20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як адносіцца да тых, хто просіць дапамогі, стоячы каля ўвахода ў магазін?


У сталіцы нярэдка можна сустрэць у падземных пераходах або каля супермаркетаў людзей, якія стаяць з шыльдамі «Дапамажыце, памірае сын», «Ахвяруйце на лячэнне дзіцяці» або «Збіраю грошы на аперацыю маме». Калі шчыра, кожны раз, калі праходзіш міма, — сэрца крывёй абліваецца. І з гэтым нічога не можаш зрабіць, хоць нейкай часткай цвярозага розуму разумееш, што часцяком неяк занадта ўжо ціснуць на шкадаванне напісаныя фразы. Многія мінакі нагінаюцца, кладуць грошы... І ідуць па сваіх справах далей з адчуваннем выкананага абавязку.


«Я прачытала ў інтэрнэце, што майму хлопчыку патрэбна помпа...»

Наогул, псіхолагі кажуць, што, сустрэўшы чалавека з працягнутай рукой, жабрака ці бамжа, мы падсвядома праецыруем яго жыццёвую сітуацыю на сябе. Любы нармальны чалавек баіцца апынуцца на дне грамадства — і мы падаём міласціну, на ўзроўні падсвядомасці як бы адкупляючыся ад падобнага лёсу. Хоць, вядома, тут прысутнічае яшчэ і шкадоба да гэтых людзей, і імкненне хоць неяк дапамагчы ім. Але, пагадзіцеся, калі мы падаём грошы, нам важна ведаць, што яны будуць выкарыстаныя па прызначэнні.

Аднойчы наша чытачка Алена Кулікова з Мінска вырашыла не проста пакласці грашовую купюру ў працягнутую руку, а сапраўды дапамагчы.

— Я сутыкнулася з такім выпадкам: на адзін праектны інстытут прыйшоў слёзны ліст з Гомеля, дзе жанчына прасіла аказаць ёй дапамогу ў набыцці для дзіцяці інсулінавай помпы, — расказвае Алена. — Яна прасіла шэсць тысяч еўра і каб потым ёй давалі штомесяц 200 еўра на набыццё расходнікаў. Гэты інстытут знаходзіўся на той момант у складанай фінансавай сітуацыі, у супрацоўнікаў былі зусім невялікія зарплаты. Тым не менш, калі прыйшоў гэты ліст, па інстытуце прайшоў кліч: трэба сабраць грошы! У лісце быў пазначаны тэлефон. І я патэлефанавала па ім, каб удакладніць некаторыя дэталі і прапанаваць дапамогу нашага грамадскага аб'яднання.

Падняла трубку жанчына. Яна расказала, што яе хлопчык ходзіць у гімназію, добра вучыцца, займаецца спортам, гэта значыць вядзе актыўны лад жыцця. У ходзе размовы высветлілася, што ў яго першая група інваліднасці. «Але, — дадае Алена, — тут важна пазбегнуць блытаніны: для дзяцей па-іншаму разлічваюць інваліднасць, там лічыцца ступень страты здароўя. Дык вось першая ступень страты здароўя — гэта самы просты выпадак, у адрозненне ад першай групы інваліднасці для дарослых, якая лічыцца самай цяжкай. І калі ў дзіцяці ёсць нават нейкая мінімальная паталогія, то першую ступень страты здароўя нескладана атрымаць. Але ў большасці выпадкаў пасля 18 гадоў такіх дзяцей прызнаюць здаровымі».

Але самае цікавае, па словах Алены Куліковай, было далей. Як аказалася, ніякі доктар інсулінавую помпу для гэтага дзіцяці не прапісваў, мама проста прачытала ў Інтэрнэце, што ёсць такая помпа і што гэта добры варыянт для дзіцяці з дыябетам. Потым высветлілася, што гэтая мама даслала ліст з просьбай аб дапамозе не толькі ў гэты інстытут, а яшчэ ў шэраг арганізацый. Прычым яна не маці-адзіночка, у сям'і ёсць бацька. На пытанне, чаму б у такім выпадку не паспрабаваць самім збіраць грошы на помпу, якую ніхто не прапісваў, мама адказала: што вы, мы зараз збіраем грошы на новую мэблю...

«І што ў гэтай сітуацыі павінен рабіць праектны інстытут, супрацоўнікі якога на той момант атрымлівалі мізэрныя заробкі, бо не было заказаў? — задаецца пытаннем Алена. — Чаму людзі павінны адрываць ад сваёй сям'і грошы, каб дапамагчы гэтай маме сабраць на нейкую міфічную помпу?»

На бутэльку гарэлкі?

Пасля гэтага Алена Кулікова пачала звяртаць увагу на людзей, якія з жаласлівымі плакатамі стаяць каля магазінаў.

— Адна жанчына збірала грошы для свайго дзядзькі, — расказвае наша суразмоўніца. — Я падышла, прачытала яе плакацік. Там было пазначана прозвішча дзядзькі — назавём яго, дапусцім, Іванам Іванавічам — і напісана, што патрабуецца тэрміновая аперацыя ў Літве коштам каля 40 тысяч еўра. Я пытаюся: а што такое з вашым дзядзькам? Аказалася, яму трэба замяніць сардэчны клапан. А чаму ў Літве? Адказ: не ведаю, ён сказаў, што трэба там. У ходзе роспытаў высветлілася, што ў дзядзькі нават інваліднасці няма, ён жыве недзе на Палессі, адзін. Як такі хворы дзядзька можа жыць адзін?

Пасля апошняга пытання жанчына хуценька сабрала свае рэчы і кінулася прэч, расказвае Алена. І я зразумела, што няма ніякага дзядзькі і ніякай хваробы. А людзі «вядуцца», нават пакуль мы з ёй размаўлялі, падышоў нейкі мужчына з хлопчыкам гадоў пяці, даў хлопчыку купюру і той паклаў грошы. А мне ўжо было зразумела, што яны пойдуць Івану Іванавічу на бутэльку гарэлкі, а з гэтага таты з хлопчыкам і з іншых чуллівых людзей «няшчасныя» толькі пасмяюцца...

Яшчэ пра адзін выпадак расказала мая знаёмая: неяк яна стаяла на станцыі метро і побач з ёй стаяў мужчына, прыстойнага выгляду, з нейкай папкай у руцэ, і, мяркуючы па ўсім, пра нешта сур'ёзна разважаў... «Пад'ехаў цягнік, ён заходзіць побач са мной у вагон — і тут жа мяняецца проста на вачах, — са здзіўленнем расказвала знаёмая. — Закочвае вочы, нібы ён сляпы ад нараджэння, ідзе па вагоне і добра пастаўленым голасам вядзе слёзную гаворку пра дзіця, якое памірае. Людзі не скупіліся: даставалі грошы і падавалі яму. Ён змог ледзь не выбіць слязу ў добрай паловы вагона! На наступным прыпынку мы разам выйшлі. Чалавек зноў памяняўся ў твары і стаў падобны на самага звычайнага грамадзяніна, выглядам — нібы менеджара сярэдняй рукі, і вочы вярнуліся на месца...»

Дарэчы, Алена Кулікова сама 24 гады прапрацавала з інвалідамі і ведае, як выглядае пасведчанне інваліда і калі, як і з якой нагоды людзі атрымліваюць яго. «І калі чалавеку сапраўды патрэбны грошы на лячэнне, то ён зможа дакладна і адэкватна расказаць пра захворванне, — упэўненая яна. — А людзі, што стаяць са слёзнымі плакатамі, часта не ведаюць нюансаў хваробы, на якую спасылаюцца, блытаюцца ў дэталях, трымаюць перад сабой пасведчанне інваліда, а самі не разбіраюцца нават у групах інваліднасці...»

— Неяк я нават зайшла ў міліцыю (аддзяленне знаходзіцца на шляху дадому) і пацікавілася, чаму яны дапускаюць усё гэта жабрацтва, зразумела ж, што гэта «развод» чыстай вады, — дзеліцца наша суразмоўніца. — Дзяжурны мне адказаў: мы ўсё разумеем, але не маем права штосьці з імі зрабіць, таму што яны не хапаюць вас за рукі. Вось калі б хапалі за падол паліто і прасілі грошы, тады можна было б іх затрымаць. А так — гэта ваша права: хочаце, кідайце грошы, хочаце — не.

Як ставіцца да такіх людзей?

Такіх жабракоў апошнім часам развялося нямала. Але мы зараз наўмысна не разглядаем выпадкі, калі жабруюць цыганскія дзеці або на вуліцы падыходзіць чалавек са словамі «абакралі, не магу паехаць дадому, дапамажыце купіць білет». Не разглядаем жабракоў і алкаголікаў, якія сядзяць каля метро і збіраюць на выпіўку. Гэта больш-менш зразумелыя выпадкі, і мы адварочваемся або стараемся хутчэй «адкупіцца» ад гэтых людзей. Хоць, напрыклад, Ніцшэ лічыў, што чалавек — і які падае, і які не падае міласціну — у любым выпадку будзе лічыць сябе крыху вінаватым: падасі, значыць, у матэрыяльным сэнсе ты жывеш лепш, у чым і вінаваты перад гэтым чалавекам, не падасі — значыць, пашкадаваў некалькі капеек і пакінуў у бядзе, таксама дрэнна.

У гэтым артыкуле мы закранулі толькі выпадкі, калі жабракі выкарыстоўваюць «цяжкую артылерыю» — фразы, якія б'юць наводмаш, міма якіх не атрымліваецца прайсці абыякава, таму што яны аб самым дарагім: здароўі дзяцей, жыцці і смерці, нашых глыбінных страхах...

Гэтыя людзі «ціснуць» на наша шкадаванне і дамагаюцца сваёй мэты, бо многія з нас, напрыклад, з інваліднасцю не сутыкаліся і не разбіраюцца ў гэтым. Але тыя, якім сапраўды патрэбны грошы на лячэнне, не будуць стаяць на вуліцы з плакацікам. Яны будуць шукаць нейкія іншыя спосабы. Бо, стоячы на вуліцы з працягнутай рукой, наўрад ці можна сабраць на аперацыю, нават калі чалавек і не падманвае і жабруе менавіта з гэтай мэтай.

Таму, можа, лепшай дапамогай будзе, калі неабыякавы мінак падкажа, што ёсць і іншыя спосабы прасіць. Напрыклад, хоць бы звярнуцца ў сродкі масавай інфармацыі, дзе можна размясціць нумар разліковага рахунку для пералічэння грашовых сродкаў. Але пры гэтым трэба, вядома, падаць дакументы, якія сведчаць аб тым, што гэта не афёра. Для гэтых жа мэт існуюць і дабрачынныя фонды...

Так што хочаце дапамагчы хвораму дзіцяці — пералічыце грошы на рахунак у банку, які без адпаведных медыцынскіх дакументаў проста не адкрыюць. Рабіць дабро лепш правільна — так, каб дапамога даходзіла да тых, хто сапраўды ў ёй мае патрэбу.


А што кажа міліцыя?

У расійскай прэсе можна сустрэць публікацыі пра тое, што ў буйных расійскіх гарадах папрашайніцтва стала крымінальным бізнесам, у якім круцяцца вялікія грошы. Беларускія праваахоўнікі сцвярджаюць, што ў нашай краіне гаворка аб арганізаванай злачыннасці ў гэтай сферы не ідзе.

— Такіх даных у нас няма, хоць адзінкавы выпадак злачыннай групоўкі нядаўна быў выяўлены ў Магілёве, — заявіў «Звяздзе» начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Алег КАРАЗЕЙ. (Маецца на ўвазе выпадак з 25-гадовым ураджэнцам Рэчыцкага раёна, які жыў за кошт таго, што прымушаў людзей жабраваць для яго, — пра гэта наша газета пісала 29 жніўня гэтага года. — Заўв. аўт.).

Але ў цэлым кожны з тых, хто просіць міласціну, дзейнічае ў асноўным у адзіночку, лічыць Алег Каразей.

— Пра людзей, якія займаюцца папрашайніцтвам, можна сказаць, што яны знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і просяць дапамагчы, — гаворыць начальнік упраўлення прафілактыкі МУС. — З пункту гледжання закона за гэта адказнасці не прадугледжана. Іншая рэч, калі гаворка ідзе пра назойлівае прыставанне, тады гэтыя дзеянні можна кваліфікаваць па артыкуле 17.1 як дробнае хуліганства. Яны цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

У шэрагу выпадкаў людзі злоўжываюць дабрынёй мінакоў і падманваюць іх. Тады іх дзеянні можна кваліфікаваць як махлярства, гэта артыкул 209 (авалоданне маёмасцю або набыццё права на маёмасць шляхам зману або злоўжывання даверам). Такія дзеянні цягнуць пакаранне ад штрафу да папраўчых работ або пазбаўлення волі ў залежнасці ад абставін. (І дарэчы, у цяперашні час следчае ўпраўленне УСК па Віцебскай вобласці расследуе крымінальную справу аб махлярстве: абвінавачваная, жыхарка Мінскай вобласці, прыдумляла гісторыі пра смерць сваякоў, спрабуючы разжаліць людзей, якія аддавалі потым ёй грошы, а яна выдаткоўвала іх на спіртное і прадукты. — Заўв. аўт.).

Мы ў шэрагу выпадкаў атрымліваем скаргі ад грамадзян на людзей, якія займаюцца папрашайніцтвам у метро, пераходах, але тут трэба разглядаць кожную сітуацыю асобна.

Я лічу, што неабходна паведамляць нам пра сітуацыі, калі людзі для атрымання міласціны выкарыстоўваюць малалетніх дзяцей, у тым ліку грудных. Калі грамадзянін заяўляе, што ў яго настолькі гаротнае становішча, што няма чым карміць дзіця, значыць, неабходна ставіць пытанне аб разглядзе сітуацыі ў гэтай сям'і. Дзяржава павінна аказаць ёй дапамогу. Калі сям'я ў прынцыпе не выконвае сваіх функцый па выхаванню дзіцяці і клопаце аб ім, забеспячэнні яму мінімальна неабходных умоў, трэба ставіць пытанне аб адабранні дзіцяці з такой сям'і. Такія скаргі да нас паступаюць, і мы рэагуем на іх, прымаем меры па абароне дзяцей — аж да пазбаўлення бацькоўскіх правоў, калі будзе пацверджана, што не забяспечваюцца мінімальныя патрэбы дзіцяці.

Але ў асноўным гэта проста выпадкі, калі асобныя людзі знайшлі такі спосаб атрымліваць сродкі для пражывання. Хоць ёсць жа і іншыя спосабы. Калі ў чалавека сапраўды складанае становішча, дапамогу яму акажа дзяржава. Гаворка можа ісці і пра матэрыяльную дапамогу і дапамогу ў аднаўленні дакументаў пры неабходнасці — афармлення пенсіі, выдзялення месца ў спецыяльных цэнтрах для асоб без пэўнага месца жыхарства і г. д. Кожны грамадзянін, які знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, мае права на сацыяльныя паслугі, і наша дзяржава іх аказвае.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Ахвяруйце, людзі добрыя, на лячэнне дзіцяці...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.