Вы тут

Як дапамагчы таму, хто сабраўся звесці рахункі з жыццём


Як зразумець, што блізкі чалавек гатовы спыніць сваё жыццё? Ці варта размаўляць з ім пра гэта і ўвогуле як сябе паводзіць, калі падлетак ці дарослы выказвае намер здзейсніць суіцыд? З якіх міфаў складаецца наша ўяўленне пра самагубства? Пра гэта расказала ўрач-псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля Грачышына.


— Чалавек, які адважыўся на самагубства, адчувае глыбокае гора, моцны душэўны боль, часта пачуццё немагчымасці справіцца са сваімі праблемамі, — тлумачыць Наталля Анатолеўна. — Нягледзячы на даволі вялікую колькасць інфармацыі на гэту тэму, у нас існуе мноства міфаў і забабонаў. Вось асноўныя з іх.

Міф: «Тыя, хто кажа пра самагубства, рэдка яго здзяйсняюць».

Факт: 90 % памерлых ад самагубства перад здзяйсненнем суіцыду прыводзяць важкія слоўныя доказы сваіх намераў, 40 % — звяртаюцца да спецыялістаў. Гэта значыць, амаль кожнаму суіцыду папярэднічаюць сігналы аб гатоўнасці да такога ўчынку. Калі хтосьці кажа пра здзяйсненне самагубства, размова хутчэй за ўсё ідзе пра папярэджанне або гэта «крык аб дапамозе».

Міф: «Калі чалавек кажа пра самагубства, ён імкнецца прыцягнуць да сябе ўвагу».

Факт: чалавек, які кажа пра суіцыд, адчувае востры псіхалагічны боль і хоча паведаміць пра гэта важным для яго людзям.

Міф: «Тыя, хто робіць спробу самагубства, хочуць памерці».

Факт: пераважная большасць хоча не смерці, а пазбаўлення ад невыноснага псіхалагічнага болю.

Міф: «Нічога не змагло б спыніць таго, хто прыняў рашэнне пакончыць з сабой».

Факт: большасць людзей, якія абдумваюць магчымасць самагубства, хочуць, каб іх пакуты скончыліся, і імкнуцца знайсці альтэрнатыву ці шляхі аблягчэння болю.

Міф: «Рызыка самагубства знікае, калі крызісная сітуацыя праходзіць».

Факт: пад знешнім спакоем можа хавацца цвёрда прынятае рашэнне, а некаторы пад'ём сіл пасля вострага крызісу, які мінуў, толькі дапамагае здзейсніць задуманае.

Міф: «Размовы пра самагубства могуць садзейнічаць яго здзяйсненню».

Факт: абмеркаванне суіцыдальных настрояў суразмоўніка насамрэч дэманструюць яму, што хтосьці гатовы зразумець і раздзяліць яго боль. Размова можа стаць — і часта становіцца — першым крокам у папярэджанні суіцыдаў.

Міф: «З дэпрэсіяй можна справіцца намаганнем волі».

Факт: заклікі накшталт «Вазьмі сябе ў рукі!», «Будзь мужчынам!» і іншыя толькі зніжаюць самаацэнку, паколькі свядома кантраляваць дэпрэсію не ўдаецца.

Міф: «Дзеці суіцыдаў не здзяйсняюць: ім рана».

Факт: у бальніцы раз-пораз трапляюць дзеці самых розных узростаў, якія свядома здзейснілі спробы самагубства.

— Завершаны суіцыд, на вялікі жаль, нельга выправіць, аднак яго можна папярэдзіць, галоўнае — быць уважлівымі да навакольных, — кажа Наталля Грачышына. — Існуюць арыенціровачныя «ключы», знакі, якія паказваюць на магчымасць суіцыдальнай актыўнасці.

Знакі суіцыдальнай рызыкі

  • прамыя пагрозы «Я збіраюся пакончыць з сабой», «У наступны панядзелак мяне ўжо не будзе ў жывых» ці ўскосныя пагрозы «Без мяне жыццё не пагоршыцца» ці «Часам хочацца пакончыць з усім гэтым раз і назаўсёды»;
  • нечаканыя змены настрою;
  • нядаўняя цяжкая страта;
  • раздаванне любімых рэчаў;
  • навядзенне парадку ў справах, раздача даўгоў;
  • страта самапавагі;
  • самаізаляцыя.

Калі ў вас узнікла нават нязначнае падазрэнне наконт магчымасці суіцыду або ёсць цяжкія асабістыя праблемы, не пакідайце чалавека сам-насам і не заставайцеся ў адзіноце. Самае лепшае — звярнуцца па дапамогу да спецыяліста — псіхолага, псіхатэрапеўта, псіхіятра-нарколага, якія своечасова акажуць кваліфікаваную дапамогу.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «У панядзелак мяне ўжо не будзе...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.