Вы тут

Што можа зрабіць на карысць выбаршчыкаў сельскі дэпутат


Пашанцавала таму кіраўніку сельскага Савета, які можа назваць свой дэпутацкі корпус камандай. Нярэдка падчас папярэдняй, ды і ранейшых выбарных кампаній даводзілася чуць, што мясцовыя Саветы ў вёсках сябе паступова зжываюць. Склад іх нярэдка бывае фармальны, многія значацца толькі на паперы. Але ж апошнім часам даводзіцца сустракаць прыклады зусім іншага кшталту. Вось і старшыня Малькавіцкага сельскага Савета Ганцавіцкага раёна Таццяна ЛІТВІНОВІЧ гаворыць: «Дэпутаты — гэта мой актыў, падтрымка і апора».


Таццяна ЛІТВІНОВІЧ і Вадзім АГАЛЕЦ.

Прадаўцы сельмагаў

Варта сказаць, што сельсаветы на Ганцаўшчыне маюць сваю спецыфіку. У іх склад уваходзіць некалькі населеных пунктаў, а не два-тры дзясяткі вёсак, як у Камянецкім альбо Пружанскім раёне. Але адлегласці паміж населенымі пунктамі тут бываюць даволі вялікія. І мясцовай уладзе важна мець свайго пастаяннага прадстаўніка ў той ці іншай вёсцы, які здольны аператыўна вырашаць асобныя пытанні нават па інфармаванні насельніцтва, які заўсёды на сувязі. У Малькавіцкі сельсавет уваходзяць тры вёскі. Акрамя Малькавічаў ёсць яшчэ Задуб'е і Ліпск.

Дэпутатам ад Ліпска стала Ганна Сайко. Жанчына працуе прадаўцом у тутэйшай краме. З людзьмі камунікуе штодня, ведае ўсе іх праблемы, выступае сапраўдным вясковым лідарам. Яна, напрыклад, правяла вялікую падрыхтоўчую работу па падборы кандыдатуры старасты. Ды і арганізацыйную частку справы па правядзенні сходу таксама ўзяла на сябе. Такім чынам старастам у Ліпску абралі сапраўды аўтарытэтную і энергічную жанчыну Наталлю Лашко. А дэпутат ёй ва ўсім дапамагае. Як дэпутат Ганна Іванаўна не забывае адзінокіх, старых, нямоглых жыхароў вёскі. Наведвае іх, стараецца дапамагчы. А яшчэ яна добра ведае іх сваякоў і не саромеецца нават у магазіне пры ўсёй грамадзе напомніць маладым і здаровым пра сваяцкія абавязкі.

Ганна Сайко не адзіны работнік гандлю ў ліку малькавіцкіх дэпутатаў. Валянціна Лагвіновіч працуе ў магазіне аграгарадка Малькавічы. Валянціну Іванаўну ведаюць як змагара за прыгажосць і добраўпарадкаванне, а таксама за здаровы лад жыцця. Яна лічыць сваім абавязкам не толькі асуджаць п'янства як грамадскую загану: на любым сельскім сходзе ці іншым мерапрыемстве можа выказацца па гэтай тэме. Ды і канкрэтнай справай дэпутат дапамагае ўмацаванню цвярозасці ў вясковым асяродку. У яе не купяць піва непаўналетнім нават падстаўныя старэйшыя «сябры», бо ўвесь кантынгент пакупнікоў яна добра ведае. А даросламу пакупніку, які ўжо не першы раз за дзень наведвае гандлёвы пункт, можа сказаць: «Сёння спіртное больш не адпускаецца. Вечар цвярозасці ў магазіне. Тым больш што сваю норму ты з самай раніцы ўжо выбраў з гакам». І спрацоўвае. У яе не просяць кнігу скаргаў, не ўчыняюць скандалы, не тэлефануюць на прамую лінію ў выканкам. Яе нават крыху пабойваюцца, асабліва тыя, за кім значацца піцейныя грашкі. «Валянціна Лагвіновіч рэальна працуе ў акрузе, — гаворыць старшыня сельскага Савета. — Яна мае вялікі вопыт грамадскай работы. Валянціна Іванаўна ў склад сельскага Савета ўваходзіць трэцяе скліканне. І з кожным разам яе дэпутацкі аўтарытэт у асяродку вяскоўцаў узрастае».

І педагог, і пенсіянер

Дэпутат Алена Шапялевіч працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Як педагог яна асаблівае значэнне надае выхаванню моладзі. Жанчына не пройдзе міма, калі маладыя людзі, напрыклад, няправільна сябе паводзяць падчас адпачынку. Скажам, вечарам збіраюцца на аўтобусным прыпынку. І не проста сядзяць, спяваюць пад гітару, але п'юць піва, смецяць упакоўкамі ад розных прадуктаў, перашкаджаюць жыхарам суседніх дамоў спаць спакойна. І такія выпадкі былі, калі дэпутат неадкладна прымала меры, каб заклікаць да парадку занадта шумную кампанію. Ну а назаўтра была гутарка з бацькамі юнакоў і дзяўчат, не вельмі прыемная і лёгкая, але патрэбная... Паводле слоў старшыні сельвыканкама Таццяны Літвіновіч, істотна дапамагае мясцоваму органу ўлады, асабліва ў рабоце з адзінокімі састарэлымі грамадзянамі, дэпутат Яўген Шапялевіч, урач участковай бальніцы.

Начальнік вытворчага ўчастка сельгаспрадпрыемства Сяргей Дзічко лічыць сваім абавязкам дэпутата ўдзел у падтрыманні ў належным стане вясковых вуліц і захаванні парадку на тэрыторыі. Сельсавет жа не мае неабходнай тэхнікі альбо рабочых рук, калі справа датычыцца ўпарадкавання кар'ераў ды іншых падобных аб'ектаў. Дапамога сельгаспрадпрыемства тут бывае вельмі дарэчы. А вось, скажам, дэпутат Васіль Малышка
пасад ужо не займае, Васіль Рыгоравіч — пенсіянер, які падпрацоўвае малаказборшчыкам. Але ў Задуб'і ён выступае як сапраўдны прадстаўнік мясцовай улады. Праінфармаваць вяскоўцаў, правесці тлумачальную работу — часам гэта бывае найважнейшай справай на дадзеным этапе. І дэпутат гэтую работу паспяхова праводзіць у вёсцы, дзе пражывае дзве з паловай сотні чалавек. Акрамя таго, Васіль Малышка не пройдзе міма, калі бачыць нейкі непарадак. Аднойчы ён не пабаяўся, што называецца, выклікаць агонь на сябе, калі спатрэбілася прыцягнуць да адказнасці людзей, якія не выконвалі правілы ўтрымання сабак. Цяпер сітуацыя памянялася, гаспадары не выпускаюць сваіх гадаванцаў на «свабодныя» прагулкі. А іншыя вяскоўцы, чые малыя дзеці альбо ўнукі перасталі баяцца выходзіць на вуліцу, удзячныя Васілю Рыгоравічу.

Прадпрымальнік

Яшчэ адзін дэпутат Вадзім Агалец таксама працуе ў сваёй акрузе на карысць выбаршчыкаў. Толькі ён — дэпутат раённага Савета па Малькавіцкай акрузе. Вадзім Сцяпанавіч — дырэктар прыватнага прадпрыемства «АверсЛес». Гэта прадпрымальнік, які стварыў прадпрыемства, даў работу землякам і працуе на карысць малой радзімы. Вадзім нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы, тут жывуць яго бацькі. Калі райвыканкам выставіў на продаж будынак былога камбіната бытавога абслугоўвання, Вадзім Агалец купіў яго на аўкцыёне, прывёў у парадак, узвёў прыбудову і стаў займацца піламатэрыяламі. На прадпрыемстве цяпер занятыя прыкладна два дзясяткі чалавек.

Вытворчы працэс пабудаваны так, што пасля распілоўкі драўніны застаецца шмат адходаў, якія могуць служыць палівам. Вядома, пры жаданні знайшліся б партнёры, якія купілі б матэрыял для кацельных, што працуюць на мясцовых відах паліва. Але дэпутат Агалец вырашыў дапамагчы адзінокім, маламаёмасным вяскоўцам. Сельвыканкам склаў спіс, у які ўвайшлі прыкладна 20 грамадзян, у іх ліку адзінокія, састарэлыя, інваліды. Машына прадпрыемства дастаўляе ім дровы проста на падворак. Усё гэта робіцца без аплаты, у якасці спонсарскай дапамогі.

— Вось ужо і ў гэтым годзе некалькі машын паліва адвезлі, — гаворыць Вадзім Сцяпанавіч. — Я ж сам не важу, адвозіць кіроўца. Дык некаторыя спецыяльна прыходзяць у пятніцу, каб падзякаваць. Усе ведаюць, што кожную пятніцу я бываю ў сельвыканкаме, можа прыйсці любы жыхар вёскі. І прыходзяць з самымі рознымі пытаннямі. Каму патрабуецца толькі слова падтрымкі, каму парада, ну а каму і дапамога ў вырашэнні пытання. Разам з мясцовай уладай стараемся дапамагчы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Галіны ПУПАЧ

Загаловак у газеце: Падтрымка і апора

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?