Вы тут

Як вырошчваць рознакаляровыя маліны?


Пры жаданні сёння можна вырасціць маліны розных колераў — чырвоныя, жоўтыя, фіялетавыя, чорныя, рынак прапануе садаводам і многа разнастайных сартоў ажын, у тым ліку з ягадамі даўжынёй з пачак запалак. Вось толькі ці трэба спакушацца на такія экзатычныя навінкі? Паспрабуем разабрацца разам з загадчыкам лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур Інстытута пладаводства Людмілай Фраловай.


Праблема з зімастойкасцю вырашаная

Мы гуляем па садах інстытута і знаёмімся з разнастайнымі сартамі. На жаль, не ўдалося сфатаграфаваць ягады чорных малін — яны адышлі (выспяваюць як летнія маліны), затое ўдалося пабачыць, як такая расліна «крочыць» — яе галінкі выгінаюцца, утвараюць дзівосныя аркі.

Звычайная чырвоная маліна, ажына і маліна чорная — гэта ўсё «сёстры» з аднаго сямейства, а ёсць яшчэ і маліна сунічная (ці тыбецкая) і арктычная (княжаніка). І ў кожнай «сястры» свае асаблівасці. І хоць чорныя маліны — ягады не такія смачныя, як чырвоныя — больш сухія, дробныя, — варта на іх звярнуць увагу. Усё таму, што ў такіх пладах багата карысных рэчываў, у тым ліку Р-актыўных, і замежнымі вучонымі даказана, што чорныя маліны падыходзяць для прафілактыкі анказахворванняў.

У гэты час пачалі спець ягады на рэмантантных кустах — пры жаданні сюды можна прыехаць пазбіраць ураджай і адначасова прыгледзець сарты для ўласнага саду. У інстытуце выпрабоўваюць расліны, выведзеныя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, і змогуць падказаць, з чым можна сутыкнуцца пры вырошчванні заморскіх саджанцаў. Напрыклад, навошта вам «звязвацца» з раслінамі, не прыстасаванымі пад наш клімат? Дзякуючы працы селекцыянераў розных краін праблема з зімастойкасцю малін вырашаная. Вялікая колькасць сартоў можа выдатна пераносіць беларускія зімы.

А чаму б не падабраць у садзе культуры так, каб свежыя ягады вы атрымлівалі даволі працяглы час. Я папрасіла Людмілу Уладзіміраўну скласці такі набор для пачаткоўцаў. Хочаце мець ягады з канца чэрвеня да канца ліпеня, садзіце: Метэор (самы ранні), Бальзам (сярэдні, і назва тут невыпадковая — у ягад прыемны водар), пазней выспявае Алёнушка, а пасля яе Услада. Сярод летніх беларускіх сартоў можна згадаць жоўтаплодную маліну Мядовая. Што датычыцца рэмантантных малін, вучоныя найперш раяць выбіраць з рэестра раянаваных сартоў. Так, непераборлівая пры вырошчванні Бабіна лета, раней выспявае Геракл, пазней — Хэрытэйдж. І для душы можна пасадзіць Бранскае дзіва ці Рубінавыя пацеркі. Адзін з самых папулярных жоўтых сартоў — Аранжавы цуд.

А вось па ажынах селекцыя пакуль яшчэ толькі развіваецца, і новыя папулярныя сарты з буйнымі ягадамі маюць патрэбу ва ўкрыцці на зіму. І калі вы гатовыя гэтым займацца, можаце пасадзіць у сябе такія сарты, як Торнфры, Натчэз, Чэстар, наш беларускі — Стэфан. Калі ж вы хочаце «беспраблемныя» ажыны, якія добра зімуюць і без укрыцця, выбірайце Агавам.

І зусім неабвязкова садзіць розныя сарты ў розных месцах, расліны не будуць шкодзіць адно аднаму. Хіба толькі летнія і рэмантантныя маліны лепш развесці па ўчастку, бо догляд, абрэзка тут розныя. Так, першыя даюць плады на двухгадовых парастках, а ў другіх ураджай збіраюць з «маладняку».

У летніх малін больш шкоднікаў і хвароб, яны могуць зімаваць на атожылках і на другі год праяўляцца. А рэмантантныя маліны ў адзін год далі ўраджай — і мы скошваем іх наземную частку. Ягады на іх чыстыя,  бо, калі расліна квітнее, малінавы жук пайшоў у зімоўку, адкладаць яйкі няма каму. Праблемы могуць быць толькі з шэрай гніллю пладоў, асабліва пры паніжаных асенніх тэмпературах. Трэба своечасова збіраць ягады, можна зрабіць укрыццё ад дажджу.

Ягадныя спакусы

Адна з «фішак», якую сёння прапануюць садаводам, — малінавыя дрэвы. Дастаткова было прыдумаць цікавую назву, запусціць масіўную рэкламу — і людзі ўжо запалі на «цуда-расліну». Насамрэч такія прамастаячыя маліны не трэба спяшацца садзіць на сваім участку — яны патрабуюць высокага аграфону: угнаенняў, паліваў, іх трэба садзіць у абароненых ад вятроў месцах, абавязкова ўкрываць на зіму. Інакш з такой дрэвападобнай (ці, як яшчэ могуць падаваць на рынку, штамбавай, ці маліны інтэнсіўнага тыпу) расліны вам не сабраць добрага ўраджаю. А ці гатовыя вы да лішніх турбот і выдаткаў? Ды і прышчапіце звычайныя маліны — яны пачнуць моцна адгаліноўвацца і вы атрымаеце тое ж «малінавае дрэўца». Наогул так званыя «малінавыя дрэвы» не такая ўжо і навіна. Яшчэ ў 80-х гадах расійскі селекцыянер займеў насенне з шатландскай вопытнай станцыі і пачаў выкарыстоўваць атрыманыя расліны ў сваёй працы. У выніку вывеў шэраг бясшыпных сартоў прамастаячых малін, памер ягад на якіх уражваў, вось толькі культуры аказаліся больш уразлівымі да халоднага надвор'я.

Часта прапануюць праз інтэрнэт саджанцы за капейкі. Але бывае, што пад такую «акцыю» аматарам уцюхваюць смецце — расліны з раскарчаванай старой плантацыі. Гэта як састарэлую жанчыну браць замуж і хацець ад яе дзяцей. І добра, калі з такімі раслінамі вы не занесяце на свой участак хваробы і шкоднікаў. Пасадачны матэрыял павінен быць якасны!

Важна падрыхтаваць для будучых «гадаванцаў» глебу, зрабіць яе аналіз, абавязкова трэба ведаць узровень грунтавых вод, папярэднікаў, якія на ёй працавалі. Так, фермерам могуць дастацца землі, зарослыя інвазійнымі відамі і нават забруджаныя шкоднымі рэчывамі. Напрыклад, у савецкі час на палі сыпалі дуст і іншую хімію, якая магла назапашвацца ў глебе. Так, у аднаго з гаспадароў на ўчастку сохлі маліны, хаця ні хвароб ні шкоднікаў там не было. Высветлілася, што ў спякотны перыяд расліны шукалі вільгаць і іх карані дайшлі да ніжніх слаёў, дзе быў акумуляваны гірбіцыд.

Садзім?

Ці ведаеце вы, што ажыны бываюць куманікі (гэта кусты, да якіх мы прызвычаіліся) і расянікі — як правіла, бясшыпныя ліяны, пад якія спатрэбяцца шпалеры. Менавіта на другіх вырастаюць буйныя ягады. Расянікі і больш далікатныя. Яны могуць зімой пацярпець ад холаду, але самае крыўднае, калі пасля ўдалай зімы пупышкі на раслінах пашкоджваюцца зваротнымі замаразкамі, таму з такой культуры па вясне лепш не спяшацца здымаць спанбонд.

Расяніка, як і маліна чорная, не дае каранёвых атожылкаў, а множыцца дзякуючы ўкараненню верхалінак сваіх доўгіх галінак (так званага пульбавання). І жнівень — самы час для такой аперацыі. Прыкметай таго, што вашы расліны гатовыя да такой працэдуры, будуць лысыя парасткі (на верхавінках ліст драбнее ці сыходзіць, і сама галінка пачынае згібацца, утвараць «петлі»). Трэба прыкапаць верхавінкі, да кастрычніка расліна ўжо зможа даць карані. Пераносіць новую расліну на пастаяннае месца лепш вясной. Наогул ажыны лепш садзіць па вясне — у іх будзе багата часу, каб асвоіцца і падрыхтавацца да зімоўкі. Асенняя пасадка для маладой расліны — ужо сур'ёзнае выпрабаванне, нават пры ўкрыцці яна можа не перажыць зіму.

У той час як маліну чырвоную садзяць на адлегласці ў паўметра паміж кустамі, куманіку — 0,7 метра, маліне чорнай патрэбна не менш за метр, а расянікам, якія любяць раскідваць свае галінкі, можа не хапіць і двух. Выдатна, калі ў вас ёсць магчымасць пасадзіць гэтыя куль-
туры і ў больш прыдатнае асяроддзе. Усё ж на адным месцы яны могуць жыць каля дзесяці гадоў. Пры загушчаных пасадках ягады на кустах будуць не так хутка выспяваць, а ў даждлівае надвор'е пашкоджвацца шэрай гніллю. І найлепшая прафілактыка тут — прарэджванне куста. Трэба выдаляць непатрэбныя, слабыя, неразвітыя атожылкі, ад якіх ураджаю не дачакаешся.

Чаму б маліны не выкарыстаць як дэкаратыўны элемент на газоне: пасадзіць кусцікі, на якіх будуць спець ягады розных колераў?

Калі вам патрэбны вялікі ўраджай, зразумела — лепшы для пасадкі стужкавы спосаб. Калі ж у вас праблемы з зямлёй, можна зрабіць траншэю, пакласці туды ўрадлівую зямлю (важна загадзя вырашыць пытанні з глебай, знайсці перагной, пасеяць сідэраты).

Трэба ўлічваць, што маліна і калючая куманіка множацца каранёвымі атожылкамі і паступова будуць заваёўваць новыя тэрыторыі. Каб стрымаць распаўзанне маліны, людзі часам укопваюць шыфер і дахавае жалеза, але расліны з цягам часу могуць прабівацца і праз іх. Зразумела, ёсць сарты, якія даюць нямнога атожылкаў, але і ім патрэбна прастора. Таму выбірайце пад маліны-ажыны такія месцы, дзе раслінам будзе камфортна і дзе вы ім будзеце рады.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».