Вы тут

Кветкі «Белавежы»


Жаночая паэзія «Белавежы», літаратурнага аб’яднання беларускіх пісьменнікаў Польшчы, якое сёлета адзначае сямідзесяцігоддзе, на жаль, вельмі мала вядомая беларускаму чытачу. А гэта не адзін дзясятак адметных талентаў. Прапаную чытачам «ЛіМа» сустрэчу з творамі белавежанак, якія сабралі прыгожы букет кветкавых вобразаў.


Марыля Базылюк.

Адзін з самых распаўсюджаных у жаночай паэзіі «Белавежы» фларыстычных вобразаў — сад. Акультураная жывая прырода, створаная чалавекам па вобразе і падабенстве да тае, якую падараваў чалавеку Творца, становіцца не проста месцам адпачынку, сустрэч, спатканняў, не толькі спажыткам для цела, частавання каштоўнай садавінай, але і прытулкам чалавечай душы, уласцівых ёй памкненняў, мараў. Праз фларыстычныя матывы ў паэзіі Марылі Базылюк адлюстраваны матыў маладосці, што прамінула, вобраз вішнёвага вясновага саду як сімвал хуткаплыннай вясны, якая застаецца ў памяці назаўсёды:

У вертыкалях

маіх зрэнак

сад вішнёвы.

 Чыстая белая квецень узносіць, душэўны зрок гераіні звернуты да нябеснае красы і светласці. Адсутнасць знакаў прыпынку і радковыя пераносы спрыяюць эфекту нечаканасці. Паэтычная фраза — трохрадковік — самадастатковая, шмат гаворыць чытачу, сэнсава завершаная. Але да яе далучаецца наступны радок — «працвіў нябачна», — і сэнс цалкам змяняецца, нечакана, бо гераіню хвалюе згадка пра развітанне-адцвітанне. У вершы, што поруч, на наступнай старонцы і ўспрымаецца як працяг тэмы, гаворыцца ўжо не пра рамантычнае захапленне вясновым росквітам, а пра магутны подых восені, што фарбуе дрэвы колерамі адцвітання, яшчэ яркімі, агністымі, але ў гэтым полымі наканавана не жыць, а згарэць. Гэта ўжо не проста развітанне, а паміранне. Матыў смутку, бо адыход красы няўхільны, змяняе трагічны — прадчуванне смерці:

жаўцізною пасыпаны

чырвона

барвова

тонкай імглою спавіты дзень

малебен асенні

лістоў пад нагамі

засмучаны сонца прамень

развітанні

памінкі па квецістым траўні.

Кальцавая кампазіцыя верша (у фінале тая ж вясновая квецень) нараджае матыў заўсёднага вяртання ў сваё, прамінулае, даўно адцвілае (бо яно жыве ў памяці) і шырэй — матыў спрадвечнага адраджэння ў свеце прыроды і ў жыцці наогул.

Марылі Базылюк, далікатнай, незвычайна прыгожай жанчыне, маці чатырох дзетак, было толькі трыццаць шэсць, калі яна пакінула гэты свет. Але яе слова не страцілася, яно вярнулася ў літаратурны кантэкст новаю кнігаю з пяшчотнай назвай «Марылька», што выйшла дзякуючы тым, хто яе памятае. Вярнулася, як заўсёды, пакуль жыве памяць. Будуць вяртацца яе шчымлівыя, прарочыя радкі:

 Ізноў вясна кураслепамі

белымі

сардэчна цалуе

маё вяртанне

кветкі альхоўнікаў

у глыбіні сэрца

як слёзы маці

цвітуць папрокам

 У вершы «Асенні сум» Алены Анішэўскай (пайшла з жыцця ў 2013 г.) вобраз саду зусім іншы. Бачыць яго восеньскаю парой, калі ўзгадавана чаканая колісь садавіна, нікому зараз не патрэбна. Таму і сумуе сад, сумуе стары, нямоглы гаспадар:

Сумуе асенні садок:

— Так доўга чакаць вясны!

Галлё пад цяжарам пладоў

звісае да самай зямлі.

Жывучы ў гарадскім асяроддзі, Алена Анішэўская ніколі не губляла здольнасці захапляцца прыроднай красой. Асабліва падабалася ёй вясна, час зялёнага росквіту — прыход святла і любові. Згадаем верш «Пасля дажджу», дзе выказаны матыў захаплення прыроднаю красою, падараванаю людзям звыш, што выклікае жаданне раздзяліць радасць ад далучанасці да гэтага дасканалага свету хараства з кімсьці блізкім:

Прайшоў вясновы дождж —

зямля сапрэла...

А на галінках бэзу

алмазная раса.

Ліловаю алеяю іду я

і дзякую Тварцу:

такая тут краса!

Вобраз саду, дзе кветкі вызначаюць час, што выяўляецца праз росквіт і адцвітанне кветак, у вершы Галіны Тварановіч:

Пялёсткавых завей

жаданая нязменнасць —

ахоўніца маіх шляхоў...

Услед духмянае акацыі

адводарыць язмін,

цнатліва дружбай

з шыпшынай колкаю

спалучаны заўсёдна...

У апошняй страфе створаны велічны вобраз саду, што сімвалізуе чалавечы, жаночы лёс. Лірычная гераіня разумее, прымае заўсёдны імклівы рух, але не пакідае яе жаданне прыпыніць час, каб і пара пялёсткавых завей, і плоднае поўні сталіся нязменнымі. Як заклінанне гучыць мудрая падказка, у якой умова шчасця, спаўнення запаветных надзей:

Над завяззю пладоў

у чалавечым садзе —

жаданая нязменнасць,

ласкавай будзь — ты

не пярэч сабе самой —

зарука спраўджаных надзей.

Сад у вершы «Губляе ў смутку лісце сад» выступае не проста дэкарацыяй смутку, што пасяліўся ў душы гераіні. Ён і сам пакутуе. Бо развітваецца з цяплом: наперадзе зімовы холад:

Губляе ў смутку лісце сад,

Калыша рэзка вецер голле.

У ростані глухой мая туга

Зрастаецца з тваёй тугою.

Але ўсяму свой час пад гэтым небам. І ўсё ў прыродзе заўсёды вяртаецца, рухаецца па коле. У колазвароцевяртанні гучыць ратавальная нота, надзея на новую сустрэчу:

У час губляе лісце сад.

Рыхтуюцца карэнне і ствалы

Да стрэчы новае пары.

І ўжо ростань не глухая, не пазбаўленая слова і чуцця, а звонкая, бо адчуваецца цяпло роднае душы:

У час губляе лісце сад.

Па звонкай ростані мая душа

З роднаю зрастаецца душою.

Аздабляючы лірычны сюжэт тым жа радком, паэтка змяняе толькі адно слова: рэзка на ветла, тым самым цалкам змяняючы настрой, успрыманне твора. Душа лірычнай гераіні злагоджваецца, напаўняецца пяшчотай і святлом: «Калыша ветла вецер голле».

Сад, што паўстае ў вершы Міры Лукшы, створаны праз пакаленне, рукамі дзеда. Цэлая галерэя вобразаў продкаў, што пакідалі на гэтай зямлі свае сляды-пазнакі, праходзіць у памяці гераіні. Усе яны сышлі. А сад застаўся сведкай мінулага, вартаўніком нікому не патрэбных скарбаў. Яшчэ жывы, ды ўжо адчувае непазбежнае, наканаванае:

Міра Лукша. Фота Яанны Шараметы.

І блекла кожны год цвітуць нарцыс,

лілея пахкая, цюльпан і ружа.

Старэе сад у одуме ў атачэнні сліў.

Гэты одум-роздум балючы. Адказы на пытанне, чаму набытак працы ранейшых пакаленняў адкінуты, зразумелыя. Найперш гэта сыход з прыроднага асяроддзя ў больш зручнае, камфортнае, урбаністычнае існаванне. Для чалавека гэта набытак, але не толькі: пазбаўленне памяці, адрачэнне ад роднага, што вядзе да непазбежных, балючых стратаў.

Забуду сад і я,

і сад мяне забудзе.

Пакіну сад і я,

і сум сабе пакіне сад.

У фінале паэтка малюе карціну смерці дагледжанае колісь чалавекам сядзібы. «Насельнікі» пакінутай сядзібы ўспрымаюцца як жывыя істоты, што перажываюць вялікі, смяротны боль:

Калі падступіць пушча пад паркан,

груша слязою захлынецца,

антонаўка ўдарыцца ў зямлю,

кроў выступіць, як сок на камені,

і пусціць парасткі парог

дома ў абдымках дрэў.

Сад у вершы Жэні Мартынюк адводзіць у мінулае, ва ўсеабдымны вясновы росквіт. Паэтка спрабуе перадаць нястрыманую маладую прагу жыць і красаваць, радасць светлага пачуцця:

Вясна, вясна... ваколіца пяе!

У белі сад, нібыта маладуха.

Сэрца жанчыны перапоўнена полымем кахання, што знішчае, спапяляе часавыя межы. Нават і тыя, якія не дадзена чалавеку перакрочыць:

Ап’янелыя ад квецені чаромхі,

Ўсё бяжым, васкрослыя, на нашае спатканне...

Галоўны фларыстычны вобраз у паэзіі Жэні Мартынюк — белы гарлачык. Лірычная гераіня паўстае рамантычнай мастачкай, што малюе не проста каляровымі фарбамі, але марай, мрояй, летуценнем:

На маім малюнку

нябесны блакіт

і хмары, поўныя мараў.

Белы гарлачык — сімвал чысціні, гармоніі. Час ягоны, як кожнае кветкі, вызначаны, кароткі. Зродненая сэрцам, бы з блізкім сябрам, задумвае з ім, сваім белым гарлачыкам, вандроўку ў будучыню, у новы дзень:

Выцвіцеш маем,

мой белы гарлачык,

і разам увойдзем

у новы наш дзень.

Альжбета КЕДА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?