Вы тут

«90-я прывучылі нас ні да чога не ставіцца сур'ёзна»


Адзін з самых паспяховых беларускіх фільмаў апошняга часу «Хрусталь», які не так даўно выйшаў у пракат, але ўжо справакаваў безліч дыскусій і абмеркаванняў, расказвае пра нашы 90-я. Галоўная гераіня Веля марыць з'ехаць у Амерыку, але застаецца ў суровай беларускай рэчаіснасці. Прынамсі, з надзеяй. Карціна нагадала нам, наколькі неадрэфлексаваным засталося дзесяцігоддзе пасля атрымання незалежнасці і як мала яго ў сучаснай культуры. Хоць перыяд, на які прыйшліся такія ўзрушэнні, перамены і цяжкасці, бясспрэчна з'яўляецца вызначальным для сённяшніх беларусаў. Мы вырашылі працягнуць тэму і запыталіся пра 90-я і іх уплыў на 2018-ы ў людзей, што і самі ўплываюць на наша сучаснае культурнае асяроддзе.


Віктар Марціновіч, пісьменнік:

— 90-я былі часам, калі скончыўся Савецкі Саюз — і, адпаведна, прапанаваная

 ім версія будучыні — і пачалася, прычым з нуля, наша новая біяграфія. Калі прыйшоў 91-ы, мне было толькі чатырнаццаць і я паволі пачаў разумець: усё, што я ўяўляў у сувязі са сваёй будучыняй, не здзейсніцца. Думаю, у кожнага, хто нарадзіўся да 90-га года, ёсць падобная гісторыя.

Як гэта паўплывала на той свет, у якім мы жывём? З аднаго боку, прывучыла нас ні да чога не ставіцца сур'ёзна, да думкі, што нічога ў свеце не бывае назаўсёды. З другога боку, паказала, як дрэнна ўсё можа быць. Мая маці была інвалідам І групы і не магла хадзіць, яна атрымлівала пенсію, роўную тром доларам, і бацька быў вымушаны адначасова працаваць за дваіх і даглядаць маці. Вось так, як было, скажам, з 91-га да 96-га, у маім жыцці не было ніколі. У савецкім дзяцінстве мне здавалася, што нічога не вымусіць цябе галадаць, а ў 90-х былі сітуацыі натуральнага голаду, часам не было чаго апрануць. Канешне, гэта выклікала шок — сённяшнія людзі будуць вельмі цаніць тое, што маюць.

Да таго ж у 90-я адкрыліся межы і мы зразумелі, што акрамя Байкала і Карэліі свет мае яшчэ Парыж і Рым, а галоўнае — туды можна даехаць. Дзякуючы гэтаму мы даведаліся, што побач знаходзіцца Польшча і што там цікава, хаця спасцігалі мы яе перш за ўсё праз шырспажыў і джынсы-мальвіны, якія адтуль цягалі. Але тым не менш праз гэту сітуацыю з межамі, ці бязмежнасцю, мы адчувалі і ўсведамлялі сябе зусім інакш.

У 90-я краіну раптам запаланіла заходняя музыка. Мы пачалі слухаць Pіnk Floyd на касетах, даведаліся, што акрамя Пугачовай і Лявонцьева ёсць The Doors. Мяне гэта вельмі моцна сфарміравала, і, канешне, сучаснасць, у якой мы жывём, выбягае з гэтага пераходнага этапу. Кніжкі, размовы, нарэшце, свабода, пры тым, што гэта быў чорны час у сэнсе эканамічнага жыцця. Савецкі Саюз скончыўся, блок скончыўся, краіна ГУЛАГу скончылася — у часопісе «Огонёк» пачалі публікаваць урыўкі з прозы Салжаніцына, якія адкрывалі, у якой турме мы дагэтуль жылі. Дык вось раптам гэтая турма скончылася — ці не асалода гэта прамаўляць слова «свабода» з выпрастанай спінай? Мне здаецца, выпрабаванні, праз якія мы прайшлі, і спакусы, якія мы пазналі, дазволілі нам неяк пасталець. 90-я для беларускай дзяржаўнасці — гэта п'яны час гарэзнай маладосці. Зараз мы пацверазелі, ведаем, як дрэнна бывае, прыйшла і пэўная заможнасць.


Андрэй Кудзіненка, кінарэжысёр:

— 90-я былі самыя цудоўныя гады. Усё мянялася са скорасцю святла: людзі кідаліся ў іншыя прафесіі, узбіваліся на грошы, некага забівалі, нехта драпаў, мой бацька, прафесар, гандляваў прасамі і дэзадарантамі ў Польшчы, але панавала жывое і праўдзівае...

Усе чакалі неверагоднай, а галоўнае, непрадказальнай будучыні.

Неяк мне ў Кіеў тэлефануе сябар з Піцера і кажа: будзем гандляваць раялямі! Наш аднакласнік на гэты момант ужо актыўна прадаваў Мерседэсы праз брэсцкую мытню ў Маскву. Я пытаюся: «А ты дамовіўся з чыгуначнымі вагонамі, каб раялі перавозіць?». Ён кажа: «З вагонамі не, але з правадніцай — так! Ты едзеш у Брэст, купляеш дзве велізарныя сумкі спірту «Раяль» і маёй правадніцай перадаеш у Піцер. Тут у інтэрнаце я рэалізоўваю».

Пры той апантанасці бізнесам была, так бы мовіць, бяссрэбранасць. Я, напрыклад, пазычаў у аднаго сябра, які разбагацеў, вялікія сумы. Ён заўсёды казаў: «Аддасі, калі разбагацееш». Пасля, калі ўжо ў мяне былі грошы, а той абанкруціўся, я пазычаў яму гэтак жа проста. І не толькі яму.

Што самае галоўнае, з'явілася куча крутой літаратуры.

Я спецыяльна ездзіў у Маскву, каб закупіцца кнігамі Лімонава, Селіна, Мілера, выдадзенымі ў «Глаголе». Можна было даць грошы ў заклад: калі прачытаў за суткі — нічога не плаціш, затрымаў — аддаеш грошы за палову кнігі, так што лепш было ўжо не адносіць назад. А недзе ў 92-м годзе бібліятэка майго палітэха ў Кіеве пачала закупляць неверагодную колькасць нябачанай раней літаратуры і мастацкіх альбомаў. Хлебнікаў, Джойс, Маркіз дэ Сад, альбомы савецкага авангарда, сюррэалістаў, Фрэнсіса Бэкана...

Я прывозіў сябра Алега Кавалава ў Мінск на свой фэст да стагоддзя Эйзенштэйна, на які я са сваёй дзяўчынай сабраў тры тысячы долараў, а гэта была даволі буйная сума, за пяць дзён. Проста па фірмах, банках і фондах, тады так можна было. Ён убачыў, як натоўп «бярэ» Белсаўпраф, быццам Зімовы ў фільме «Кастрычнік»... Аказалася, гэта Жбанкоў, Саўчык і Глік паказваюць Дэрэка Джармена. Кавалаў быў у шоку, сказаў, што ў Піцеры такога б не ўбачыў.

90-я ніяк на нас не паўплывалі — згінулі і ўсё. Для адных яны зараз служаць пудзілам, а для іншых выглядаюць рамантычнымі.


Павел Баркоўскі, філосаф:

90-я для беларусаў — наогул вельмі цікавы і складаны перыяд, бо, па сутнасці, менавіта ў гэты час Беларусь пачалася як самастойная дзяржава, а беларусы ўсвядомілі сябе як нацыю, што стварае ў гэтай гісторыі нешта сваё, унікальнае. За савецкімі часамі панаваў савецкі дыскурс, адпаведна, людзі менш уяўлялі сябе самайстойным народам. У гэтым сэнсе 90-я былі часам, калі мы адкрылі сябе для сябе, калі пасля доўгага панавання адзінай ідэалогіі, сістэмы паводзін мы раптам атрымалі іншыя магчымасці. Відаць, не перакрэсліш, што ў большасці беларусаў 90-я асацыююцца з максімумам свабоды.

Але ж, натуральна, злом папярэдняй традыцыі не заўжды прыемны і часам можа выклікаць балючыя адчуванні, таму для часткі людзей 90-я — гэта час, калі давялося карэнным чынам змяняць сваё жыццё і знаходзіць сябе ў новым свеце па-новаму. Не магу сказаць, што ў нас такія працэсы адбываліся настолькі ж радыкальна, як у той жа Расіі, дзе гэтае дзесяцігоддзе ўспрымаецца з замілаваннем і асацыюецца з крымінальнымі сюжэтамі, назапашваннем капіталу, калі пачынае мажнець і аб'еўрапейвацца Масква. У нас усё праходзіла больш спакойна, але мы задалі сабе шэраг пытанняў, у тым ліку пра наш цывілізацыйны выбар, куды мы ўсё ж такі ідзём, пра нашу культурную прыналежнасць, якімі каштоўнасцямі мы кіруемся перш за ўсё. Гэта не было вырашана ў 90-я, таму з неабходнасцю атрымаць адказы мы сутыкаемся зараз. Час злому даў нам шмат магчымасцяў, але мала якія з гэтых магчымасцяў рэалізаваліся.

Для мяне 90-я — таксама вялікі ўсплёск, уздым нацыянальнай культуры. Я памятаю, колькі прыйшло маладых літаратараў, музыкаў, прычым арыентаваных на беларускую культуру. Дагэтуль такога, канешне, не было, нават калі параўноўваць з сённяшнім днём, можна сказаць, што ў 90-х была вельмі вялікая культурная хваля. З тым культурным багаццем, якое тады буяла, таксама можна звязваць рамантычную лінію ўспамінаў пра 90-я. Пачыналіся новыя праекты, ініцыятывы, усё гэта было ўпершыню — усё ў Беларусі было добра рабіць, бо што б ты ні рабіў — амаль усё ты робіш першы. Было шмат энтузіязму, спадзяванняў, памкненняў... Сёння ж мы ўбіліся ў каляіну. Калі параўноўваць з чалавечым жыццём, мы пражылі перыяд юнацтва і знаходзімся ў сярэднім веку, калі, здаецца, тваё жыццё ўладкавана, ты ходзіш на працу, маеш звыклыя інтарэсы, няма вялікіх узрушэнняў. Натуральна, зусім інакш сябе адчуваеш з успамінамі пра юнацтва, дзе не было пэўнасці, але былі ўсе магчымасці і шмат спадзяванняў. У Савецкім Саюзе мы наогул былі ў інфантыльнай стадыі, бо ўвесь час даводзілася аглядацца на старэйшага брата і развівацца як культура не тое каб нацыянальнай меншасці, але як перыферыйная культура на фоне велічнай рускай. Мы прайшлі перыяд падлеткавага адмаўлення і аспрэчвання ўсяго, што было раней, і сёння паступова знаходзім свае спосабы жыцця, творчасці і мыслення.


Максім Жбанкоў, культуролаг:

— Дзевяностыя — гэта лірычна-траўматычны досвед перазагрузкі ментальнай матрыцы. Раптам мы апынуліся ў новай эпосе іншай краіны. Ранейшая манатоннасць існавання збегла з-пад нашых ног, пакінуўшы жыхароў сканалай імперыі на ростанях сэнсаў і стыляў. Свет зрабіўся каляровым і трывожным. Трэба было лічыць варыянты і ладзіць самаробнае жыццё.

Тады падавалася, што магчыма ўсё і цяпер: трыумф культурнага андэграўнду, адкрытыя межы, канкурэнтная палітыка, прыватная кінавытворчасць і нацыянальная адукацыя, дэкамунізацыя, чырвоныя калготкі, французская кава, «Народны альбом» і недзяржаўнае тэлебачанне. Дзевяностыя шмат абяцалі. Такімі яны і засталіся ў памяці — полем магчымасцяў. Практыкамі свабоды. Чыстым аркушам, да якога забыліся дадаць алоўкі, слоўнік ды карэктара. Краінай Зрабі Сам.

Тады новыя часы перакрэслілі папярэдні сцэнарый. Яны сінхронна адмянілі зразумелае ўчора, нязменнае сёння і прадказальнае заўтра.

Дзевяностыя навучылі лічыць і гандляваць. Сталі школай актыўных ды нязгодных. Гадавалі альтэрнатыўныя эліты. Пазначылі новыя стратэгіі самарэалізацыі. І натуральна, правалілі шмат з прымроенага ў тыя прыўкрасна рамантычныя часы.

Зрэшты, натуральны адбор глабальных ідэй ды прыватных праектаў — таксама здабытак дзевяностых. Яны падвысілі магчымасць прарываў — але ж і імавернасць паражэнняў. Мы трапілі на новы ўзровень агульнай гульні — і, адпаведна, на якасна іншы ўзровень рызыкі. Паснулая савецкасць нечакана змянілася экзістэнцыяльнай драмай.

І калі казаць пра тое істотнае, што засталося з тых часоў і збудавала нас сённяшніх, — на мой погляд, гэта здольнасць існаваць асобна. Разуменне, што табе ніхто анічога не вінны і твая камфортная стабільнасць можа нечакана скончыцца. Звычка любіць спрэчнае і эксперыментаваць з відавочным. Расчараванне ў ратавальных камандах — усё адно, з Захаду ці Усходу. І адчайная прага лепшага іншага, якое можна збудаваць толькі сваімі рукамі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.