Вы тут

Найлепшы час для ўборкі караняплодаў


Да канца свайго росту караняплоды буракоў і морквы назапашваюць вітаміны і асноўную масу пажыўных рэчываў. Таму правільна вызначыць час уборкі вельмі важна. Самыя хітрыя імкнуцца заняцца ўборкай ураджаю крыху раней, пакуль надвор'е не сапсавалася і не пачаліся зацяжныя дажджы. Але яны шмат губляюць як у смаку ўраджаю, так і ў яго карысці.


Дакладна ведаць тэрміны збору караняплодаў немагчыма, бо надвор'е бывае рознае і тэрміны ўборкі ва ўсяго свае. Спяшацца сапраўды не варта: морква шчасна перанясе першыя замаразкі. Нават калі выпадзе снег, нічога страшнага з ёй не адбудзецца. А вось за бураком трэба сачыць і паспець прыбраць да моцных замаразкаў. Справа ў тым, што ад іх на «галаве» караняплода ўтвараюцца мікратрэшчыны і буракі будуць дрэнна захоўвацца. Таму правіла простае — моркву збіраць ПАСЛЯ замаразкаў, а буракі — ДА.

Правільна вызначыць, калі капаць буракі, можна па нарастах на лісці і караняплодах, якія сведчаць аб спеласці буракоў. У гэтым выпадку можна капнуць адну расліну і па ёй меркаваць, час выкопваць астатнія ці не.

Найлепшы час для ўборкі — пагодлівы восеньскі дзянёк, калі тэмпература не ніжэйшая за +6 °С. Не бяда, калі цяплей. Такое надвор'е бывае ў кастрычніку.

Звычайна збіраюць ураджай уручную, выкарыстоўваючы вілы або рыдлёўкі, толькі калі немагчыма дастаць караняплоды рукамі. Падкопваць трэба вельмі акуратна, бо можна незнарок пашкодзіць расліны, з-за чаго яны не будуць захоўвацца.

Бацвінне ў морквы і буракоў адразу выдаляюць. У морквы яго можна адкруціць рукамі, а ў буракоў абавязкова зразаюць секатарам або вострым нажом. Звычайна на адлегласці 3 мм ад галоўкі, тады яна не пачне расці і не высушыць караняплоды.

Пасля выкопвання моркву і буракі мыць нельга. Камякі зямлі можна абцерці анучай або рукамі пасля таго, як яны трохі прасохнуць на градцы. Пасля гэтага караняплоды дасушваюць у прахалодным памяшканні.

Ураджай лепш за ўсё захоўваць у склепе. Моркву можна насыпаць у звычайныя скрыні і перасыпаць вільготным пяском. Часам караняплоды абмакваюць у гліну, але пры тэмпературы да +3 °С ураджай і так выдатна захаваецца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?