Вы тут

Лёс і мары Ізраіля Басава ў карцінах і фотаздымках


Складанасці ў жыцці — досвед ці выпрабаванне? Наколькі яны дапамагаюць нам стаць мацнейшымі і наколькі змяняюць нас? Асоба мастака Ізраіля Басава даказвае, што ніякія складанасці не могуць адштурхнуць ад прафесіі сапраўды апантанага і ўлюбёнага ў сваю справу чалавека. Гэта пацвярджае рэтраспектыўная выстаўка аўтара «Прамудрасць збудавала сабе дом...», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння майстра, што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Яна не проста раскрывае Ізраіля Басава як легендарнага мастака, але і ўражвае маштабам фантазіі аўтара, арыгінальнасцю яго падыходу да кожнай дэталі.


Гэта трэцяя персанальная выстаўка мастака. Пры жыцці Ізраіль Басаў вымушана вёў закрыты лад жыцця: яго занадта прагрэсіўныя творы не паказвалі шырокай публіцы. Бывалі выпадкі, калі на зборных выстаўках творы майстра адварочвалі да сцяны, калі паглядзець экспазіцыю заходзілі важныя людзі. Тым не менш майстар не пераставаў пісаць. І стварыў свой непаўторны стыль. 111 палотнаў — жывапіс і графіка — увайшлі ў экспазіцыю. Поўны збор Ізраіля Басава налічвае каля тысячы палотнаў. Для рэтраспектывы сабралі работы з розных фондаў, у тым ліку Нацыянальнага мастацкага, Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Беларускага саюза мастакоў і дзяржархіва.

— Мастацтва Басава яшчэ пры жыцці выклікала шмат спрэчак. Нягледзячы на сяброўства ў Саюзе мастакоў БССР, майстар доўгія гады быў асуджаны на творчую адзіноту, — тлумачыць куратар выстаўкі Кацярына Ізафатава. — Фармальная смеласць яго жывапісу, вызваленне ад сацыяльнай дыдактыкі сацрэалізму абумовілі яго вельмі складаны выставачны лёс і адсутнасць персанальных выставак. І толькі пасля смерці мастака прыйшло прызнанне яго адным з таленавітых і яркіх майстроў беларускага мастацтва дваццатага стагоддзя.

Ва ўсіх творах на выстаўцы Ізраіля Басава праглядаецца ўстойлівы сімвал духоўнага ладу — дом. Звычайны блочны дом у Ізраіля Басава спараджае мноства асацыяцый. Гэта храм, палац, цэнтр свету і космас. Дамы мастака могуць быць розныя: вялікія і яркія. Яны займаюць цэнтральнае становішча і сыходзяць углыб кампазіцыі. Яны поўныя значных сэнсаў, у іх злучылася сакральнае і прафаннае, штодзённае і велічнае. Для мастака дом — гэта не толькі функцыя, гэта сакральная прастора і філасофія жыцця.

— Выстаўка рэтраспектыўная і пабудаваная па храналагічным прынцыпе, пачынаючы з ранніх эцюдаў і эскізаў, — расказвае куратар выстаўкі Кацярына Ізафатава. — Дамы тапаграфічна пазнаюцца ў ранні перыяд творчасці: вы бачыце тут мінскія ўскраіны, і цэнтр горада, і рог вуліц Кірава і Леніна. Пачынаючы з другой паловы 1960-х, яны ўсё менш нагадваюць канкрэтныя будынкі. Другая зала прысвечана чалавеку, які ў Басава з'яўляецца адной з галоўных вобразных дамінант. Але зноў-такі мы не знойдзем канкрэтных персанажаў, за выключэннем тых момантаў, калі ён малюе блізкіх яму людзей, напрыклад, партрэты жонкі. У асноўным гэта зборныя вобразы.

Ізраіль Басаў нарадзіўся ў Мсціслаўлі. Яго вялікая мара была маляваць вялікі горад. Мара здзейснілася. Пераехаўшы ў Мінск на вуліцу Чырвонаармейскую, ён пачаў маляваць усё, што адбывалася вакол. Майстру падабалася выходзіць з дому і шукаць у вокнах дамоў цікавыя сюжэты. Сын аўтара Мацвей Басаў успамінае, як нават у моцныя маразы бацька не мог сябе стрымаць і ўсё ж такі адпраўляўся ў любімае падарожжа па вулачках горада, каб адшукаць цікавыя вобразы. Мастак імкнуўся захаваць на карцінах рытмы горада — шумнага, з праспектамі і ліхтарамі. І ціхага — з маленькімі старадаўнімі вулачкамі. Бывала, што вяртаўся ні з чым: не смог адшукаць натхненне. Але кожны дзень сітуацыя паўтаралася: зноў браў з сабой эцюднік і выходзіў у горад. Самымі любімымі месцамі, якія пісаў Ізраіль Басаў, былі Свіслач, парк імя Максіма Горкага і Няміга.

Майстар шмат эксперыментаваў з адценнямі. Лічыў, што каляровая гармонія, як у Марка Роткі, не менш важная, чым кампазіцыя і ідэя. Палотны Басава не мінімалістычныя, наадварот, вялікія і вельмі фактурныя. Фарбаў творца не шкадаваў. У канцы жыцця мастак перайшоў на больш плоскія і лаканічныя вобразы. Пазнейшыя работы — пачатку 1990-х — зусім іншыя. Творца стаў фантазіраваць на тэму горада, дзе яго герой не можа знайсці сабе месца, губляецца ў геаметрыі дахаў і сцен.

 На жаль, той час, у якім жыў Ізраіль Басаў, не прымаў яго творчасць. Яго абвінавачвалі ў фармалізме і касмапалітызме. Нават хацелі выключыць з Мінскага мастацкага вучылішча. Сын мастака падкрэслівае, што бацька ўвогуле ніколі не разумеў, што такое касмапалітызм. Ён не разумеў палітыкі і жыў мастацтвам. І гэта ўсім казалася цудам. Давучыцца Ізраілю Басаву дазволілі, але да ўдзелу ў выстаўках не дапускалі: камісія Саюза мастакоў карціны адхіляла. Творчасць Ізраіля Басава гледачы маглі ацэньваць толькі на рэдкіх калектыўных выстаўках, якія цудам не праходзілі цэнзуру. Аднойчы з Літвы прыйшоў ліст з просьбай паказаць у іх Ізраіля Басава. Але мастаку пра гэта ніхто не сказаў. Потым, на 50-годдзе, паабяцалі зрабіць выстаўку. Праўда, зрабіць яе хацелі закрытай, не для шырокай публікі. Майстар адмовіўся.

Ізраіль Басаў адметны тым, што ў час афіцыйнай эстэтыкі сацрэалізму, дыдактыкі і пафасу займаўся тым, чым хацеў, захоўваў вернасць уласнай творчай пазіцыі, блізкай да авангарду. У Басава заставаўся шэраг пэўных сюжэтаў, матываў і жанраў, у коле якіх ён знаходзіўся на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Зразумела, змяняліся колеравыя гамы, прадметныя, прасторавыя суадносіны, але любоў і захапленне мастацтвам засталіся вечныя.

Выстаўка пабудавана такім чынам, што дае аб'ёмнае ўяўленне пра жыццё і творчасць мастака. Жывапісныя і графічныя работы дапаўняе разгорнутая інфармацыйная зона, якая ўключае фатаграфіі і дакументы, відэанарыс, падрыхтаваны Міжнародным спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24». Публічная праграма ў межах выстаўкі ўключае экскурсію ад куратара і інтэрактыўную праграму «Аранжавы дом» для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».