Вы тут

Галоўны скарб – сям'я!


Мінская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» у рамках праекта па фарміраванні станоўчага іміджу сям'і правяла фотаконкурс "Жыццё выдатных сем'яў Міншчыны» і акцыю «Сямейная памяць», завяршальным акордам якой стала свята «Яе вялікасць сям'я» ў Палацы культуры горада Маладзечна.


Роля паўнавартаснай, здаровай, моцнай сям'і ў грамадстве і ў лёсе кожнага з нас вельмі вялікая. Менавіта ў сям'і закладваюцца базавыя каштоўнасці, менавіта сям'я здольная дапамагчы ў цяжкія жыццёвыя хвіліны і падзяліць шчаслівыя, менавіта сям'я дае нам «крылы» і ўпэўненасць, каб тварыць і ствараць, смела крочыць па жыцці.

– Задумваючы свае мерапрыемствы, мы сыходзілі з таго, што сям'я і яе каштоўнасці – галоўны скарб чалавека, гонар і аснова нашага жыцця, – расказвае  старшыня абласной арганізацыі БСЖ Святлана Сарока. – Праз удзел у акцыі «Сямейная памяць» у жыхароў Міншчыны з'явіўся стымул заняцца вывучэннем гісторыі свайго роду, даведацца паходжанне свайго прозвішча. Пры жаданні ўдзельнікі маглі нават паспрабаваць скласці ўласнае генеалагічнае дрэва, выкарыстоўваючы любы графічны рэдактар або сэрвісы па складанні радаводу. Мы прапаноўвалі разнастаіць конкурсныя матэрыялы рознымі ілюстрацыямі: дзіцячымі малюнкамі, даўнімі фотаздымкамі – гэта цікава і ўнікальна. Да фотаконкурсу «Жыццё выдатных сем'яў» актыўна падключыліся таты і старэйшыя дзеці. Нам даслалі шмат сардэчных здымкаў, на якіх адлюстраваныя важныя падзеі і самыя яркія моманты з жыцця сем’яў. Конкурс праводзіўся па пяці намінацыях: «Сямейны партрэт», «Падзеі сям'і», «Адпачываем усёй сям'ёй», «Спартыўная сям'я», «У-дачныя гісторыі», творчы дыяпазон не абмяжоўваўся строгімі рамкамі. Ужо сёння відавочна, што з лепшых работ можа атрымацца выдатная выстаўка, і мы яе абавязкова арганізуем, апублікуем самыя цікавыя фатаграфіі і сямейныя гісторыі.

Удзельнікаў абласнога свята чакаў канцэрт «Цяпло сямейнага ачага», на якім і былі ўзнагароджаны самыя актыўныя, творчыя, спартыўныя сем'і Міншчыны, пераможцы конкурсаў. Каардынавалі забавы на розных тэматычных пляцоўках роставыя лялькі, што асабліва цешыла шматлікіх дзетак. Ды і дарослыя з задавальненнем удзельнічалі ў латарэі, якую ім прапаноўвалі “волаты". Вясёлыя фотазоны, «Творчая мазаіка», майстар-класы па бісерапляценні, вырабе ўпрыгажэнняў з масцікі, кветак з тканіны, выстава творчых работ сямейных дынастый «Ад маці – да дачкі, ад бацькі – да сына», «Куток здароўя», тэматычная пляцоўка па бяспецы ад МНС – занятак па душы мог выбраць кожны. Паўсюль панавала атмасфера дабра і любові, і гэта нядзіўна, бо на свята сабраліся бацькі і дзеці, бабулі і ўнукі – тыя, хто шчыра любіць адзін аднаго.

Праграму ўпрыгожылі яркія выступленні сямейных дынастый і дуэтаў. Гледачы горача апладзіравалі задзірыстай «Лявонісе» ў выкананні сям'і Шымановіч з Вілейкі, пераможцам фестывалю ў намінацыі «Лепшы сямейны ансамбль». Кранальны музычны нумар «Сын і дачка» паказала сям'я Іваненкаў. Здзівілі публіку цыркавымі нумарамі артысты Беларускага цырка-шапіто «SIRIUS» – творчая цыркавая дынастыя сям'і Кахновіч. Асабліва зачаравала лазернае шоу ў выкананні самага маладога ілюзіяніста Беларусі Іллі Кахновіча.

Вядома, самым чаканым быў момант урачыстага ўзнагароджання. Былі адзначаны многія таленавітыя, ініцыятыўныя сем'і Міншчыны, якія ўмеюць правільна арганізаваць сваю працу і адпачынак, дамагчыся высокіх вынікаў у спорце і мастацкай творчасці. Так, пераможцам абласной акцыі «Сямейная памяць» стаў краязнаўца Васіль Юрша з Мінскага раёна, які вывучыў гісторыю свайго роду да 12-га калена! Намінацыя «Спартыўная сям'я» акцэнтавала ўвагу на далучэнні дзяцей да здаровага ладу жыцця, бо спортам можна займацца заўсёды і паўсюль, не абавязкова прымусова наведваць спартзалу. У любую пару года можна прыдумаць цікавы спартыўны занятак на прыродзе, падчас якога і здароўе ўмацуецца, і бацькі-дзеці разам пазабавяцца. Самай спартыўнай была прызнаная сям'я Еўтух з г. Нясвіжа.

Усе пераможцы атрымалі дыпломы, сертыфікаты на сямейнае падарожжа ў этнакультурны комплекс «Наносы-Наваселле», што каля Гродна.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.