Вы тут

У госці да… кажаноў


Сёлета Мінск падрыхтаваў шмат актыўнасцяў з нагоды свайго Дня нараджэння: жыхары і госці сталіцы маглі прыняць удзел у спартыўных мерапрыемствах, паслухаць электронную і поп-рок музыку на маладзёжным open air, паглядзець на рыцарскія баі і турніры лучнікаў...  Тых жа, хто марыў пра больш спакойнае баўленне часу, чакалі ў дворыку Нацыянальнага гiстарычнага музея: менавіта там праходзіла “Ноч кажаноў”, якую ініцыявала грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.  Паваланцёрыць на гэтым мерапрыемстве пашанцавала і супрацоўніку Выдавецкага дома “Звязда”.


Хто такія кажаны – грызуны, птушкі ці нехта яшчэ? Ці праўда яны пьюць кроў і палююць на людзей? А як наконт дзіцячай страшылкі пра тое, што кажаны любяць заблытвацца ў валасах? Развеяць распаўсюджаныя (і неабгрунтаваныя!) міфы пра гэтых звяркоў гасцям мерапрыемства дапамагла пазнавальная лекцыя “Нечаканыя кажаны” ад супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Аляксея Шпака. Пакуль больш сталыя наведвальнікі “Ночы” (а дакладней, вечара) знаёміліся з інфармацыйнымі цікавосткамі пра герояў мерапрыемства і атрымлівалі карысныя парады ад лектара (бо мала хто ведае, што рабіць, калі звяркі паселяцца побач з хатай ці заляцяць ў дом), дзеці прымалі ўдзел у майстар-класах: малявалі рознакаляровых кажанчыкаў, рабілі яркія флікеры, вучыліся майстраваць закладкі-“кніжаны”.

Кажаны ў гэты вечар сталі сапраўднымі гаспадарамі музейнага дворыка. Іх можна было ўбачыць паўсюль: на экране праектара, на вокнах і цагляных сценах, на сталах з адмысловымі падзелкамі... А ў фотазоне кожны жадаючы мог зрабіць сэлфі на фоне вялікай выявы надзвычай сімпатычнага і дабрадушнага Кажана.  “Вельмі ўтульна тут у вас, па-сямейнаму”, –  падзялілася сваімі ўражаннямі маладая мама, пакуль яе дачка з захапленнем рабіла закладку з каляровай паперы. “Ноч кажаноў” стала не проста вечарам пазнавальнай інфармацыі , але сапраўдным сямейным фэстам, значная частка праграмы якога была разлічана на дзяцей.

“Важна з маленства ўсведамляць, што кажаны –  не жудасныя істоты з фільмаў жахаў, а паўнапраўныя гаспадары горада і гэтага свету, якіх варта паважаць і шанаваць”, – заўважыла Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. І хаця кажаны – не птушкі, яны патрабуюць не меншай увагі і аховы. Спадзяемся, што ў наступным годзе вы таксама завітаеце ў госці да кажаноў, каб зразумець, якую важную ролю адыгрываюць гэтыя звяркі ў прыродзе.

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».