. Яна прывыкла даглядаць пасадкі, праполвае свае агародныя культуры цэлае лета, ледзь не да самай уборкі.

Ганна Антонаўна крыху адарвалася ад работы, абаперлася на матыку, успомніла пра маладыя гады. Калі прыйшла сюды ў дом мужа ў 1951 годзе, вёска была немалая: хата пры хаце. У кожнага на падворку вялікая гаспадарка, каровы, свінні, птаства. «Школа была ў нас пачатковая, нават дзеці мае туды хадзілі, потым яе закрылі, не скажу ўжо калі, забылася, — гаворыць пенсіянерка. — Рабіла дваццаць гадоў на торфабрыкетным заводзе, а калі яго закрылі, пайшла ў калгас. І на паляводстве давялося працаваць, і даяркай, і цялят даглядаць. Больш за сорак гадоў стажу мае Ганна Піваварчук. З мужам выгадавалі сына і дачку.

Ганна Антонаўна згадала, як раней было цяжка працаваць у жывёлагадоўлі. «Усё, мае дзеткі, уручную мы рабілі, і зімой і летам у гумовых ботах, бо інакш не пройдзеш па фермах ды іх дварах... А цяпер як добра, даяркі ў туфліках на работу ходзяць, ім не трэба бітоны з малаком цягаць, ваду насіць. Ой, усё памянялася. А ў мяне перад самай пенсіяй рукі забалелі, не магла гаршка з печы выняць, усё муж рабіў, нават есці варыў. Доўга лячылася. І канчаткова ачуняла, як на пенсію выйшла, перастала насіць цяжкі посуд ды гной віламі пераварочваць».

«Вось так і жыву, — працягвае Ганна Антонаўна. — Ужо даўно адна. Дзеці ў Брэсце жывуць. Вядома, прыязджаюць, дапамагаюць. Нядаўна дах на хаце памянялі. І агарод пасадзіць, і ўсё астатняе зрабіць адна ўжо не змагла б. А так кожны дзень сама сабе па сваёй гаспадарцы тупаю. Сабачка Бэн у мяне цяпер — найлепшы сябар. Яго завялі ўнук з жонкай. А калі ў іх дачушка нарадзілася, дактары забаранілі сабаку дома трымаць. Бо ў маленькай алергія пачалася на сабачую поўсць. Вось да мяне і прывезлі Бэна. І цяпер я так рада, не хачу яго аддаваць. Я з ім цэлы дзень размаўляю. А так не было б да каго слова сказаць. І ён мяне разумее. Тут жа нікога не засталося з людзей майго веку. Пагавару з Бэнам, накармлю яго дый іду памалу ў агарод, мяне ніхто не падганяе. А без працы я ўжо не магу, мае дзеткі, так прывыкла, так усё жыццё было».

Ву­лі­ца ў Су­ха­рэ­ві­чах.

Шчыруе з цямна да цямна на сваім участку і маладзейшы сусед Ганны Антонаўны — Уладзімір Курылюк. Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў гэтай вёсцы. Хата яго бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, стаіць побач. Але гадоў дзесяць таму Уладзімір купіў сабе паблізу дом. Добраўпарадкаваў яго, дабудаваў, узвёў падсобныя памяшканні. Увесь даволі вялікі прысядзібны ўчастак разбіты пад агарод. І вырошчваюцца тут самыя розныя культуры. Ляжаць на градзе гатовыя да збору паласатыя гарбузы, чакае сваёй пары бульба. І калі ў бабулі Ганны бульбяны палетак уразіў сваёй чысцінёй, то ў суседа ён наогул выглядае як доследны ўчастак якой-небудзь навуковай установы. Тут зусім лішняй зялінкі не знойдзеш. А каля хаты невялічкі падворак паабапал бетоннай дарожкі засаджаны кветнікам. Рознакаляровыя асеннія краскі радуюць вока сваёй апошняй яркай прыгажосцю. Цэлы рад кветак высаджаны і з вуліцы ўздоўж агароджы. Цікаўлюся ў гаспадара: «Хто займаецца гэтай прыгажосцю? Пэўна, жонка?»

— Ды я і сам магу, — адказвае ён без залішняй сціпласці. А потым усё ж дадае, што і жонка шмат дапамагае ў яго вялікай палявой гаспадарцы.

Старшыня Чарнаўчыцкага сельскага Савета Аляксандр Саланевіч кажа, што такіх працаўнікоў, як Уладзімір Курылюк, знайсці не вельмі проста. Пра такіх прынята гаварыць: працаголік. Яму ўжо семдзесят гадоў, і амаль да гэтага года пенсіянер яшчэ працаваў у горадзе. Па зменах вартаваў адно з гарадскіх прадпрыемстваў. Работа — суткі праз двое — пакідала магчымасць займацца сваім агародам і домам. Кажуць, што іншы раз ён ездзіў на працоўную змену і вяртаўся дадому на веласіпедзе. А потым зноў браўся за работу, якой у вясковага гаспадара заўсёды хапае. Ну і не толькі ў сябе на падворку ўсё паспявае. Бабуля Ганна з удзячнасцю гаварыла, што пасадзіць бульбу, заараць агарод ёй дапамагае сусед.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каралі палёў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг