Вы тут

Заснавальніца швейнай майстэрні — пра фантазію, эканомію і занятак для душы


Заснавальніца швейнай майстэрні Вольга Кастузік — пра палёт фантазіі, эканомію, памылкі пачаткоўцаў, сацыяльную адказнасць бізнесу і занятак для душы.


«Я шыю проста таму, што не магу не шыць: мне падабаецца ствараць новыя цікавыя рэчы, у галаве мноства ідэй, якія хочацца ажыццявіць, — гаворыць кіраўнік сталічнага швейнага каворкінга «На ўсю катушку» Вольга КАСТУЗІК у адказ на пытанне, навошта ёй усё гэта трэба. — Часам шыю нават «у стол», «у сметніцу», толькі каб праверыць, як будзе паводзіць сябе тая ці іншая тканіна; некаторыя рэчы могуць правісець недашытымі ў шафе год ці два, пакуль на мяне зноў не нападзе прага эксперыментатарства. А часам бачу прыгожую тканіну ці гатовую рэч у краме — і хочацца тут жа засесці, паспрабаваць зрабіць гэта самой».

Насамрэч Вольга, якая ў сваім жыцці працавала і піяршчыкам, і журналістам, і выкладчыкам усходніх танцаў, мае яшчэ «прыкладную» адукацыю швачкі-закройшчыцы. І гэта, бадай, было першым крокам да каворкінга. Другім стала нараджэнне дзіцяці — як часта бывае, у час дэкрэтнага водпуску дайшлі рукі да колішняга захаплення, але як след працаваць, маючы гарэзлівае малое, якому цікавыя і каляровыя абрэзкі, і нажніцы з іголкамі, не атрымлівалася.

Як?

— Справа ў тым, што шыццё, нават калі не было прафесіяй, увесь час заставалася маім хобі і выручала шмат разоў: калі ты пачатковец, вучышся ў інстытуце, паралельна працуеш на палову стаўкі, а трэба за месяц пабываць на пяці «тусовачных» мерапрыемствах і яшчэ на вяселлі ў трох сябровак (гэта цалкам рэальная гісторыя, якая была ў маім жыцці), — зразумела, што грошай на новыя ўборы не хопіць. І вось тады радуешся, што можаш пашыць сабе новую сукенку і другой такой дакладна ні ў кога не будзе. Я так і рабіла, а сяброўкі былі перакананыя, што ў мяне касмічны заробак, — смяецца стваральніца «Катушкі». — Але пазней, калі засвойвала ролю маці і жонкі, шчыра скажу, не хапала самарэалізацыі. Як быццам «дзень сурка», які распісаны па хвілінах, але ж мы, жанчыны, істоты крыху звар'яцелыя, нам трэба загрузіцца напоўніцу, і вось мне для поўнага шчасця не хапала шыцця. А паколькі шыць з дзіцем было немагчыма, пачала шукаць, дзе можна рабіць гэта, так скажам, на гасцявой тэрыторыі. Аказалася, што ідэя не новая, сумесныя працоўныя прасторы — каворкінгі — рэалізаваныя ў Маскве і Кіеве, а ў нас нічога падобнага на той час не было. І я загарэлася: атрымаецца, не атрымаецца? Дзякуючы краўдфандынгавай пляцоўцы і дапамозе многіх людзей, якія падтрымалі задуму рублём, удалося адкрыць майстэрню. Хаця праз год працы шчыра магу сказаць: тады я не ведала і паловы падводных камянёў і, канешне, паналамала дроў...

— Падзелішся каштоўным вопытам, у чым былі асноўныя памылкі?

— Як і большасці пачаткоўцаў, мне хацелася бачыць свой праект ідэальным са старту. Таму знайшла памяшканне ў 50 квадратных метраў у прэстыжным бізнес-цэнтры — гэта было не дарагое па сталічных мерках памяшканне, але дарагое для майго праекта, і практычна за першыя тры месяцы ўвесь бюджэт, які мы сабралі на краўдфандынгу і вылучылі з сямейных запасаў, растаў бясследна. Паўстаў выбар: зачыняцца альбо працягнуць справу? На сямейнай нарадзе з мужам вырашылі працягваць і шукаць дадатковыя шляхі для таго, каб выдаткі акупляліся: адкрыць курсы шыцця, нарошчваць дадатковыя паслугі і г. д. Цяпер праект жыве на нулявой самаакупнасці: у нас няма даўгоў, усе камунальныя плацяжы сплачаны, і хоць размова пра вялікі прыбытак пакуль што не ідзе, але мы бачым рэальныя перспектывы. Таму з дэкрэту я выйшла менавіта сюды, у майстэрню «На ўсю катушку», а не на звыклую офісную працу.

«Выбіраць паміж бізнесам і сям'ёй? Гэта даводзіцца рабіць штодня. Але родныя, безумоўна, на першым месцы. Мінулай зімой сын вельмі многа хварэў, таму шмат якія планы засталіся нерэалізаванымі. Мне яшчэ вельмі пашанцавала, што з дзіцем дапамагаюць бабулі, — вялізны ім за гэта дзякуй! За любой мамай у бізнесе стаяць бабулі».

— І гэта пры тым, што швейныя курсы — справа хісткая: сёння ёсць людзі, заўтра няма. Як муж адважыўся на такую рызыку?

— Ён з самага пачатку разам са мной верыў, што праект — грамадска значны, цікавы, таму трэба пастарацца яго рэалізаваць. Нават бізнесам не назавеш, гэта практычна наша агульнае другое дзіця, якое хочацца дарасціць да заўважных вынікаў. Да таго ж мы задоўга да пачатку работы селі і рэальна прыкінулі, наколькі крытычна для нашай сям'і ахвяраваць на працяглы час пэўнай грашовай сумай. І вырашылі, што ў суадносінах «праект — сямейная заначка» праект усё ж важнейшы. Калі спрабаваць, як не цяпер, калі ёсць і пэўны жыццёвы вопыт, і прафесійныя напрацоўкі, і фінансавая «падушка бяспекі»? Мы не марнуем грошы на непатрэбнае і разважаем не над тым, як жыць шыкоўна, а над тым, як жыць камфортна.

Навошта?

Гледзячы на багацце асартыменту адзення на кірмашах і ў крамах, задаешся пытаннем: навошта, з якіх меркаванняў дарослыя людзі пачынаюць вучыцца шыць, калі многім прасцей набыць рэч на сезон, а потым выкінуць ці аддаць?

Вучаніца курса Марына, педагог па прафесіі і мама траіх дзяцей, паўжартам, паўсур'ёзна сцвярджае, што толькі на курсах шыцця можа пасядзець пару гадзін спакойна і пазаймацца любімай справай, не адрываючыся штохвілінна на «чаму», «а дзе» і «мама, дапамажы». «Хоць асабіста для мяне майстар-клас дапамагае вырашыць яшчэ некалькі задач. Па-першае, сэканоміць: дзве пары дзіцячых спартыўных штаноў, якія я пашыла з абранай, якаснай тканіны, каштавалі мне як адна пара з масмаркета і з тканіны горшай якасці. Па-другое, мне вельмі падабаецца стыль «фэмілі лук», калі ўся сям'я адзетая ў аднолькавыя ці падобныя рэчы, але адшукаць іх, ужо гатовыя, для дзяцей і дарослых або складана, або зноў жа дорага. А вось пашыць — калі ласка! Ну і, нарэшце, праз некалькі заняткаў стала заўважаць, як запрацавала мая ўласная фантазія: дашываючы адну рэч, ужо думаю, як магу зрабіць другую, прыкідваю, як добра было б пашыць аднолькавую форму маім калегам-педагогам...»

Яшчэ адна вучаніца прызнаецца, што да гэтага шыць не ўмела і была перакананая, што рукі растуць «не адтуль», таму курсы — гэта быў выклік самой сабе. «Але пад такім пільным і чулым наглядам, на прафесійным абсталяванні, з падказкамі майстра нават у мяне не атрымалася сапсаваць тканіну, затое нечакана атрымалася папоўніць гардэроб некалькімі моднымі штучкамі».

Беата вучыцца шыць, каб ствараць рэчы цалкам на ўласны густ, а не марнаваць час на пошук спадніцы-мары ў крамах. Насця на выбраных рэчах — світшот, сукенка — засвойвае хітрыя тэхнікі, якія толькі звонку падаюцца складанымі. У кожнай з вучаніц свае «чаму», але аднолькавае задавальненне вынікам.

Хто?

Як і большасць беларусаў, Вольга ходзіць па крамах і купляе гатовае адзенне для сябе, сына і мужа, бо індывідуальны пашыў — далёка не заўсёды справа выгадная, часта зусім наадварот. «Умоўна кажучы, калі вы топ-менеджар на прадпрыемстве і зарабляеце ў дзень 100 долараў, то наўрад ці вы патраціце гэты дзень на тое, каб пашыць спадніцу, якую можна набыць у краме за 20 долараў, гэта нерэнтабельна. Але часта людзі шыюць не з фінансавых меркаванняў — ім проста цікава гэта рабіць. Да нас ідуць прадстаўнікі самых розных прафесій і ўзростаў — хоць, канешне, пераважна гэта жанчыны».

Зрэшты, ёсць адмысловы майстар-клас з сюрпрызам для мужчын — падчас яго ніводная іголка не пацярпела, удзельнікі застаюцца задаволеныя. А бывае, у «Катушку» прыходзяць і цэлымі сем'ямі: тут прыдумалі сямейны майстар-клас для мам і дзяцей. «Спачатку мы праводзілі іх бессістэмна: раз на месяц-два кідалі кліч і чакалі, пакуль набяруцца ахвотныя. Напрыклад, рабілі падушкі-совачкі, павязкі на галаву, навагоднія мяккія цацкі і нават дзіцячыя сарафаны. Далей будзем глядзець, што патрэбна самім удзельнікам: можа, камусьці падабаюцца не совачкі, а коцікі ці свінкі, таму ў гэтым сезоне мы імкнёмся не паўтарацца, а ўвесь час прапаноўваць штосьці новае. Неўзабаве плануем адкрыць на пастаяннай аснове сямейны клуб «Модная сава» і раз на тыдзень збіраць яго ўдзельнікаў, каб пашыць разам штосьці нескладанае і цікавае. На мой погляд, гэта будзе пэўная альтэрнатыва ўрокам працы — тое, што страціла за мінулыя гады школа, якая часта адбівала абавязковымі ўрокамі па пашыве фартухоў усё жаданне браць у рукі іголку ды нітку».

Наогул сюды можа прыйсці кожны ахвотны на базавы курс. Раз на месяц праходзяць бясплатныя групавыя заняткі, падчас якіх майстры вучаць здымаць меркі, разлічваць расход тканіны, рабіць некалькі дзясяткаў відаў швоў на машынках і аверлоку, вучаць правільна падшываць уручную ніз адзення і прышываць гузікі, шыюць невялікі пробны выраб. Гэтага, у прынцыпе, дастаткова, каб зразумець, ці будзе вам цікава займацца шыццём далей.

Але зазіраюць і тыя, хто добра ўмее шыць, але дома не стае неабходнага абсталявання: для прафесіяналаў існуе паслуга «атэлье самаабслугоўвання».

Што далей?

У ліпені швейны каворкінг «На ўсю катушку» ўзяў удзел у міжнародным праекце «Акадэмія актывізацыі прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці», які зладзілі Мясцовы фонд устойлівага развіцця «Інавацыі для рэгіёнаў» (Калодзішчы) і польскі Падляшскі фонд рэгіянальнага развіцця (Беласток). Навучанне на экспрэс-курсах прайшлі 24 жанчыны з розных раёнаў Міншчыны: на працягу месяца яны пашылі пяць розных вырабаў, засвоілі некаторыя швейныя хітрыкі, многія запісаліся на курсы далей і адзначылі, што хацелі б зрабіць шыццё рамяством. «Гэта значыць, у праекта ёсць перспектыва міні-бізнес-інкубатара, нашы курсы могуць стаць выдатнай базай для самазанятасці, — разважае Вольга Кастузік. — Цяпер у нашай краіне вельмі добрыя ўмовы для развіцця рамесніцтва, значна спрасціліся ўмовы рэгістрацыі дзейнасці па пашыве адзення — гэта значыць, што практычна адразу пасля курсаў можна пачынаць падпрацоўваць, а потым ствараць новыя майстэрні проста ў сваім рэгіёне — гэта ў Мінску атэлье і майстэрні на кожным кроку, а ў рэгіёнах справа пакуль не настолькі распаўсюджаная».

— Да чаго хацела б падступіцца далей — гэта стварыць анлайн-відэакурсы шыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — дадае Вольга. — На жаль, цяперашняе памяшканне зусім не прыстасавана для таго, каб у ім праходзілі такія заняткі, а цікавасць з боку патэнцыйных вучняў, дакладна ведаю, ёсць. Тым больш сёння ёсць швейныя машынкі з ручным кіраваннем, яны зручныя і для калясачнікаў: можна шыць рукамі проста націскаючы кнопку. Але ўсё ўпіраецца зноўку ў грошы: сваімі сіламі здымаць серыю відэаўрокаў прыйдзецца даволі доўга, да таго ж трэба, каб вучні мелі менавіта такое, сучаснае абсталяванне. Магчыма, знойдзем інвестараў, хоць бы тых жа вытворцаў швейных машынак, якія далучацца да такога сацыяльнага праекта, і ўдасца стварыць дамашнія майстэрні альбо выязныя ўрокі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара і з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «З дэкрэту выйшла ў сваю справу»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.