23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Вінаградарства ахоплівае ўсё большае кола аматараў


Многія маглі прадэманстраваць свае дасягненні на штогадовым кірмашы, які ладзіцца на пачатку верасня. Арганізуюць выстаўку выкладчыкі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Дарэчы, вінаградарства тут зараз спасцігаюць не толькі будучыя спецыялісты пладова-агародніннага накірунку, але і аграномы. Для іх гэту дысцыпліну ўвялі некалькі гадоў таму.


Прыярытэты для навічкоў

Сёння беларусы могуць вырошчваць такія сарты, якія не так даўно былі для ўсіх дзівам. Як правіла, усе ўдзельнікі выстаўкі маюць на сваіх участках па 60—80 сартоў вінаграду. Але і звычайныя наведвальнікі таксама ведаюць толк у гэтай справе. Яны задавалі канкрэтныя пытанні, многія куплялі саджанцы лазы, кошт якіх вагаўся ад 8 да 10 рублёў. Даведалася, што сямейная пара, якая прыйшла на кірмаш, вырашыла разводзіць вінаград на сядзібе, якая дасталася ў спадчыну. Хтосьці задумаўся аб пашырэнні колькасці сартоў. Фармат кірмашу дазваляў атрымаць патрэбную кансультацыю.

Асабліва вялікі выбар сярод укрыўных сартоў. Але яны патрабуюць значнай увагі. Кожны год восенню трэба абрэзваць 80 % зялёнага прыросту. Жанчына раіць пачаць з неўкрыўных сартоў, каб адчуць смак да гэтай справы. Прыярытэтнымі для навічкоў, кажа Караліна, з'яўляюцца Супага, Фіялетавы жнівеньскі, Мінскі ружовы. Яны добра глядзяцца на альтанцы, на плоціках, арках.

Шампанскае з вінаградных лістоў і ванна Дзіяніса

Усе вінаградары сцвярджаюць, што займаюцца гэтай справай з захапленнем. Напрыклад, Генадзь Чарняўскі пачынаў гадоў дванаццаць назад, калі не было такога мноства сартоў. Затое зараз ён дэманструе важкія гронкі на любы густ.

— Можна зрабіць і вельмі вялікія гронкі, але іх будзе вельмі мала. Напрыклад, на маім участку сорт Віктар з прадаўгаватымі ягадамі мае 12 гронак, Тузін — 35, Аўгусцін — 25. Але я не ганюся за іх велічынёй. Мне важна таксама атрымаць аб'ём, каб можна было і сяброў пачаставаць, і самім паласавацца.

Генадзь Эдвардавіч прапануе пакаштаваць Анжаліку, Валянціна і яшчэ некалькі сартоў. Прызнацца, эксперт з мяне не вельмі ўдалы. Магу сказаць, які сорт больш салодкі, а які — кіслейшы. А між тым вінаградар тлумачыць, якая ягада мае сапраўдны паўднёвы мускат, а якая нагадвае шалфей з кіслінкай.

І хаця вінаград захоўваецца не так доўга, як яблыкі, але некаторыя сарты дацягваюць ажно да новага года. Генадзь Чарняўскі навучыўся рабіць шампанскае з вінаградных лістоў. Ён залівае тры кілаграмы лістоў 12 літрамі кіпню і трымае тры дні. Пасля дабаўляе на літр вады 250 грамаў цукру і дае месяц пастаяць. Затым шчыльна закупорвае, і праз месяц можна ўжываць. Кажа, што напітак газіраваны і на смак падобны на шампанскае.

Адзін з наведвальнікаў параіў прымаць вінаградныя ванны з абрэзкаў лазы. Іх толькі трэба адварыць. Кажуць, што гэта ванна Дзіяніса — грэчаскага бога вінаробства.

Выстаўка рэальных магчымасцяў

У размове ўдзельнікі выстаўкі сцвярджаюць, што вінаград атрымаў шырокае распаўсюджванне, у тым ліку ў Гродзенскім рэгіёне. Культура ўсё больш ахоплівае дачы і прысядзібныя ўчасткі. У Гродне нават створаны клуб «Паўночны вінаград», які ўзначальвае арганізатар выстаўкі, выкладчык Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Сяргей Собалеў.

Праўда, вінаградары ў сваёй большасці развіваюць гэту культуру самастойна і не імкнуцца аб'ядноўвацца ў арганізацыю. Члены клуба лічаць, што тут прысутнічае камерцыйны інтарэс. Маўляў, нехта прывозіць з паўднёвых краін буйныя сарты, вырошчвае ў спрыяльных умовах, «выганяе» вялікія гронкі і гэтыя саджанцы прадае па завышаным кошце. А многія пакупнікі потым скардзяцца, што не атрымалі адпаведны ўраджай.

Дарэчы, у гродзенскім кірмашы прымаюць удзел і аматары з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, Людміла і Мікалай Камаровы прыехалі з Бабруйска. Яны пастаянныя ўдзельнікі выставак вінаграду, геаграфія якіх шырокая: Пінск, Мінск, Гомель, Ліда... Людміла паведаміла, што ў іх родным Бабруйску многія займаюцца вінаградарствам. У яе сям'і гэта мужчынская справа.

— Да нас падыходзіў малады чалавек, які тры гады таму тут, у Гродне на кірмашы, набыў у нас саджанцы, і расказаў, што ўжо атрымаў нядрэнны ўраджай. Таксама захапіўся, як і я некалі, гадоў 20 таму. Тады гэта культура была яшчэ даволі рэдкай. Напрыклад, на выстаўцы ў Пінску рэгістравалася ўсяго некалькі чалавек, зараз некалькі дзясяткаў, — расказаў Мікалай Камароў.

Ад участка — да поля?

Удзельнікі выстаўкі ацэньваюць такі вопыт станоўча. Кожны можа пахваліцца сваімі дасягненнямі і разам з тым даказаць, што ў Беларусі можна вырошчваць вінаград.

— У грамадстве расце і культура вінаградарства, — кажа Андрэй Ігнатовіч. — Гэта звязана з шэрагам фактараў. Змяняецца клімат, для вінаграду ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы, што асабліва паказаў сёлетні сезон. Ёсць магчымасць пашыраць колькасць сартоў, вырошчваць ягаду, якая не саступае паўднёвым аналагам.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Якія на смак «Анжаліка» і «Валянцін»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.