Вы тут

Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў плануе ўвайсці ў трансгранічны праект


Сувязі з суседзямі-палякамі ў Гродзенскага рэгіёна заўсёды былі цесныя. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць сумесных праектаў у рамках праграмы «Польшча — Беларусь — Украіна». Уключыцца ў работу плануе і маладая асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў Гродзеншчыны. Намеснік старшыні асацыяцыі Сяргей Каляда расказаў пра тое, якія захады тут ужо зроблены.


Сяргей Каляда.

Адна з самых выйгрышных сфер дзейнасці — турызм. Ён цікавы для абодвух бакоў. Дарэчы, самога Сяргея Каляду можна вылучыць у ліку першапраходцаў праектнай дзейнасці. Ён займаецца гэтай справай больш за 10 гадоў і, можна сказаць, значна дапамог раскрыць перад замежнымі турыстамі, у тым ліку палякамі, турыстычны патэнцыял рэгіёна. Паколькі Сяргей Каляда з'яўляецца адным з кіраўнікоў Гродзенскага аддзялення Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза, ён прапагандуе актыўны турызм — на байдарках, веласіпедах ці проста пешшу. Гэтаму кірунку быў прысвечаны першы праект «Невядомая Еўропа». Услед рушылі праекты «Планета ідэй», «Камунікацыі без межаў» — з польскім бокам і некалькі — з літоўцамі. На сродкі, якія выдзяляліся для іх ажыццяўлення, праводзіліся сустрэчы, семінары, закуплялася абсталяванне і ўдасканальвалася турыстычная інфраструктура. Дарэчы, у рамках праектаў у Гродне і яшчэ ў шасці гарадах вобласці адкрыты турыстычна-інфармацыйныя цэнтры.

Каб убачыць, як можна працаваць у гэтым кірунку, члены асацыяцыі праехалі па Навагрудскім раёне. Тут цяпер рэалізуецца чатыры трансгранічныя праекты. Усе яны звязаны з турыстычным патэнцыялам рэгіёна — знакавымі аб'ектамі і цікавымі фактамі. Падчас праектнай работы будуць створаны і турыстычныя маршруты.

— Важна, каб дэпутаты самі ўбачылі, як гэта працуе. Не ўсе ўяўляюць рэальную карысць ад праектаў. Для многіх дэпутатаў гэта новая справа, — падкрэслівае Сяргей Каляда. — Таму знаёмім членаў асацыяцыі з тымі, хто выйграў такія праекты, каб дэпутаты бачылі, якія вынікі з гэтага атрымаюцца.

Гістарычны будынак, які аднаўляецца ў рамках трансгранічнага праекта.

Ёсць чым падзяліцца і самому Сяргею Іванавічу. Сёлета яго турыстычна-спартыўны саюз і абласное ўпраўленне спорту і турызму сталі партнёрамі гарадскога самакіравання польскага гарадка Сакулка.

— Мы ствараем турыстычны маршрут ад Гродна да Сакулкі, які называецца «Шляхам Тызенгаўза», — паведаміў Сяргей Каляда. — У рамках праекта адбудзецца рэканструкцыя былога дома віцэ-адміністратара ў Гродне і падобнага будынка на польскім баку. Абодва аб'екты адносяцца да адной эпохі — другой паловы ХVІІІ стагоддзя, гэта перыяд праўлення гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Кожны бок будзе рамантаваць свой аб'ект.

Гістарычны будынак у Гродне знаходзіцца ў цэнтры горада, раней тут размяшчаўся дзяржаўны архіў. Пасля рэканструкцыі гэта будзе культурна-асветніцкі цэнтр з прадстаўнічымі функцыямі. Тут будуць сустракаць дэлегацыі, падпісваць дагаворы, праводзіць канферэнцыі, бізнес-сустрэчы, пленэры, у тым ліку і дзіцячыя, а таксама музычныя вечарыны і розныя іншыя імпрэзы. Плануецца стварыць адпаведную атмасферу тых часоў з дапамогай тэатралізаваных пастановак.

На гэта, згодна з праектам, выдзелена 700 тысяч еўра. Для гарадскога бюджэту добрая перспектыва, бо пацягнуць рамонт будынка, якому 250 гадоў, і яшчэ аздобіць яго такой «начынкай» даволі складана. Магчыма, удзел у праектах можа дапамагчы ў аднаўленні іншых гістарычных аб'ектаў, якіх яшчэ даволі шмат на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. І членам асацыяцыі, і ўвогуле дэпутатам варта звярнуць на гэта ўвагу, лічыць Сяргей Каляда.

Ён, як намеснік Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў, плануе падключыць да гэтай справы сваіх калег — асацыяцыю дэпутатаў з суседняга Падляскага ваяводства Польшчы. Сферай агульных інтарэсаў беларусаў і палякаў стаў Аўгустоўскі канал, які праходзіць па тэрыторыях абедзвюх краін. Ужо здзейснена некалькі сумесных праектаў па яго «раскручванні». Нядаўна польская дэлегацыя пабывала ў Гродне, дзе прайшло пасяджэнне рабочых груп па развіцці канала. Прадстаўнікі самакіравання Падляскага ваяводства гатовы ўдзельнічаць у новых турыстычных ініцыятывах, адзначыў Сяргей Каляда. Напрыклад, цяпер з дэпутатамі польскай асацыяцыі ўжо ажыццяўляе веласіпедны праект Гродзенскае абласное ўпраўленне спорту і турызму. Новы міжнародны маршрут «Аўгуст Вела» пройдзе па тэрыторыі дзвюх краін, яго працяг па Гродзенскай вобласці складзе 60 кіламетраў. Тут будуць і станцыі па рамонце, і месцы адпачынку, і іншы сэрвіс. Адкрыццё маршруту запланавана на будучы год.

Аўгустоўскі канал.

— Гэта таксама прыярытэтны кірунак для праектаў, — падкрэсліў Сяргей Каляда. — З наступнага года Аўгустоўскі канал увойдзе ў водную сістэму Беларусі. Гэта значыць, што ёсць неабходнасць у стварэнні адпаведнай інфраструктуры турызму і адпачынку. З такімі прапановамі наша абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў магла б увайсці ў так званыя малыя праекты трансгранічнай праграмы «Польшча — Беларусь — Украіна».

Можна сказаць, што Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў даволі шчыльна падступіла да міжнароднай праектнай дзейнасці. Новы імпульс забяспечвае і бязвізавы рэжым, які сёлета пашырыў рамкі дзеяння і тэрмін знаходжання замежных турыстаў. Дарэчы, з пачатку года Гродзеншчыну наведалі ў рэжыме «бязвіз» 55 тысяч чалавек з 60 краін свету.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як гэта працуе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».