Вы тут

Чамадан з цукеркамі


На двары загаўкаў, а потым пачаў шалянець ад таго, што ніхто яго не чуе і не ідзе на яго папераджальны гаўк, Шарык.


— Ау, хто ёсць у хаце? — пачулі Дарынка са старэйшым братам Шуркам чыйсці чужы мужчынскі голас.

Дзеці аж папруцянелі ад страху: маці недзе ў хляве доіць карову, старэйшыя сястра з братамі ў школе, бацька яшчэ не прыйшоў з работы, а яны адны ў хаце. Добра, што калі толькі загаўкаў сабака, яны муталем ускочылі на печ — чужынец не адразу іх у прыцемку разгледзіць і знойдзе. Прыціснуўшыся адно да аднаго, яны выглянулі з-за коміна: каля парога кухні, аглядаючыся, стаяў нейкі высокі мужчына ў вайсковай форме. Вось ён зняў з-за пляча мяшок з супонькамі і паклаў яго на табурэтку. Каля яе ж паставіў і чамадан. Потым развярнуўся і выйшаў на двор. Зноў загаўкаў-зайшоўся Шарык.

— Хто ета такі? — шэптам запытаў саму сябе Дарынчын брат. — Мо які злодзей? Але ж злодзей не будзе свой чамадан кідаць з мяшком. А мо бацькаў знаёмы ці начальнік? — працягваў гадаць брат. На меншую сястру, якая была на два гады малодшая за яго, ён не разлічваў: адкуль малая будзе ведаць і чым тут яна яму дапаможа, калі і сам ён нічога не разумее. Шурка ўжо сабраўся быў саскочыць з печы і ўхапіць у качарэжніку хоць бы ёмку, каб было чым адбівацца ад злодзея, але не паспеў — у сенцах пачуўся бразгат даёнкі, радасны голас мацеры і бас таго незнаёмца.

— Зараз, зараз, даражэнькі, я лямпу засвячу. Бач, як хутка зараз цямнее: ішла ў хлеў, дык яшчэ відно было, а пакуль падаіла Лыску, дык і змерклася. А я думаю, чаго ета наш Шарык разрываецца, каго там, на ноч гледзячы, нясе чужога? А тут ты, аказваецца, — прыгаворвала маці, увіхаючыся каля лямпы. Падкруціўшы кнот, каб было святлей, яна, нарэшце, абярнулася да незнаёмца і абняла, прыгарнула яго да сябе, прыгаворваючы-прычытаючы:

— А мой ты Іванка, а мой ты даражэнькі хлопчык, а які ж ты вымахаў высачэнькі, а цябе ж ужо і не дастаць — ты ж як тая драбіна стаў. Дай хоць пагляджу на цябе, родненькі! А чаму ж ты не напісаў, мы б жа стрэлі цябе на станцыі? Хіба няма каму? Перапалохаў сваім сюрпрызам. На матку-пакойніцу падобны, бач, і кропелькі пабраў, — маці правяла рукой па правай шчацэ вайскоўца, дзе была відна радзімка.

Дарынка з братам з печы, раскрыўшы раты, сачылі за ўсім тым незразумелым дзействам, што разгортвалася
на іх вачах.

— Мама, хто ета такі? — першы схамянуўся Дарынчын брат, — каго ета ты абдымаеш?

Ён на правах старэйшага заўсёды выскакваў наперад і па характары ён быў больш цікаўны за сястру. Маці называла яго яшчэ «малы ўеднік». Яна не паспела нічога адказаць, а мо не захацела, а толькі шчасліва ўсміхнуўшыся і глянуўшы на таго вайскоўца, кіўнула яму:

— Паглядзі на печ — там меншая шуядзь, а большыя ў школе яшчэ, на другой змене. Ці пазнаеш, выраслі, пакуль не бачыліся. Вой, мне ж малако трэба працадзіць і свінням яшчэ вынесці. Зараз абярнуся і будзем стол збіраць-гатаваць. Такі госць здарыўся! — радасная і шчаслівая, маці кінулася да даёнкі і гладышак.

Незнаёмец наблізіўся да печы і, засмяяўшыся, працягнуў рукі: — А ну, скачыце да мяне хутчэй, шуядзь, я хоць вас разгледжу. А што я вам прывёз!

Малыя пераглянуліся і не падумалі нават скакаць на рукі незнаёмца. Яшчэ чаго ўздумаў, што яны, дурныя? Абзываецца яшчэ.

— Ты хто? — смела запытаў Шурка, бо знаходзіўся на вышыні і ў хаце была маці. Дарынка толькі паглядала на таго дзядзьку.

— Што, не пазнаў брата, Шурык? А ты, Дарынка? Я ж фотаздымак вам прысылаў?

— Унё, якога яшчэ брата? Нашы браты і сястра зараз у школе, ты не брат, мы цябе не ведаем. Праўда, Дарынка? — запярэчыў хлопчык. Малая ў знак згоды толькі кіўнула галавой.

— Не пазналі, значыць? Я ж Іван з Калінкавіч, ваш стрыечны брат. Цёткі Фені пакойнай сын. Ваша маці — мая родная цётка.

— А і праўда, Дарынка. Гэта ж той наш Іван з картачкі на стале ў зале, — прашаптаў прама на вуха сястры брат. — Хадзем злазіць, цяпер не страшна.

Першы асмеліўся злезці з печы, канешне, брат. Толькі пасля яго спусцілася і Дарынка. Той Іван-брат адразу падхапіў Шурку і падкінуў да столі, а потым туды ж узляцела і Дарынка. У яе аж дых заняло ад страху і радасці адначасова. Яе яшчэ так моцна абдымаў і цалаваў той брат, прыгаворваючы пры гэтым:

— Ты бач, як выраслі — не пазнаць малечу. Ды дзе там пазнаеш, калі апошні раз прыязджаў, ты, Дарынка, у люльцы яшчэ спала, а твой брат вось такі быў, — і паказаў на сваё калена. «Шуядзь» стаяла, прывыкала да новага брата і з нецярплівасцю чакала, пакуль ён ужо выгаварыцца і пачне даваць ім гасцінцы: сам жа боўтнуў, як кажа іх маці, што штосьці там прывёз.

А той, нацешыўшыся малымі і зразумеўшы іх нецярплівыя пярэгляды паміж сабой, ступіў (нарэшце) да свайго чамадана. Паставіўшы яго на табурэтку, пстрыкнуў замочкамі і падняў крышку. Ад пабачанага малыя анямелі: чамадан быў поўны цукерак у рознакаляровых абгортках. Сказаць, што яны ў вочы не бачылі тых цукерак і ніколі не каштавалі — было б вялікім грэхам. Бацькі, няхай і зрэдку, але падсалоджвалі жыццё сваіх дзяцей гасцінцамі. Раз на месяц, напрыклад, калі іх бацька ездзіў здаваць свой «адчот» да Гомеля ў нейкую «дыстанцыю», дык ніводнага разу не вяртаўся дадому з пустымі рукамі. На стол урачыста выкладваліся каржы-пеўні з павідлавымі вачыма, з паўкіло падушачак або маленькіх ледзянцоў — «лампасе», вязанкі баранкаў і рабрыстая бутэлька з якім-небудзь сіропам. Асабліва смачны быў малінавы. Сіроп маці тут жа хавала ў скрыню, каб потым, калі хто з дзяцей захварэе, даваць па лыжцы для запівання ненавіснага рыбінага тлушчу. Перападалі малым гасцінцы і на дзяржаўныя святы — Новы год, 1 Мая, 9 Мая, 7 Лістапада («на Акцябрскую»), якія святкаваліся ў іх пасёлку-станцыі і на якія дахаты з'язджалася радня і госці з суседніх станцый. Дык жа не з пустымі рукамі яны заходзілі ў хату — ад гарадскіх гасцей на кожнага прыпадала па некалькі цукерак у абгортках, па перніку, а ад мясцовых — па жмені гарбузовых ці сланечнікавых семак, або арэхаў-лузанцоў. Але ж ніхто з іх ні разочку не прывозіў малым цэлы чамадан такога дабра — ракавых шыек, сняжкоў, дзюшэсу, ластавак, залатых ключыкаў. Нават бачыць столькі адразу не давялося.

— Ого! Гэта ўсё нам? — выгукнуў Шурка?

— Ого! Як багата! У Галькі няма столькі! — выгукнула ўслед за братам Дарынка.

— Якой Галькі? На ўсёй вуліцы разам ні ў кога столькі няма! — падвёў вынікі агледзін чамадана Шурка.

Да чамадана падышла маці і таксама ахнула:

— Іванка, нашто ж ты так патраціўся? Ты, мабыць, усе свае зберажэнні гахнуў? Гэтай жа чэмеры колькі ні дай тых цукерак, дык усё мала будзе.

— А вось і не мала, а багата нам Іван прывёз цукерак, — глянула знізу ўверх на свайго новага брата, які стаяў і шчасліва ўсміхаўся, Дарынка, і ўзяла яго за руку. Прызнала, значыць.

Раіса ДЗЕЙКУН

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.