Вы тут

Павага, увасобленая ў залатым...


Сёлета свята беларускага пісьменства адбывалася дваццаць пяты раз. Больш за восемдзесят мерапрыемстваў на любы густ падрыхтавалі арганізатары: прэзентацыі кніг, перыядычных выданняў, выступленні мастацкіх калектываў, фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка»... Творчая інтэлігенцыя пазнаёмілася з адметнасцямі прыгожага і каларытнага Іванава. Жамчужыне Палескага краю было чым здзівіць як замежных гасцей, так і саміх беларусаў. Госці знаёміліся не толькі з горадам, але і з яго ваколіцамі і засталіся ў захапленні ад традыцый, культуры і мясцовага дыялекту беларускай мовы.


Два дні ў Іванаве панавала слова і ў цэнтры ўсіх падзей была кніга. Свята беларускага слова назаўсёды застанецца ў памяці жыхароў Іванаўшчыны. Акрамя ўспамінаў будзе радаваць матэрыяльны аб’ект культуры: падчас святкавання адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака «Янава слова», усталяванага менавіта ў гонар XXV Дня беларускага пісьменства.

Кампазіцыя размешчана на пешаходнай вуліцы 17-га верасня ў цэнтры Іванава. Над яе стварэннем працаваў аўтарскі калектыў у складзе Алеся Шацілы, Аляксея Сарокіна і Ганны Багаткінай. Кіраўнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык патлумачыла: аўтары настолькі былі захопленыя справай, што ў знаку паказалі не толькі пэўныя адсылкі да гісторыі, але падкрэслілі і мясцовае стаўленне жыхароў да свайго горада, выкарыстоўваючы дарагі колер помніка — залаты (у асацыяцыі — колер павагі).

Памятны знак выкананы ў выглядзе сонечнага гадзінніка, галоўны элемент якога — замацаванае ў мармуровай чашы пяро. На камені выгравіравана старажытная назва горада — Янава. Памятны знак сімвалізуе моц роднай мовы.

— Традыцыі пісьменства ў нашай краіне маюць глыбокія карані, — падкрэсліў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч на адкрыцці памятнага знака. — Мы заўсёды жылі ў міралюбнасці і згодзе з рознымі народамі. Хацелася б, каб слова, сама пісьменнасць і далей спрыялі гэтым памкненням. Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што пра сябе расказаць. Такія помнікі культуры — не толькі памяць для жыхароў гарадоў, але і адукацыйныя аб’екты, якія захоўваюць памяць пра гісторыю нашай радзімы.

Дыялог эпох

Гарадскі парк Іванава цяпер упрыгожвае алея скульптур. Аддзел культуры Іванаўскага раёна загадзя абвясціў конкурс сярод майстроў рамеснікаў. Так, 21 жніўня ў Іванаве пачаўся абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, які скончыўся якраз на свята. У пленэры ўзялі ўдзел дзевяць разьбяроў па дрэве, у тым ліку народныя майстры Беларусі Анатоль Туркоў з Камянца, Уладзімір Чыквін з Кобрына, Іван Супрунчык са Столінскага раёна. Майстрам кіянкі і разца для працы прапанавалі спіс з дзясятка імёнаў мясцовых знакамітасцяў, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі літаратуры і мастацтва. У прыватнасці, гэта мастакі Францішак Бруздовіч і Марыя Андрайковіч-Бутаўт, фалькларыстка Марыя Саковіч, пісьменнікі Змітрок Віталін, Ян Пратасовіч. Не забылі Фёдара Дастаеўскага і выбітнага этнографа, кампазітара і мастака Напалеона Орду. Цяпер гарадскі парк Іванава называюць алеяй талентаў.

Час правіў баль падчас адкрыцця свята ў маляўнічым гарадскім парку, дзе Сучаснасць сустрэлася з Мінуўшчынай і ўглядалася ў Будучыню: што яна абяцае айчыннай культуры? У віншавальных словах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам Дня беларускага пісьменства, што зачытаў намеснік прэм’ерміністра Беларусі Ігар Петрышэнка, адзначалася, што праз гэтае свята «мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, спрыяў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова».

Адметнасць сёлетняга свята падкрэсліла мастацка-тэатралізаваная праграма «Малой радзіме пакланюся», дзе прагучалі прыгожыя беларускія песні, нацыянальныя танцы ад мясцовых творчых калектываў. Гледачы сталі сведкамі дыялогу паміж гістарычнымі асобамі. Было адчуванне, што ты знаходзішся ў машыне часу, якая перамяшчае па гісторыі і адкрывае магчымасці дыялогу каралевы Боны Сфорцы і Напалеона Орды, якія жылі ў розныя эпохі. І нават славутая пінская шляхта (якая жыла тут зусім непадалёк) завітала на свята: акцёры Купалаўскага тэатра сыгралі сцэны са спектакля паводле Дуніна-Марцінкевіча. Беларускае слова гучала і ў песнях — вядомых і любімых, пра якія нагадалі легендарныя «Беларускія песняры», і новых, што прадставіла Ірына Дарафеева. А тых, хто жадаў далучыцца да свята, было значна больш, чым магла ўмясціць імправізаваная зала, — гэта падстава надалей падумаць пра тое, каб урачыстасць змог адчуць кожны, бо Дзень беларускага пісьменства нездарма вандруе па розных гарадах.

Побач са словам і кнігай

Адным з самых каштоўных падарункаў для жыхароў Іванава падчас свята стала адкрыццё першай кнігарні ў горадзе. Насуперак стэрэатыпам, што цяпер чытаюць мала, ужо ў першы ж дзень у кнігарні стаяла чарга па кнігі, прычым шукалі якасную літаратуру. Хтосьці прыходзіў па класіку, хтосьці цікавіўся навінкамі літаратурнага свету, былі пакупнікі, якія мэтанакіравана шукалі беларускае фэнтэзі. Паводле меркаванняў мясцовых жыхароў, кнігарня будзе карыстацца папулярнасцю, бо ў рэгіёне чытаюць шмат, ды і мясцовым літаратарам будзе прасцей прадстаўляць вынікі сваёй творчай працы.

З навінкамі айчыннага літаратурнага свету госці свята маглі пазнаёміцца на Фестывалі кнігі і прэсы, які працаваў у Іванаве два дні. Тут былі прадстаўлены кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ. Госці свята змаглі сустрэцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, наведаць прэзентацыі кніг, паглядзець выступленні артыстаў і мастацкіх калектываў, паслухаць і асабіста пазнаёміцца з пісьменнікамі. Абвясціўшы пра адкрыццё павільёна «Слова пісьменніка», першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах падкрэсліла, што Год малой радзімы натхніў творцаў на краязнаўчыя пошукі і прысвячэнні самым розным куточкам нашай Айчыны, для якой яны ўсе значныя ўжо таму, што разам складаюць вялікі яскравы вобраз. Таму ў Іванава прыехалі прадстаўнікі пісьменніцкіх арганізацый розных абласцей. Напярэдадні 1 верасня галоўнымі зоркамі тут былі творцы Брэстчыны. А на наступны дзень пісьменнікі вымушаны былі нават сачыць за часам, адпушчаным на выступленні, ды паслядоўнасцю: здалёк жа ехалі, каб прадставіць сваю творчасць. Пісьменнікі Гродзеншчыны ці Мінскай вобласці змянялі адзін аднаго, чыталі свае творы. Літаратары Гомельшчыны прадстаўлялі сваю частку творчасці Палескага краю, адметнасць якога адчуваюць у Іванаве. Многія пісьменнікі падчас сваіх прэзентацый сумяшчалі слова і музыку. І ўдалай знаходкай арганізатараў стала асобная праграма пісьменнікаў «Бачу Беларусь такой...», што была прадстаўлена на галоўнай сцэне адразу пасля адкрыцця. Хто застаўся, не пашкадаваў: тут можна была адразу ж пачуць некаторых лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а можа, прыглядзецца (прыслухацца) да будучых. Зразумець, што слова, якое гучыць па-беларуску, можа запаліць і падштурхнуць да скокаў — і людзі сябе не стрымлівалі пад рытмы кампазітара і спевака Алега Елісеенкава. У гэты ж час на іншай пляцоўцы святочнае жыццё ішло згодна са сваім графікам. Асноўныя стэнды былі размешчаны на цэнтральнай плошчы, святочныя канцэрты — у гарадскім парку. Тут была створана такая гасцінна-частавальная атмасфера, што можна было больш нікуды не ісці... Але ж Фестываль кнігі і прэсы задумваўся нездарма.

Сёлета вялікім плюсам стала наяўнасць дзіцячых канцэптуальных пляцовак, на кожнай з якіх малыя маглі не проста прыглядзець для сябе кнігі, але і паўдзельнічаць у інтэрактыўных гульнях. Так, дзеці з дапамогай вялікіх літар вывучалі алфавіт, разбіраліся ў тым, што такое фразеалагізмы, і ўдзельнічалі ў тэатралізаваных і музычных дзеях.

Новай і таксама своеасаблівай формай інтэрактыву сёлета сталі чытанні паэтычных твораў з балконаў. Атрымалася не проста цікава, а рамантычна. Мясцовыя паэты як сапраўдныя зоркі чыталі вершы пад музыку духавых аркестраў, якія прыехалі ў Іванава з усёй Беларусі. Прыклад таго, як можна захапляць паэзіяй і музыкай тых, хто раней нават не цікавіўся такімі відамі мастацтва.

Мясцовы каларыт

Самае адметнае, на што можна было звярнуць увагу, — традыцыйная кухня мясцовых гаспадынь. Ва ўсіх палатках госці частаваліся ежай, якая была прыгатавана па старадаўніх рэцэптах, якія, дарэчы, гаспадыні не раскрываюць. Як жа тут умеюць упрыгожваць стравы! Госці жартавалі, што толькі візуальны эфект можа зрабіць чалавека сытым. Вялікім попытам на свяце карысталіся баклажаны, запечаныя ў збанках у печы. А калі хто наважыўся паспрабаваць зрабіць так жа і жадаў набыць збанок, гатовыя былі дапамагчы рамеснікі. Напрыклад, кожны ахвотны мог узяць удзел у майстар-класе па ганчарстве ці бондарстве. Улічваючы, што адзіная школа бондарства ў Беларусі знаходзіцца ў Іванаве, то навыкі ўдзельнікі атрымалі ад сапраўдных майстроў. Можна было паглядзець, як працуюць мотальскія ткачыхі, пазнаёміцца з адметнымі строямі Іванаўшчыны.

Але ж найбольш вабіла як беларусаў, так і замежных гасцей лаборская карчма. Лаборамі раней называлі жыхароў Янава, якія хадзілі па свеце, збіраючы грошы на будаўніцтва і ўзнаўленне храмаў. Ад жыхароў суседніх мястэчак лаборы адрозніваліся вопраткай. Традыцыйным беларускім «магеркам» яны аддавалі перавагу шапкам з казырком. Будучы сялянамі, лапці не насілі прынцыпова, абувалі высокія боты. У халоднае надвор’е насілі расшытыя кажушкі. Жонкі лабораў славіліся вынаходлівасцю.

Успаміны пра лабораў у мясцовых жыхароў розныя: хтосьці гаворыць пра іх з усмешкай, а хтосьці называе жабракамі. Тым не менш кіраўніцтва горада плануе стварыць у Іванаве Музей лабораў.

Сапраўды, ёсць пра што падумаць. За гады падарожжаў у лабораў выпрацаваўся свой асаблівы дыялект, многія словы якога незваротна страчаны. А падчас свята ў лаборскай карчме нават мова лаборская гучала! Каб госці яе лепш маглі зразумець, можна было пагартаць дыялектычны слоўнік мясцовай гаворкі, які быў складзены супрацоўнікамі Іванаўскай раённай бібліятэкі. Ён уключае ў сябе 229 слоў. І калі ёсць рупліўцы, што захоўваюць гэтыя моўныя цуды, і мы можам зразумець, як гучыць наша Беларусь, як яна размаўляе ў розных сваіх рэгіёнах, то свята пісьменства выконвае сваю задачу.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара і БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.