Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Незабыты куток

Спецпраект газеты «Заря над Бугом» Брэсцкага раёна расказвае пра населеныя пункты, якія раней былі паспяховымі, але з часам сталі прыходзіць у заняпад. Чарговы раз карэспандэнт завітаў у Дубраву.

Там налічваецца 46 жыхароў. З цікавінак — суседні рыбгас «Страдзеч», найстарэйшы ў нашай краіне (пабудаваны на пачатку мінулага стагоддзя). Яшчэ гадоў 15 таму ў вёсцы працавалі клуб, крама і бібліятэка. Зараз усё больш сціпла, а рыбгас — ужо не буйное прадпрыемства. Калісьці там былі ўласныя трактарны і аўтапарк, запраўка, кантора. Але, калі гаспадаром стала меднаўская птушкафабрыка, усё «пераехала» ў Медна. Начальнік рыбгаса Віктар Лазарук кажа, што жыццё наладзіцца, калі ў прадпрыемства з'явіцца добры ўласнік. З дзясятак гадоў таму тут атрымлівалі 120 тон рыбы, тры гады таму — 9, летась ужо 30, сёлета замахнуліся на 50.

Але існуюць і іншыя праблемы: «Гравійкай, што вядзе на Маларыту, з боку суседняга раёна чамусьці ўсю зіму чысціцца і пасыпаецца, а ў нас — ні тое ні другое, кажуць, грошай няма. У мяне, напрыклад, вялікая грузавая машына. Плачу немалыя грошы за тэхагляд і дзяржпошліну, якія павінны ісці, па ідэі, на рамонт дарогі. Але ў выніку даводзіцца плаціць яшчэ і за рамонт падвескі, што прыходзіць у непрыдатнасць. А калі ў вёсцы былі дзеці, кіроўца школьнага аўтобуса зімой апасаўся ехаць сюды з-за галалёдзіцы. Да таго ж у цёмны час сутак Рыбгасная зусім не асвятляецца — на ёй няма ні аднаго ліхтара. Яшчэ адной праблемай для мясцовых жыхароў з'яўляецца тое, што аўтакраму з-за адсутнасці ўсталяванага часу прыбыцця прыходзіцца чакаць, бывае, па некалькі гадзін».


Лёгкі ўраджай

Тут разбіраюцца не толькі ў вырошчванні агародніны і кветак, а і ў тым, як захаваць іх ад несумленных суайчыннікаў. Начальнік службы аховы прадпрыемства «Цяплічнае» Пётр Клімовіч і кінолаг Леанід Карпенка расказалі карэспандэнту газеты «Маяк» Гомельскага раёна пра асаблівасці працы.

— У бягучым годзе затрыманняў зладзюжак стала значна менш, — кажа кінолаг. — А яшчэ літаральна два гады таму з цяжкасцю адбіваліся ад раскрадальнікаў: мясцовых жыхароў, дачнікаў, бамжоў ды залётных расійскіх грамадзян. З кожным годам становішся больш вопытным, стараешся заняць назіральныя пазіцыі ў найбольш уразлівых месцах — там, дзе на прадукцыю палёў могуць панадзіцца аматары лёгкай нажывы.

— Так, сёлета мы затрымалі толькі пяць чалавек, — працягвае размову Пётр Клімовіч. — У асноўным крадуць бульбу, агароднінныя культуры. А раней зладзюжак было куды больш. Вось летась, напрыклад, аднаго і таго ж чалавека — жыхара Бярозак — лавілі тры разы.


Лён любіць паклон

Так здаўна казалі на Беларусі. Лён — знакавая сельскагаспадарчая культура для Карэліччыны. Нездарма герб раёна ўпрыгожваюць яго сінія кветкі. Гэту культуру называюць не інакш, як паўночнае золата альбо паўночны шоўк. Таму і плошчы, якія адводзяцца пад пасеў лёну, значныя — 2130 га. Карэспандэнт газеты «Полымя» даведаўся больш падрабязна пра гэту вытворчасць.

«Увогуле, вырошчванне паўночнага золата — вельмі працаёмісты працэс, — расказаў намеснік дырэктара ААТ «Карэлічы-Лён» Фёдар Жук. — Ад пасяўной і да ўборачнай выконваецца не менш за дзесяць відаў работ. І трэба адзначыць, што на кожнай ступені гэтага тэхналагічнага ланцужка неспрыяльныя ўмовы надвор'я могуць адбіцца на канчатковым выніку». Менавіта так адбылося сёлета. Па словах суразмоўніка, калі б не ліпеньская спякота і адсутнасць дажджоў, то аграрыі раёна маглі б пахваліцца рэкордным ураджаем ільну.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.