Вы тут

Заброддзе: любоў і смутак


Пра сваю родную вёску Заброддзе, што знаходзіцца ў Быхаўскім раёне, Міхась Пазнякоў піша пастаянна. Хоць цяпер яна ўжо і ніякая не вёска. Усяго тры хаты, у адной з якіх ён нарадзіўся. У бацькоўскую хату наведваецца часта. Калі ж знаходзіцца ў водпуску, бавіць час у ёй тыднямі. Дакладней сказаць, плённа працуе. Піша вершы, апавяданні. Не абыхо-дзіць Заброддзе і ў сваіх публіцыстычных артыкулах. А для М. Пазнякова-мовазнаўцы гэта невычэрпная моўная крыніца, бо не ўсюды знойдзеш такія нерушавыя словы, як тут.


На зямлі маленства нарадзіліся і творы, што склалі змест яго новай кнігі «Заброддзе», якая сёлета пабачыла свет (Мінск, «Колоргад», 2018). У сярэднюю школу будучы пісьменнік хадзіў у вёску Глухі, а самыя светлыя ўражанні яго звязаны з Заброддзем.

 Як шмат яно значыць у ягоным жыцці, лішні раз упэўніваешся, чытаючы творы, змешчаныя ў гэтым зборніку. У большасці сваёй гэта вершы. Яны складаць першы раздзел «Толькі тут душой адпачываю». Разам з паэтам душою адпачывае і чытач. Ёсць магчымасць ажывіць у памяці шмат і з уласнага маленства.

Многія з нас — таксама колішнія вяскоўцы. Як дакладна прыкмеціў незабыўны Янка Сіпакоў, «усе мы з хат». Не так і істотна, як называліся нашы вёскі, яны ўсё адно не забываюцца, прыцягваюць да сябе. Не могуць не прыцягваць, бо, як дакладна сказаў яшчэ адзін цудоўны паэт Мікола Федзюковіч, «зямля — магніт».

Пазнякоўскае Заброддзе таксама ўспрымаецца своеасаблівым магнітам. Ён прыцягвае да сябе і ніяк не адпускае. Гэтая повязь моцная і трывалая, і, што характэрна, не хочацца, каб яна слабла. Бо з ёю звязаны твой першы жыццёвы прыстанак. Да яго вяртаешся пастаянна, кожным разам па-новаму многае адкрываючы. Гэта відаць і з верша «Заброддзе», з якога кніга пачынаецца:

Світанак птушкай сінякрылай

Плыве і будзіць родны край,

І золатам пад небасхілам

Зямлю лагодзіць санцаграй.

 І росаў зіхацяць алмазы,

І хмеляць водарам сады.

 Нібыта трапіў я адразу

Зноў у юнацкія гады.

Пачуцці лірычнага героя — адначасова і пачуцці кожнага, хто не проста хоча, а і можа наведвацца туды, дзе ўсё блізкае, роднае і... Ледзь не напісаў «і знаёмае», але своечасова спахапіўся. Правільней усё ж сказаць «і ў нечым знаёмае». Шмат што змянілася праз гады, дзясяткі гадоў, калі жыў тут. Хоць засталося і самае галоўнае — памяць. З ёю ж хораша, утульна, аднак — ад гэтага нікуды не дзенешся — і самотліва. Перажываеш тое, што М. Пазнякоў і выказаў ва ўжо згаданым творы праўдзіва, не баючыся падацца не па ўзросце сентыментальным:

Сцяжынкай выбегу да поля

І прывітаю новы дзень.

І адгукнецца наваколле,

Пяшчотай цёплай загудзе.

І я, прачулы ад пяшчоты

Зямлі і неба прада мной,

Заплачу раптам ад самоты

У роднай вёсцы нежывой.

У іншым вершы лірычны герой таксама не хавае ў душы сваёй чуллівасці: «Звонкі водар мядовы / Па-над вёскай плыве... / Цалаваць я гатовы / Васілёк у траве». І так ад твора да твора: праўдзіва, спагадна, даверліва.

Заключны верш першага раздзела называецца «Развітанне з роднай вёскай». У апошняй страфе яго паэт запэўнівае:

Я прыеду, маё Заброддзе,

Край дзяцінства, адзіны мой рай,

Каб з сабою самім быць у згодзе,

І як сына мяне ты чакай.

Такая паездка адбудзецца, несумненна, не толькі па душэўным і духоўным поклічы. І не з-за аднаго поклічу зямлі маленства. Вяртанне да сваіх вытокаў М. Пазнякову неабходна яшчэ і таму, што ён піша, па сутнасці, паэтычны летапіс адной вёскі.

Вядома, не знойдзеш такога паэта, якім б ні ўслаўляў свае родныя мясціны, з якіх пайшоў у вялікі свет жыцця. Аднак ніхто да М. Пазнякова не рабіў гэта так паслядоўна, мэтанакіравана. Толькі ў гэтай кнізе «заброддзеўскіх» вершаў каля 120. Дый ва ўсіх паэтычных зборніках М. Пазнякова згадваецца Заброддзе. Як і вёскі, што знаходзяцца поруч з ім. Гучаць і іншыя назвы. Напрыклад, рэчка Грэза, якая калыхала-люляла яго дзіцячыя і юнацкія мары.

Зразумела, сама па сабе колькасць твораў яшчэ нічога не значыць. Аднак, за рэдкім выключэннем, гэта паэзія, што прываблівае выверанасцю радка, свежасцю пачуцця, лірычнай прасветленасцю. Да ўсяго гэта ідзе ад душы, ад сэрца. Прамаўляецца гэта як на споведзі. Калі маўчаць нельга. Хочацца, каб цябе пачулі, зразумелі замілаванне хараством таго, пра што расказваецца. Гэтаксама, як і ты, прапусцілі праз сябе. Прынамсі, такое адчуванне перажываеш, чытаючы гэты безыменны верш:

Журавы над лугам кружаць,

Ранак грае і гудзе.

І чаруюць, хмеляць ружы

Перад хатай, на градзе.

Пастаю ў духмяным садзе

І прайдуся ля жытоў,

Промні цёплыя ў паглядзе

У маім заззяюць зноў.

Потым свежасцю густою

Лес абдасць, нібы з каўша.

Запяшчоціцца красою

Набалелая душа.

У Заброддзе паэт наведваецца з адзіным жаданнем — «маленству ў вочы паглядзець». Яно бачыцца яму і праз замілаванне знаёмымі краявідамі:

Стаю ля сажалкі ўначы

На белапенным лузе.

Мяне аклікваюць драчы,

Блукаючы па крузе.

А месяц у вадзе прарос

Чароўнаю лілеяй.

Гляджу і ад начных дзівос,

Бы ўпершыню, хмялею.

У другім раздзеле кнігі «Сцежкамі дзяцінства» прадстаўлены эсэ. Адно з іх — «Маё Заброддзе». Яно, як і іншыя празаічныя творы, сваім зместам у той ці іншай ступені падначалена асноўнай тэматыцы кнігі. Згадваючы сваю малую радзіму, М. Пазнякоў не толькі ўспамінае тое, што назаўсёды захавала ягоная памяць, але і расказвае пра сваіх бацькоў, блізкіх людзей, пра ўласнае станаўленне, уваходжанне ў жыццё. Не абыходзіць і некаторых момантаў сваёй творчасці. Гэтыя звесткі карысныя і тым, што дапаўняюць партрэт і самога пісьменніка як ураджэнца вёскі Заброддзе.

Загортваеш апошнюю старонку са шкадаваннем, што гэтае, хай сабе і завочнае, падарожжа ў пазнякоўскае Заброддзе скончылася. Адначасова і са спадзяваннем, што яно будзе прадоўжана дзякуючы новым творам. Яны не могуць не напісацца, бо паэт не ўяўляе жыцця без сваёй роднай вёскі.

Генадзь КАРНЕЙЧЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.