22 Верасень, субота

Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» ўтаймавалі шматтонную машыну


У другую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень танкістаў. Асвоіць кіраванне шматтоннай машынай не так і проста, але вельмі цікава. У гэтым і пераканаліся карэспандэнты «Звязды», якія напярэдадні свята завіталі ў 3-ю гвардзейскую школу падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.


Ра­да­вы Ула­дзі­мір Бя­лян­скі ў тан­ка­вым трэ­на­жо­ры.

На ма­ні­то­ры вы­клад­чык ад­соч­вае пе­ра­мя­шчэн­не тан­ка.

Будучых танкістаў тут рыхтуюць з улікам сучасных тэхналогій. Трэнажор — гэта дасканала выкананы макет машыны з сапраўдным кіраваннем. Яго знізу падтрымліваюць спецыяльныя маніпулятары, якія варочаюць машыну ў розныя бакі згодна з рэльефам мясцовасці, па якой едзе танк. Сачыць за ім можна з дапамогай спецыяльнага манітора ў кабіне.

У выкладчыка на экран выводзяцца ўсе параметры работы механізмаў і становішча машыны на мясцовасці. Загады перадаюцца па шлемафоне.

— Дзякуючы гэтаму мы значна эканомім мотарэсурс машын, — кажа выкладчык цыкла ваджэння і тэхнічнай падрыхтоўкі капітан Мікалай Каспяровіч. — Расход дызельнага паліва, масла, знос тракаў — усё гэта на камп'ютарным трэнажоры неактуальна. У нас траціцца толькі электрычнасць. Таму мы тут можам адпрацаваць праходжанне перашкод да вельмі высокага ўзроўню. Колькі курсанту патрэбна, столькі ён і будзе практыкавацца, пакуль не навучыцца, як кажуць, «адчуваць» дарогу. За перыяд вучобы ён мусіць наездзіць не менш за 100 кіламетраў на трэнажоры і 80 — на сапраўдным танку. Пасля гэтага ён здае іспыт — і калі адзнака станоўчая, то яму прысвойваецца спецыяльнасць «Механік-кіроўца 3-га класа».

На гадзінніку роўна 9 раніцы. У памяшканне заходзяць чатыры курсанты. Пасля кароткага інструктажу па тэхніцы бяспекі яны па камандзе займаюць трэнажоры.

— Зараз курсанты праходзяць падрыхтоўчае практыкаванне № 3, — працягвае Мікалай Каспяровіч. — Гэта маршрут працягласцю 1,5-2 кіламетры, дзе шмат перашкод. У іх ліку — калейны мост, тры праходы праз мінна-ўзрыўное загароджанне, акоп, брод. Акрамя таго, курсанты павінны двойчы павярнуць танк на 90 градусаў. У чым яшчэ адметнасць камп'ютарных трэнажораў — там мы можам змадэляваць абсалютна любую сітуацыю, у якую можа трапіць танкіст, што значна спрашчае працэс у параўнанні з тым, як усё адбывалася ў дакамп'ютарную эпоху, так бы мовіць, выключна «на мясцовасці».

Прычым карэспандэнту «Звязды» была дадзена магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі механіка кіроўцы танка. Першы этап — лезу на дах трэнажора па лесвіцы, што з 47-м памерам абутку зрабіць не так і проста. Затым апускаюся ў адтуліну і адразу ж трапляю ў крэсла кіроўцы. Злева — панэль з разнастайнымі лічыльнікамі. Іх тут значна болей, чым у звычайным легкавіку, але куды меней, чым у кабіне пілота самалёта. Па камандзе запускаю рухавік, затым выціскаю счапленне, выстаўляю рычагом першую перадачу і павольна рухаюся наперад. Праехаўшы метраў 15, танк неспадзявана глухне. Чыста суб'ектыўна склалася ўражанне, што навучыцца вадзіць танк можна нават тады, калі на правы кіроўцы і не здаваў ніколі. Проста для гэтага спатрэбіцца некалькі дзён. І больш за тое — ніякі камп'ютарны сімулятар-гульня не заменіць фізічнага адчування рычагоў кіравання. Адзінае абмежаванне — будучы танкіст не павінен мець рост, вышэйшы за 175 сантыметраў. Інакш ён проста не здолее весці танк. Ну і, зразумела, не баяцца замкнёнай прасторы.

Гэтую думку пацвярджае на сваім прыкладзе радавы Віталь Грамыка. Ён — будучы механік-кіроўца.

— Я вучуся тут ужо тры месяцы. Як мінімум раз на тыдзень мы займаемся на трэнажорах. Навыкі замацоўваем на практычных занятках, якія пачаліся два месяцы таму. Гэтыя заняткі чаргуюцца. Пасля трэнажора перасаджвацца за кіраванне сапраўдным танкам нескладана. Нават не адчуваеш, што ты вядзеш махіну вагой у некалькі дзясяткаў тон. А на «грамадзянцы» я ніколі не садзіўся за руль, таму любое кіраванне для мяне — у навінку. Але Т-72Б асвоіў даволі хутка. Самае галоўнае было пераадолець страх. Усе мы не нараджаемся кіроўцамі — мы імі становімся. Вось і я: паспрабаваў, паехаў, а пасля закралася думка: і чаго толькі баяўся? Таму пасля дэмабілізацыі пайду здаваць на правы кіроўцы.

Мы перамяшчаемся на танкадром. Непадалёк ад нас праносіцца на высокай хуткасці танк. Крыху воддаль стаіць яшчэ адзін Т72-Б. На ім адпрацоўваюць завядзенне рухавіка. Яшчэ адна група салдат стаіць каля макета танкадрома і вывучае яго трасу.

Радавы Раман Кручкоў — «дынастычны» танкіст. У далёкім 1972 годзе яго дзед таксама быў прызваны ў Печы. Ён атрымаў спецыяльнасць наводчыка танка Т-62А і пасля служыў у баявой часці ў Слоніме.

— Так атрымалася, што я сам у апошні момант даведаўся, што таксама буду танкістам. Вось толькі спецыяльнасць крыху іншая — «Механік-кіроўца». Пра сваю службу мне дзядуля расказваў шмат. Стэлефаноўваюся з ім і цяпер. Яму вельмі цікава, як ідзе служба ў танкавых войсках. Кажа, што ў яго час служыць было куды складаней. А мне было цяжэй за ўсё навучыцца пераключаць перадачы, паколькі сам я ваджу аўтамабіль, і розніца працэсу каласальная. Затое за ручкамі кіравання адчуваеш роў рухавіка, магутнасць машыны...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Курс «маладога танкіста»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.