Вы тут

Як сямейны саюз стаў творчым


Калі знаёмішся з Уладзімірам і Людмілай, разумееш, што гэтую пару звёў сам Бог. Яны як той баян і скрыпка ў вясковым аркестры: адно без другога не ўявіць. Пэўна, няма на Лунінеччыне чалавека, які б не чуў пра іх дуэт. Адныя ведаюць Калянковічаў як мастацкіх кіраўнікоў дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля «Сунічка», іншыя — як вясельных музыкантаў. Але ўсе сыходзяцца на думцы, што дзе б яны ні з'явіліся, там дакладна будуць песні, танцы, смех. Ды не абы-якія, а самыя народныя!


Фальклорныя гены

Іх дом стаіць на ўскрайку вёскі Вулька-1, насупраць школы, у якой яны працуюць ужо амаль трыццаць гадоў. У госці да музыкантаў я завітала акурат напярэдадні 1 верасня.

— Страшна азірнуцца назад і задумацца пра тое, колькі дзяцей мы ўжо «выпусцілі». Здаецца, толькі ўчора прыехалі сюды. «Зялёныя» зусім, Вовава скрыпка і мой баян — вось і ўсё агульнае багацце, — успамінае Людміла.

— У гэта складана паверыць, але да таго, як мы сустрэліся, нашыя лёсы нібыта ішлі паралельна. Нарадзіліся ў беларуска-ўкраінскіх сем'ях: мая маці з Вінніцкай вобласці, яе — з Ровенскай, абодва нашыя ба́цькі з Брэсцкай. Мы скончылі музвучылішчы. Толькі я ў Брэсце, яна ў Баранавічах, — кажа Уладзімір.

Сустрэча, наканаваная лёсам, адбылася ў Мікашэвічах, куды маладую баяністку адправілі па размеркаванні, а ўчарашні салдат прыйшоў вучыць дзяцей гамам на скрыпцы. Да паразумення прыйшлі хутка: размаўлялі адной мовай — музычнай. Пажаніліся, але ў горадзе надоўга не затрымаліся.

— Гэта сучасную моладзь у вёску можна хіба адпрацоўкай па размеркаванні зацягнуць. Мы ў свой час ехалі з ахвотай. У Вульцы прапанавалі працу, жыллё ў інтэрнаце. А што яшчэ трэба маладым ідэйным музыкантам?

Уладзімір упэўнены, што за музычныя здольнасці ім з Людмілай трэба дзякаваць продкам:

— З дзяцінства памятаю, як усе пакаленні сям'і збіраліся за вялікім сталом і зацягвалі «Як служыў я ў пана». Тую самую песню, дзе пра «куру-шчабятуру, гусю-мусю-сюсю, качу, якая дробна скача». Вядомыя і аднолькава любімыя радкі як для ўкраінцаў, так і для беларусаў. Мой прадзед Рыгор быў кавалём, у вёсцы яго паважалі не толькі за цвёрдую руку, але і за тое, што ніводныя вячоркі не прапускаў — добры быў скрыпач. Да таго ж адзін мой дзядзька граў на мандаліне, другі на гітары. Таму ніхто не сумняваўся, што і я буду здольны да музыкі. Гены ўсё вырашылі.

У Людмілы свая гісторыя. Яе маці — знатная частушачніца. Калі на вёсцы ладзілі спаборніцтвы, хто больш прыпевак ведае, дык яна — заўсёды першая.

— Збяруцца матуліны сяброўкі ў нашай хаце і просяць: «Люда, бяры баян ды падыграй, а мы паспяваемо». Так на слых і навучылася мелодыі падбіраць, — прыгадвае жанчына. — У мяне часта запытваюцца, адкуль у маёй галаве столькі песень. Вядома, гэта матуліна спадчына.

Сыны Калянковічаў — Вадзім і Юра, як і бацькі, акунуліся ў фальклор з маленства. Калі трэба, і песню заспяваюць, і крыжачка затанчаць, і байку на мясцовым дыялекце раскажуць так, што ўсе заслухаюцца. Што цікава, дзе б яны ні апынуліся, заўсёды з гонарам падкрэсліваюць: мы з Вулькі-1, ёсць такая вёска на Палессі. Але прафесіі хлопцы абралі не звязаныя з творчасцю (старэйшы Вадзім працуе ў Кітаі, а малодшы Юра — дантыст у Мінску). Музычныя здольнасці цяпер дэманструюць толькі ў бацькоўскай хаце. Любяць зацягнуць што-небудзь народнае на два галасы.

З «валачобнікаў» у «сунічкі»

Фальклорны ансамбль у Вулькаўскай школе Калянковічы заснавалі адразу, як туды прыйшлі. Ніякіх амбіцыйных мэт перад сабой не ставілі. Што ведалі самі, таму і дзяцей сталі вучыць. Але перш за ўсе рабілі ўпор на традыцыі вёскі, у якой жылі.

— У 90-я гады мы былі частымі гасцямі Ніны і Васіля Шпакоўскіх — галоўных захавальнікаў вулькаўскага (ці, як тут кажуць, волянскага) фальклору. Хацелася пераняць у іх як мага больш мясцовых песень, каб перадаць будучым пакаленням. Мы цяпер і сябе лічым тутэйшымі, ведаем пра Вульку і яе жыхароў літаральна ўсё.

Цікава, што ніякіх папяровых ці лічбавых архіваў у Калянковічаў няма. Усе тэксты і мелодыі яны ведаюць на памяць: «Фальклор у чыстым выглядзе — вусная народная творчасць».

Першапачаткова іх ансамбль называўся «Валачобнікі». «Сунічкай» стаў з лёгкай рукі фотакарэспандэнта раённай газеты Рыгора Жука.

— Ён доўга разглядаў шкаляроў у кашулях са стракатай вышыўкай, калі рабіў пра нас матэрыял, а пасля сказаў: «Якія «Валачобнікі»? Гэта ж нашыя лунінецкія «Сунічкі». Мы пярэчыць не сталі. Назва ідэальна лягла на калектыў і падкрэсліла асаблівасць Лунінецкай зямлі, дзе ў кожным агародзе — сунічныя плантацыі, — кажуць Калянковічы.

Пачынаўся ансамбль з песень і танцаў. Але ў нейкі момант Уладзіміру падалося, што скрыпкі з баянам для калектыву малавата, і ён вырашыў дадаць музыцы жывога вясковага гучання. Бубен, трашчоткі, званочкі, рубель, дровы, калатушка, драўляныя лыжкі і нават каса — якіх толькі шумавых інструментаў не ўбачыш у гэтым ансамблі! Штосьці куплялі, але многае музыкант зрабіў сам. Гэта штучныя рэчы, у звычайных музычных магазінах не знойдзеш.

— Граць на іх нескладана, нават самыя маленькія ўдзельнікі «Сунічкі» з лёгкасцю становяцца віртуозамі. А ведаеце, як выглядаюць беларускія маракасы? Не здзіўляйцеся, і ў нас яны былі. Гэта невялікія скрынкі з сухім гарохам.

Уладзіміра можна смела назваць майстрам на ўсе рукі. Зараз ён працуе ўжо над другой колавай лірай. Інструмент старадаўні (на Беларусі з'явіўся яшчэ ў ХVІ ст.), незвычайны і даволі дарагі: «Вядома, вясковая школа такую пакупку дазволіць сабе не можа, дык чаму б не зрабіць самому?»

Калянковічы прызнаюцца, што нават праз трыццаць гадоў вывучэння фальклору яны ўсё адно зачараваныя ім.

— Можа, таму што жывём на Палессі, а яно ўвабрала ў сябе беларускую, украінскую, польскую і казацкую культуру? Тут фальклор асаблівы. Ёсць, напрыклад, песня, у якой аж чатыры назвы — «Лысы», «Надзя», «Карапет» і «Зялёны гай». У кожнай мясцовасці па-свойму спяваюць, танчаць пад яе па-рознаму, але мелодыя — адна.

— Бывае, прыйду да мамы пахваліцца: «Глядзі, якую я прыгожую беларускую песню для дзяцей знайшоў». Яна паслухае першы куплет і кажа: «Дык гэта ж украінская!» — расказвае Уладзімір.

Пасля гэтых слоў прашу маіх суразмоўнікаў заспяваць што-небудзь, яны не губляюцца:

— Ой, гудзе-гудзе музыка,

аж пазёмка сцелецца.

Ой, грайце музыканты,

хай мяце мяцеліца!

Народная культура — гэта не трэнд

Гонар Уладзіміра і Людмілы — калекцыя вышываных кашуль. Збіраць яе пачалі яшчэ да таго, як з'явіўся ансамбль.

— Самы першы экзэмпляр дастаўся ад дзядулі. Шыкоўны блакітны ўзор на саматканым палатне сабраны з найдрабнейшых крыжыкаў, — дэманструе любімую вышыванку Уладзімір. — Яшчэ адну мне зрабіла маці, дзве заказваў у вулькаўскіх майстрых.

Калянковічы прызнаюцца, што мода на вышыванкі, якая сёння пануе ў сталіцы, ім не вельмі падабаецца. Бо каштоўнасць элементаў традыцыйнага строю губляецца, калі нехта кажа: «Сёння гэта ў трэндзе».

— Народная культура не ўпісваецца ў вузкае паняцце моды. У «Сунічцы» нават самыя маленькія ведаюць, што ўзор на кашулі мае сакральны сэнс. Славяне верылі, што вышыўка засцерагае чалавека ад хвароб і ўсялякіх бед, — тлумачаць музыканты.

Таму да канцэртных касцюмаў Уладзімір і Людміла ставяцца з асаблівым пачуццём. Усе строі ансамбля ручной работы, іх робяць матулі і бабулі артыстаў. А кожнай кашулі тут даюць імя яе першага ўладальніка, бо ўсе касцюмы перадаюцца ад аднаго «сунічнага» пакалення іншаму. Перад кожным канцэртам «Сунічкі» адбываецца цэлы рытуал «беларускасці»: трэба бачыць, як маленькія хлопчыкі вучацца зацягваць тканыя паясы, а дзяўчаткі адна адной заплятаюць чырвоныя стужкі ў косы.

Дзеці прыходзяць у ансамбль, калі вучацца ў другім класе. Хтосьці скажа, што рана, але чым хутчэй пачнеш далучаць да народнай культуры, тым лепш.

Дзіву даешся, калі глядзіш на выхаванцаў Калянковічаў. Ім не трэба тлумачыць, наколькі важна ведаць свае карані і захоўваць народную культуру. У чым сакрэт?

— Можна штодзень казаць дзецям пра фальклор, але яны нічога не зразумеюць. А можна паказаць сваім прыкладам, што гэта крута. Мы ж заўсёды на сцэну выходзім разам. Абсалютна шчыра граем і спяваем. Дзеці гэта адчуваюць.

На развітанне запытваюся ў музыкантаў, ці не надакучваюць яны адно аднаму — разам і дома, і ў школе, і на канцэртах?

— У нас не толькі сямейны, але і творчы саюз. Шмат ідэй для «Сунічкі» ўзнікае менавіта пасля працы. На занятках — дзеці, і яны патрабуюць увагі. Там вучыш іх, а не творчасцю займаешся. Дома можна падумаць над новымі нумарамі. Наш тыповы вечар — сядзім спяваем, падбіраем мелодыі. На сваркі проста не хапае часу, — разважае Людміла.

Вячорак на вёсцы сёння няма. Але музыкантаў па-ранейшаму чакаюць на любых святах, у першую чаргу на вяселлях. У гэтым, магчыма, і яшчэ адзін складнік «сунічнага» шчасця Калянковічаў: калі перад вачыма пастаянна закаханыя пары, то і сам такім будзеш.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Сунічнае жыццё Калянковічаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...