19 Верасень, серада

Вы тут

На беларуска-расійскай канферэнцыі знайшлі напрамкі для с/г прарыву


На беларуска-расійскай канферэнцыі ў Горках знайшлі напрамкі для прарыву ў сельскай гаспадарцы

Не па-восеньску сонечная і цёплая раніца. Па парку горада Горкі шпацыруюць студэнты: некаторыя павольна, нетаропка, размаўляючы па тэлефоне, хтосьці амаль бягом, спазняючыся на першую пару. Знаёмыя сцежкі абавязкова выведуць да роднай альма-матэр — Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі... Днямі будзённы рытм самага старога ўніверсітэта краіны парушыла значная падзея — ВНУ стала пляцоўкай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Аграрная палітыка Саюзнай дзяржавы: вопыт, праблемы і перспектывы».


Падчас агляду экспазіцыі аграрнай выстаўкі.

Мерапрыемства — яшчэ адна падзея з шэрагу прымеркаваных да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сімпозіум працягваўся два дні. У першы ўдзельнікі працавалі ў трох тэматычных секцыях: стварэнне адзіных спецыялізаваных селекцыйна-генетычных цэнтраў, распрацоўка сістэм машын сельгаспрызначэння, развіццё аграрнай адукацыі. На наступны дзень было запланавана пленарнае пасяджэнне, падчас якога прадстаўнікі кожнага напрамку прадставілі вынікі сваіх абмеркаванняў. Прывітальнае слова ўдзельнікам накіраваў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч:

«Адной з галоўных задач на сучасным этапе развіцця з'яўляецца фарміраванне адзінай аграрнай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Яна мае на ўвазе стварэнне агульнага рынку, яго харчовую бяспеку, стварэнне міждзяржаўных кааперацыйных і інавацыйных структур у галіне сельскагаспадарчага машынабудавання і жывёлагадоўлі, сумесную падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу, устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый».

Мадэратарамі сустрэчы сталі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў і яго калега з Расіі — Вадзім Нікалаеў, член Камітэта Савета Федэрацыі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні.

Секцыя 1.

Селекцыйна-генетычныя цэнтры

Неабходнасць іх стварэння вызначана рашэннем Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы 2017 года. Задача праграмы, распрацаванай больш за год таму, — на аснове інавацыйных метадаў стварыць адзіную сістэму селекцыйнай работы. Гэта дапаможа выйсці на імпартазамяшчэнне і забяспечыць айчынных вытворцаў высокапрадукцыйным племянным матэрыялам.

«Яшчэ адна мэта — за кошт гэтага генетычнага прагрэсу забяспечыць павышэнне прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі, мясной жывёлагадоўлі і свінагадоўлі, каб павысіць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі і гарантаваць такім чынам харчовую бяспеку Саюзнай дзяржавы», — прадставіў змест секцыйнай работы доктар сельскагаспадарчых навук Аляксей Новікаў, намеснік дырэктара Усерасійскага навукова-даследчага інстытута племянной справы.

У навукоўцаў не ўзнікла рознагалоссяў наконт палажэнняў канцэпцыі праграмы — яе прапануюць выносіць на Форум рэгіёнаў. Цяжкасці ў зацвярджэнні такіх дакументаў — шырокае кола ўзгадненняў. Таксама была прапанавана ідэя стварыць групу з членаў Саветаў верхніх палат парламентаў, якая да форуму распрацуе дарожную карту вырашэння пытанняў, што ўзнікаюць падчас зацвярджэння праграм.

Краіны маюць выдатны сумесны вопыт у развіцці жывёлагадоўлі, але апошнія дзесяцігоддзі ёсць тэндэнцыя арыентацыі на замежныя тэхналогіі.

Яшчэ адна прычына, па якой павінны працаваць адзіныя селекцыйна-генетычныя цэнтры, — павышэнне колькасці захворванняў. Усё часцей з'яўляюцца звесткі пра ўспышкі афрыканскай чумы свіней, птушынага грыпу. «Яны (захворванні. — Аўт.) у найбліжэйшы час могуць заблакіраваць увогуле ўзаемадзеянне паміж краінамі ў гандлі не толькі прадуктамі харчавання, але і племяннымі матэрыяламі», — кажа Ігар Брыла, намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі.

Секцыя 2.

Распрацоўка сельгасмашын

Поўная назва тэмы гучыць наступным чынам: «Распрацоўка сістэм машын сельскагаспадарчага прызначэння Саюзнай дзяржавы як аснова ўкаранення сучасных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій у аграпрамысловым комплексе». Сэнс гэтай аб'ёмнай назвы дастаткова просты — стварыць устаноўкі дакладнага земляробства.

Але гэта павінны быць ужо не проста машыны, а цэлыя комплексы.

«Тут на дапамогу нам прыходзяць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць не толькі забяспечыць высокую эфектыўнасць кіравання, але і кантроль за выкананнем гэтых працэсаў», — адзначыў Пётр Казакевіч, намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

Яшчэ адно патрабаванне да агрэгатаў — высокая тэхнічная і тэхналагічная надзейнасць.

«Актуальнасць тэмы, якая была разгледжана на нашым пасяджэнні, звязана яшчэ і з тым, што колькасць занятых у сельскай гаспадарцы мае пастаянную тэндэнцыю да скарачэння. Гэта датычыцца ўсёй сусветнай сельскай гаспадаркі і цалкам суадносіцца і з Беларуссю, і з Расіяй. Каля 15—20 гадоў таму ў нашай сельскай гаспадарцы было занята больш за мільён чалавек, а сёння — гэта толькі 350—360 тысяч», — выказаў меркаванне Пётр Казакевіч.

Разумець, куды рухацца навукоўцам у дачыненні да машынных комплексаў, дапаможа дакумент аб сістэмах машын.

«Сістэма машын магла б дакладна вызначыць навукова абгрунтаваныя параметры тэхналагічных комплексаў машын, найбольш эфектыўных для вытворчых умоў нашых краін. Сёння, на жаль, тэхнічнае аснашчэнне і сельскай гаспадаркі Беларусі, і сельскай гаспадаркі Расіі далёкае ад аптымальнага», — сказаў Пётр Казакевіч.

Толькі аб'яднаўшы намаганні і навукоўцаў, і канструктараў, і вытворцаў, можна паспяхова вырашыць пастаўленыя задачы. Плённай уяўляецца кааперацыя дзеля стварэння машын для кормавытворчасці, збожжавай гаспадаркі, механізацыі малочнай вытворчасці. Развіцця патрабуе і айчыннае пладаводства.

Звярнуў увагу навуковец і на складаны працэс прыняцца праграм. Пакуль будуць разглядацца дакументы, новыя машыны могуць застацца непатрэбнымі ці неактуальнымі.

На пленарным пасяджэнні.

Секцыя 3.

Адукацыя аграрыяў

Пастанаўленнем Саўміна Саюзнай дзяржавы мінулага года вызначаны чатыры прыярытэты развіцця адукацыі — збліжэнне сістэм, акадэмічная мабільнасць, маладзёжная палітыка і распрацоўка адзінай палітыкі ў акрэдытацыі ўстаноў адукацыі.

«Гэтыя чатыры кірункі, якія зацвердзілі, павінны быць рэалізаваны. Яны не могуць быць рэалізаваны кожнай установай адукацыі самастойна», — кажа Алена Колеснева, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Таму парламентарый падтрымлівае ідэю стварэння вучэбнага каардынацыйнага цэнтра, аснову якога павінны скласці дзве вядучыя аграрныя ВНУ краін.

Падводзячы вынікі работы секцыі, Аляксандр Папкоў адзначыў: «Трэба ствараць гэтыя цэнтры, дзе будуць выпускаць спецыялістаў і рыхтаваць будучых прафесіяналаў. Давайце паглядзім, наколькі нашы выкладчыкі гатовыя несці новыя веды. Каб несці новыя веды, нам трэба навучыць выкладчыкаў».

Навуковых візітаў, агульных вучэбных дапаможнікаў, адзіных сумесных праектаў для грунтоўнага супрацоўніцтва ўжо недастаткова.

Дакументы, канцэпцыі, прапановы, падрыхтаваныя на канферэнцыі, дадуць глебу для абмеркаванняў і сустрэч на V Форуме рэгіёнаў у кастрычніку. Некаторыя напрацоўкі навукоўцаў і прадстаўнікоў улады ўвойдуць у выніковы дакумент форуму.

Аляксандр Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні:

— На аснове задач, якія былі вызначаны нашымі прэзідэнтамі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, мы павінны напрацоўваць пэўныя тэхналагічныя кірункі на аснове лічбавай эканомікі. У прыватнасці, тое, што мы сёння абмяркоўвалі, — стварэнне селекцыйна-генетычных цэнтраў. Мы павінны злучыць інтарэсы і магчымасці Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь для таго, каб выйсці да імпартазамяшчэння па многіх кірунках і ў птушкагадоўлі, і ў свінаводстве, і ў малочнай жывёлагадоўлі. Патэнцыял у дзвюх краін ёсць. Я мяркую, што наша навуковая супольнасць і практыка сёння могуць рэалізоўваць такія праграмы. Мы вельмі сур'ёзна абмяркоўвалі практычныя падыходы, і, думаю, будзе прынята праграма дзеянняў на перспектыву.

Другое — гэта пытанні стварэння новай сістэмы машын на аснове лічбавай эканомікі і дакладнага земляробства і жывёлагадоўлі. Мы ў свой час правялі вельмі сур'ёзную работу ў частцы тэхнічнага пераўзбраення і бачым, што нашы прамысловыя прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання выканалі задачу.

Мы павінны сёння мабілізаваць і навуковую супольнасць, якая магла б прапанаваць праекты, запатрабаваныя практыкай. Безумоўна, мы павінны злучыць інтарэсы дзвюх дзяржаў.

І апошняе. Без падрыхтаваных кадраў вырашыць гэтую задачу немагчыма. Сучасны спецыяліст павінен валодаць не толькі пытаннямі інфармацыйных тэхналогій, ведаць мовы, быць высокапрафесійным, прайсці добрую падрыхтоўку і стажыроўку. У яго павінен быць шырокі кругагляд для прыняцця рашэнняў.

Вадзім Нікалаеў, член Камітэта Савета Федэрацыі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні:

— Перш за ўсё сёння было ўзнята пытанне аб стварэнні селекцыйных цэнтраў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Гэта вельмі неабходна. Мы гэта разумеем, і ёсць шляхі, як мы гэта вырашым. Як кажуць, хопіць гаварыць, давайце працаваць. І такі момант надышоў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Дзмітрыя МАХАМЕТА («Горацкі веснік») і БелТА

Загаловак у газеце: Адзін у полі не воін

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.