Вы тут

Мастацкая выстаўка ў Мінску сабрала артэфакты з усяго свету


Гэта пэўны феномен: палотны на персанальнай выстаўцы Віктара Альшэўскага «Кропка адліку», якая 7 верасня адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, быццам кампілююць культурныя здабыткі розных краін і пры гэтым уяўляюць сабой унікальныя творы мастацтва. У экспазіцыю ўключаны праекты «Фрагменты Вавілонскай вежы» і «Музеі свету», а таксама «Мой Мінск» і «Партрэт сучасніка». Усё гэта прымеркавана да 65-гадовага юбілею Віктара Альшэўскага і з'яўляецца творчай справаздачай аўтара.


Прафесар, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі, сузаснавальнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, чалавек, які прасоўвае беларускую культуру за мяжой, мастак з мажорнымі вусамі прыйшоў на адкрыццё экспазіцыі не адзін. Да яго свята далучыліся Міхаіл Мясніковіч, Лідзія Ярмошына, Павел Латушка і іншыя, мерапрыемства сабрала цэлы шэраг інстытуцый-сяброў накшталт Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама, пасольства Беларусі ў Францыі. Прыемна паглядзець, як мастацкая выстаўка выклікае цікавасць з боку афіцыйных структур. «Яны такія ж людзі, як і мы», — адказвае Віктар Альшэўскі на пытанне, ці сябруе ён з прадстаўнікамі палітычнай эліты.

Так ці інакш, праекты з рознымі канцэпцыямі дзеляць прастору Нацыянальнага мастацкага, і, напэўна, самым маштабным з іх з'яўляюцца «Фрагменты Вавілонскай вежы». Яны пачалі стварацца ў 2003 годзе і ўжо ў 2010-м, калі былі выстаўлены ўпершыню, складаліся з трынаццаці палотнаў. Сёння ў праекце ўжо пяцьдзясят дзве структурныя часткі, таму не дзіўна, што на сцяне ў Нацыянальным мастацкім Вавілонская вежа Альшэўскага проста не змясцілася. У выніку на выстаўцы «Кропка адліку» можна знайсці адразу некалькі веж ці іх граняў, што змяшчаюць у сабе культурныя здабыткі з розных краін, сярод якіх ёсць пачэснае месца і для беларускіх артэфактаў. І па словах арганізатараў выстаўкі, пэўны шыфр, для разгадкі якога наведвальніку спатрэбіцца некалькі гадзін.

«Выява Мірскага замка і той факт, што праект створаны на нашай зямлі, ужо робяць «Фрагменты Вавілонскай вежы» вялікай Мінскай вежай, — кажа Віктар Альшэўскі. — Беларусь так ці інакш з'яўляецца зыходным пунктам, праз яе праходзяць усе духоўныя ніткі. Мы павінны больш глыбока асэнсаваць сваё месца ў Сусвеце».

Пошук месца нашай культуры ў сусветнай выглядае адной з асноўных задач выстаўкі, прынамсі, аналагічныя пытанні выклікаюць «Музеі свету», дзеля якіх аўтар пабываў «ад узбярэжжа Ціхага акіяна да Цэйлона, у афрыканскіх краінах і Еўропе». У музейную прастору, якая дыхае класічнымі формамі і старажытнымі помнікамі культуры, упісаны нашы сучаснікі з сучаснымі атрыбутамі, што выклікае пэўны кантраст і па колерах, і па сэнсах. У цэлым гэта ініцыюе нейкі эфект 3D, таму што прастора Нацыянальнага мастацкага музея — таксама класічная, і палотны з калонамі і пілястрамі сярод рэальных калон ствараюць люстэрка ў люстэрку.

«Музеі свету» — гэта своеасаблівыя «Фрагменты Вавілонскай вежы», — кажа Віктар Альшэўскі. — Я спрабую асэнсаваць прастору сабраных у сховішчах артэфактаў. Музей — гэта адбітак цывілізацыі на зямлі, у той жа час практычна кожны дзень мы бачым, як адны ствараюць, а другія разбураюць. А Беларусь (і Мінск) з'яўляецца зыходным пунктам і часткай вялікай цывілізацыі, толькі раней мы ўвесь час былі нечым абмежаваныя. Калі я працаваў над праектам, хацеў сабраць усе музеі свету, але гэта досыць складана, мне трэба было б з пятнаццаці гадоў пачаць вандраваць і збіраць матэрыял».

Як партрэтыст мастак выяўляецца ў праекце «Партрэт сучасніка», прысвечаным знакавым беларускім персонам, а чацвёртым састаўным праектам «Кропкі адліку» з'яўляецца прысвячэнне Мінску, якім яго бачыць аўтар.

«Кропка адліку» ўмяшчае ў сябе маштабныя — і па ідэях, і па памерах — работы, што аб'ядноўваюць мінулае і кантрастнае сучаснае, высокае мастацтва і кітч, артэфакты і новую культуру. Выстаўка ў Нацыянальным мастацкім сапраўды ўвабрала ў сябе помнікі культуры з усяго свету, толькі не прывезла іх з высокімі мытнымі пошлінамі, а стварыла з іх прысутнасці сваю канцэпцыю. Экспазіцыя твораў Віктара Альшэўскага будзе выстаўляцца да 30 верасня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вавілонска-мінская вежа

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.