19 Верасень, серада

Вы тут

Гутарка з Сяргеем Ягоравым


Са старшынёй Талачынскага райвыканкама Сяргеем Ягоравым карэспандэнт «Звязды» сустрэўся ў дзень святкавання 585-й гадавіны горада. У раёне напярэдадні «імянін» райцэнтра адкрыўся сучасны сельскагаспадарчы комплекс. Літаральна на вачах актыўна развіваецца манастыр, якому ахвяруюць нават зоркі эстрады. У мясцовай улады шмат цікавых ідэй наконт таго, як зрабіць горад і раён больш утульнымі для тутэйшых і прывабнымі для турыстаў.

Пра гэта расказаў кіраўнік мясцовай улады.


— Добрым падарункам раёну стала афіцыйнае адкрыццё прадпрыемства па вырошчванні беконнай свініны, якое адпавядае еўрапейскім стандартам. Сярэдняя зарплата, па словах прадстаўніка інвестара, на ўзроўні 1500 рублёў у месяц. Што прынесла раёну рэалізацыя гэтага праекта?

— Замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белдан» пачало фінансаваць будаўніцтва тры гады таму. Тэхналагічная вытворчасць распачалася пазалетась. Паэтапна было запланавана здаць пад ключ чатыры пускавыя комплексы. Сума інвестыцый — каля 62 мільёнаў рублёў. Было створана больш за 40 рабочых месцаў. Вытворчая магутнасць вырабу беконнай свініны — больш за 55 тысяч галоў, а гэта — 6000 тон мяса ў жывой вазе ў год. Свінак для развядзення прывозяць з Даніі. Паралельна вырошчваюць збожжавыя...

Безумоўна, для раёна наяўнасць такога прадпрыемства вельмі важны фактар. Яно ўжо паспяхова працуе, а афіцыйнае адкрыццё — знакавая падзея. Зразумела, што такое эфектыўнае прадпрыемства будзе спрыяць умацаванню эканомікі раёна, дапаможа вырашыць сацыяльныя пытанні. Напрыклад, для работнікаў запланавана пабудаваць каля дваццаці катэджаў.

— Сяргей Валер'евіч, для ганаровых гасцей святкавання юбілею Талачына арганізавалі і экскурсію ў манастыр. Гэты комплекс — духоўная здраўніца, куды прыязджаюць мноства людзей з розных краін. Ці ёсць планы наконт таго, як зрабіць гэта месца яшчэ больш прывабным для турыстаў?

— Насамрэч па блаславенне і вылячэнне душы і цела ў Свята-Пакроўскі жаночы манастыр райцэнтра прыязджаюць здалёк.

Ігумення матушка Анфіса, каб даведацца пра гісторыю, шмат працавала ў архівах розных краін. Высветліла, што, калі Талачын належаў Льву Сапегу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, ён у 1604 годзе заснаваў тут драўляны касцёл. З часам будынак перабудавалі, але рэшткі сцен і фундамента захаваліся да нашых дзён. І ў 1804 годзе касцёл быў ператвораны ў праваслаўную царкву. Зараз яна — упрыгажэнне Свята-Пакроўскага жаночага манастыра. Гэта адна з архітэктурных жамчужын на тэрыторыі былога СССР. Унікальнасць у тым, што ў часы позняга віленскага барока была створана адзіная на тэрыторыі сучаснай Беларусі царква з двухвежавым фасадам.

Побач у двухпавярховым будынку захаваўся келейны пакой, дзе спыняўся Напалеон.

Матушка стала ініцыятарам узвядзення капліцы, стварыла купальню... Паводле яе слоў, ёсць факты, калі нават людзі з хранічнымі хваробамі вылечваюцца ў крынічнай вадзе.

У планах, а іх шмат, — адкрыццё духоўна-асветніцкага цэнтра, пякарні, трапезнай для прыезджых, «Дзіцячага гарадка» з кафэ...

— «Звязда» ўжо паведамляла, што на святкаванні прэзентавалі скульптуру Талакі, ёсць намер стварыць музей пад адкрытым небам на тэрыторыі Друцкага гарадзішча. Што яшчэ зроблена і плануецца?

— Добраўпарадкавалі адзін з найстарэйшых у краіне паркаў — «Юзафполле», які знаходзіцца на ўскрайку райцэнтра. Налета запланавалі добраўпарадкаваць берагі ракі Друць, якая працякае праз Талачын. Для таго каб рэалізаваць задуманае, выкарыстаем грошы, заробленыя падчас суботнікаў.

Для тых, хто за здаровы лад жыцця, прадугледжваецца стварэнне вулічнага комплексу з трэнажорамі для заняткаў фізкультурай.

Ёсць і іншыя цікавыя ідэі, якія, упэўнены, калі будуць рэалізаваныя, спадабаюцца тутэйшым і гасцям.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Багатая гісторыя, добрыя перспектывы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.