Вы тут

XIII Беларускі міжнародны медыяфорум праходзіць у Мінску


XІІІ Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства дзеля будучыні: лічбавы парадак дня для медыяпрасторы» працягвае сваю работу ў Мінску. Учора яго ўдзельнікі — кіраўнікі айчынных і замежных СМІ, сацыёлагі, палітолагі, навукоўцы і медыяэксперты — абмяняліся меркаваннямі ў прафесійных дыскусіях датычна лічбавізацыі медыйнай прасторы і пошукаў новых формаў, падыходаў і метадаў працы традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі.


Пер­шы на­мес­нік кі­раў­ні­ка Ад­мі­ніст­ра­цыі Прэ­зі­дэн­та Мак­сім Ры­жан­коў за­чы­таў пры­ві­тан­не кі­раў­ні­ка дзяр­жа­вы ўдзель­ні­кам ме­ды­я­фо­ру­му.

Не першы раз адну з самых вялікіх дэлегацый на форуме, які сабраў каля 300 экспертаў медыйнай сферы, прадставіла Расія, таксама вялікі прафесійны дэсант прыбыў з Кітая. Усяго ж удзел у тэарэтычным і практычным абмене журналісцкім вопытам бяруць прадстаўнікі амаль 30 краін, у тым ліку Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Італіі, ЗША, Літвы, Манголіі, Сербіі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Эстоніі і іншых.

«Праблема лічбавізацыі медыяпрасторы ўзнікла не ўчора і не сёння, проста актуальнасць яе з цягам часу ўсё ўзрастала, і зараз з разраду актуальных яна перайшла ў разрад злабадзённых, — абазначыў прыярытэты сёлетняга форуму яшчэ да пачатку яго работы першы намеснік міністра інфармацыі Павел ЛЁГКІ. — Гаворка ідзе пра тое, што істотна змяніліся ўмовы, парадыгма журналістыкі: цяпер мала займацца толькі вытворчасцю кантэнту, неабходна ўдзяляць значную ўвагу яго дыстрыбуцыі, засяроджвацца на якасным медыямаркетынгу. Гэтыя пытанні ў шэрагу іншых мы і абмяркоўваем з удзельнікамі медыяфоруму».

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ падчас пленарнага пасяджэння прапанаваў пагаварыць таксама пра адказнасць журналіста за ўздзеянне на свядомасць людзей: «Журналістаў часта абвінавачваюць у спробах маніпуляваць грамадскай свядомасцю, у нас бачаць арганізатараў інфармацыйных войнаў. Можа быць, усё значна прасцей і журналісты ўсяго толькі шукаюць праўду, імкнуцца хоць бы на словах, якія выказаны ў інтэрнэце, агучаны ў тэлеэфіры ці напісаны ў друкаваных выданнях, выбудаваць дарогу ад рэальнай рэчаіснасці да ідэалаў жыццёвага ўладкавання?..» Міністр нагадаў, што пяць месяцаў таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў тэлевізійным эфіры звярнуўся да ўсіх беларускіх СМІ са словамі пра тое, што задача журналістаў — фарміраваць канструктыўную грамадскую думку, весці аб'ектыўны, узважаны і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй. «Таму давайце спрачацца, выказваць розныя меркаванні тут, на дыскусійных пляцоўках нашай міралюбівай краіны — спрачацца з разуменнем таго, што мы паважаем свабоды і каштоўнасці дэмакратычнага грамадства, — заклікаў міністр. — Калі вы штосьці падкажаце нам у тэхналогіях, інструментарыі журналіста — мы, са свайго боку, будзем толькі ўдзячныя. Калі, вярнуўшыся дадому, праз свае СМІ вы пашырыце ўяўленне шырокай аўдыторыі пра стваральныя працэсы, якія ідуць у Рэспубліцы Беларусь, паверце — у нас вы знойдзеце сапраўдных сяброў і добрых інфармацыйных партнёраў».

Пра неабходнасць прафесійнай кансалідацыі так ці інакш гаварылі практычна ўсе ўдзельнікі форуму. «Свет сёння занадта складаны, каб дзяліць яго на Усход і Захад, Поўдзень і Поўнач, — мяркуе генеральны дырэктар расійскай Тэлевізійнай службы навін Аляксандр ГУРНОЎ. — Таму задача нашага медыяфоруму — не падзел на фракцыі, а пошук і распрацоўка той агульнай прафесійнай і наогул культурнай прасторы, у якой мы можам супрацоўнічаць і адказваць на сучасныя выклікі». А намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Аляксей КУБРЫН дадаў, што не трэба проціпастаўляць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя медыя, калі можна знайсці пункты судакранання і агульныя інтарэсы з імі. Адным з важных пунктаў такога партнёрства спадар Кубрын назваў вывучэнне блогасферы і ўзаемадзеянне з ёй.

Наколькі паспяховым можа быць такое супрацоўніцтва, расказала галоўны рэдактар партала Cozarіpress Яніна Козары з Бельгіі, якая прывяла наступны прыклад: у Антверпене ёсць сайт для дзяцей, які робяць па заказе дзяржавы дарослыя — журналісты і блогеры, — і ў простай і цікавай форме яны расказваюць як мясцовыя навіны, так і важныя падзеі сусветнага маштабу. Акрамя таго, бельгійскіх школьнікаў запрашаюць на фестываль блогераў і ютубераў, які таксама праходзіць пры падтрымцы дзяржавы ў якасці інвестыцыі ў блізкую будучыню.

Плюс ці мінус?

Далёка не ўсе бачаць у лічбавізацыі медыяпрасторы праблему. Так, першы намеснік старшыні Выканкама — выканаўчага сакратара СНД Віктар ГУМІНСКі перакананы, што лічбавы парадак дня, наадварот, адкрывае новыя магчымасці і стварае безбар'ернае інфармацыйнае асяроддзе, у прыватнасці, для ўзаемадзеяння нашых краін ва ўсіх сферах дзейнасці СНД.

Дырэктар Азіяцка-еўрапейскага бюро інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа» Фан ВЭЙГО прывёў канкрэтныя вынікі развіцця лічбавага сегмента ў традыцыйных СМІ і ўразіў гасцей і ўдзельнікаў форуму лічбамі: толькі англамоўная мабільная праграма партала навін Xіnhua news (а партал на сёння ўваходзіць у топ-100 найбуйнейшых інфармацыйных сайтаў у свеце) быў спампаваны ўжо больш як 200 тысяч разоў па ўсім свеце. Сотнямі тысяч карыстальнікаў вымяраецца і колькасць падпісчыкаў агенцтва ў сацыяльных сетках — і ўсё гэта, заўважае спадар Вэйго, толькі частка вялікай стратэгіі развіцця.

Праўда, нагадваюць эксперты, гонка за «лічбай» — справа хоць і жыццёва неабходная ў сучасным свеце, аднак вельмі нятанная. Як прызнаўся галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір СУНГОРКІН, на падтрыманне сайта выдання выдаткоўваецца больш за мільярд расійскіх рублёў у год. Але і вынік таго варты: штодня сайт наведвае каля чатырох мільёнаў чалавек. «Мы жывём у эпоху вялікіх лічбаў і вялікіх медыя, і гэта трэба мець на ўвазе, калі мы абмяркоўваем далейшы лёс медыя. Практычна штодня ў мяне цікавяцца: які лёс чакае папяровыя СМІ? Ніхто гэтага дакладна не ведае. Калі захаваецца грашовая падтрымка, то, напэўна, і колькасць папяровых СМІ павялічыцца — але, з іншага боку, назіраецца пастаянны адток рэкламы, а значыць, і прыбыткаў папяровых газет», — разважае рэдактар аднаго з самых высокатыражных расійскіх выданняў. Але ён нагадаў і пра адваротныя выпадкі — так, калі ў Расіі шырока абмяркоўвалася пенсійная рэформа і неабходна было патлумачыць даступнай мовай і вялікаму чытацкаму колу афіцыйныя дакументы, з гэтым лепш справіліся якраз традыцыйныя папяровыя выданні, тыраж якіх значна вырас.

У Беларусі ж на сёння, адзначае кіраўнік Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ прафесар Давід РОТМАН, да 95 % моладзі і да 50 % людзей сталага веку атрымліваюць інфармацыю праз інтэрнэт. Але гэта не прысуд традыцыйным СМІ, сцвярджае навуковец: «Перавага лічбавых медыя — у аператыўнасці, магчымасці даць інфармацыю практычна імгненна, але традыцыйныя СМІ могуць і павінны паглядзець на яе ў іншым ракурсе, прааналізаваць больш падрабязна і глыбока».

Перспектывы для развіцця друкаваных СМІ бачыць і дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Арменпрэс» Арам АНАНЯН: «Мы жывём у новай экасістэме, перанасычанай інфармацыяй, і спажыўцы ўжо не хочуць пасіўна чакаць навін, а жадаюць атрымліваць іх у рэжыме «тут і цяпер». Аднак я ні ў якім выпадку не раблю прагнозу, быццам у папяровых сродкаў масавай інфармацыі няма будучыні. Наадварот, адкрываюцца новыя, вельмі цікавыя магчымасці — напрыклад, праз выкарыстанне QR-тэхналогій, якія дазваляюць газетам трапіць у лічбавы свет».

Не выпусціць джына з бутэлькі

Масавае распаўсюджанне фэйкавых навін і злоўжыванне сацыяльнымі медыя для прасоўвання правакацыйнай інфармацыі, якая ўносіць разлад у грамадства, парушэнне нормаў этыкі, замаскіраваныя спробы распаліць «інфармацыйныя войны» — гэта той адваротны бок медаля лічбавізацыі медыяпрасторы, пра які нельга забываць і які трэба ўлічваць у паўсядзённай працы журналіста, пра што таксама многа, горача і грунтоўна гаварылі ўдзельнікі форуму цягам усяго дня.

«Калі ў краіне не будуць развівацца інфатэхналогіі, яна будзе адставаць ад іншых у развіцці. Аднак мы ні ў якім выпадку не павінны падпарадкоўвацца лічбаваму джыну, які сёння практычна захапіў свет, і дазваляць яму дыктаваць умовы, — рэзюмуе прафесар Еўраакадэміі, палітолаг, доктар філасофскіх навук Эдуард ЦІН з Эстоніі. — Мы павінны быць вышэй за джына і кіраваць ім». Дзеля гэтага, лічыць эксперт, трэба не гвалтоўна змагацца з лічбавізацыяй усіх сфер жыцця, а ўмела кіраваць ёю і скарыстоўваць усё лепшае, што даюць сучасныя тэхналогіі: дзецям — запампоўваць у гаджэты развівальныя праграмы, маладым людзям, якія масава «сядзяць» у сацыяльных сетках — дапамагаць рэалізоўваць праз інтэрнэт-суполкі грамадска значныя ініцыятывы, а традыцыйным СМІ — нястомна нагадваць, што ніякія самыя сучасныя прылады і лічбавыя тэхналогіі не заменяць «каркас» — добрую адукацыйную базу, на якую трэба нанізваць новыя навыкі і ўменні.

...Сёння Беларускі міжнародны медыяфорум прадоўжыць сваю работу ў Летняй школе журналістыкі, дзе навукоўцы, даследчыкі і прадстаўнікі вядучых СМІ правядуць майстар-класы і лекцыі для маладых журналістаў. Таксама госці з розных краін спрычыняцца да Года малой радзімы, абвешчанага ў нашай краіне, праедуць з экскурсіяй па Мінску і наведаюць шэраг аб'ектаў агратурызму ў Мінскай вобласці, у тым ліку парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пляцоўка для партнёрства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.