Вы тут

Як бібліятэкі прыстасоўваюцца да сучасных рэалій?


15 верасня ў краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з дырэктарам цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска Аленай Кубышкінай.


Ганна Віктараўна Кубышкіна

— Не баліць галава толькі ў дзятла, а ў дырэктара...

— Мая баліць у першую чаргу аб тым, наколькі бібліятэкі сталіцы адпавядаюць патрабаванням часу, за пазітыўны імідж нашых устаноў, іх тэхнічную аснашчанасць, за камплектаванне фондаў і тое, наколькі яны задавальняюць попыт чытачоў, карыстальнікаў бібліятэк.

— А вы попыт вывучаеце?

— Попыт мы вывучаем. Публічныя бібліятэкі заўсёды вывучаюць попыт, грунтуючыся на рэальнай практыцы сваіх стасункаў з чытачамі. Гэта і ёсць і вопыт, і попыт.

— А калі з'явілася ваша даволі нязвыклае аб'яднанне?

— Яшчэ з 1976 года ў вялікай краіне ажыццяўлялася цэнтралізацыя бібліятэк. Наша сістэма масавых бібліятэк Мінска была створана ў 1979 годзе. Лічу, што цэнтралізацыя — вартая справа. Па такім шляху пайшлі і замежныя бібліятэкі. Роднасныя нам цэнтралізованыя бібліятэкі існуюць і ў развітых краінах.

— Як адчувае сябе сістэма сёння, Алена Віктараўна? Яна развіваецца, набывае фонды, расце колькасць чытачоў?..

— У наш лічбавы век тэндэнцыі самыя разнастайныя. Прынамсі, колькасць чытачоў у традыцыйным разуменні слова змяншаецца. Калі два дзесяцігоддзі таму ў грамадстве назіраўся сапраўдны бум патрэбы ў інфармацыі і ў чытальныя залы стаялі чэргі, то сёння такой карціны вы не ўбачыце. Пікавыя нагрузкі ў задавальненні інфармацыйнага "голаду" ўзяў на сябе інтэрнэт. Іншая справа — наколькі кожны раз гэтая інфармацыя дакладная, мне сказаць складана. У адрозненне ад сусветнага павуціння, бібліятэкі даюць чалавеку, як правіла, дакладную, вывераную інфармацыю. І неабавязкова адфільтраваную, бо ніхто цяпер на адфільтраванасць не пагодзіцца.

— Як вы лічыце, у змяншэнні прытоку чытачоў у бібліятэкі ці вінаваты... самі пісьменнікі?

— Калі гаварыць пра мастацкую літаратуру, публіцыстыку, то быў час, калі літаратура фарміравала грамадскую думку. І пісьменнік для многіх з'яўляўся своеасаблівым гуру". Гэта асабліва было заўважна ў эпоху перабудовы. Разам з яе завяршэннем, відаць, адпала вострая неабходнасць у тым, каб мастацкае слова непасрэдна ўплывала на грамадскія працэсы, грамадскія рухі. Добра было б, але чаго няма, таго няма. І галоўная прычына, на мой погляд, у тым, што ў наш побыт у вялікай ступені ўвайшоў інтэрнэт і, паўтаруся, узяў на сябе функцыі і інфарматара, і, калі хочаце, выхавальніка. Пра тое, які гэта інфарматар і тым больш які выхавальнік, — размова асобная, але ў друкаванага слова з'явіўся магутны канкурэнт, і мы не можам гэтага не ўлічваць. Так што ў кантэксце нашай размовы мы мусім гаварыць, што канкурэнтам інтэрнэт стаў і для публічных, і нават спецыялізаваных бібліятэк.

Сацыяльныя сеткі сёння, відаць, уплываюць на грамадства і на жыццё ў цэлым больш, чым літаратура. Пры гэтым не будзем змяншаць і яе ролю: сваё месца сярод людзей яна заняла даўно і трывала. Проста час такі.

Мая асабістая ўпэўненасць: беларуская літаратура — гэта літаратура дастаткова высокай якасці. Магчыма, ёй варта шукаць і знаходзіць тэмы, якія адпавядалі б духу нашага часу і больш краналі, знаходзілі водгук у душах — жанчыны і мужчыны, падлетка і нават дзіцяці.

— А ці збіраеце вы іх разам — пісьменнікаў і чытачоў, каб яны пачулі і зразумелі адно аднаго?

— Гэта пастаянная практыка бібліятэк. У прыватнасці, мы даўно сябруем з гарадской арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі, і яе старшыня Міхась Паўлавіч Пазнякоў — сябра бібліятэк. Наша сумесная праца стала нефармальнай, насычанай, цікавай. Усяго адзін штрых: у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы два гады паспяхова працуе Мінскі гарадскі тэатр паэзіі. Гэта якраз ідэя Міхася Паўлавіча, ён хацеў, каб такі тэатр быў. Аўтары рыхтуюцца, імкнуцца падаць сябе і свае творы ў нетрадыцыйным ключы. І сустрэчы сапраўды часта ператвараюцца ў маленькі цікавы спектакль. Асабліва стараецца літаратурная моладзь.

— І ўсё ж, як развіваюцца бібліятэкі Мінска? Ці ўмацоўваецца іх матэрыяльная база?

— Апошні раз мы адкрывалі новую бібліятэку ў мікрараёне Брылевічы дзевяць гадоў назад, яе № 22. У 2013 годзе значна палепшыліся ўмовы для абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэкі № 12, якая з прыстасаванага памяшкання пераехала ў новы, спецыяльна ўзведзены будынак на вуліцу Аўрораўскую. Мы хацелі б, каб узвядзенне сучасных публічных бібліятэк у новых мікрараёнах, у "спальніках" (нават не адкрыццё ў прыстасаваных памяшканнях) стала трывалай практыкай. І пабудаваны яны павінны быць паводле плана і архітэктурнага праекта, дзе ўсё будзе прадугледжана, у тым ліку і дастаткова ўмяшчальная зала для літаратурных сустрэч.

Славуты "МАПІД" за апошнія гады ўзвёў, па сутнасці, сапраўдны горад у горадзе — Каменную горку. Пабудаваны важныя сацыяльныя аб'екты. Лічым, настаў час і для сучаснай публічнай бібліятэкі.

Паколькі горад імкліва развіваецца, а новых бібліятэчных устаноў пакуль няма, то ўся нагрузка прыпадае на тую сетку, якая існуе. Гэта 25 дарослых і 18 дзіцячых бібліятэк. Праўда, дарослыя часта абслугоўваюць і дзяцей, асабліва калі гэта падлетак, і наадварот.

— Існуе такі інтэграваны паказчык, як чытальнасць, раней ён складаў 18,6 працэнта...

— Зараз 16, бліжэй да 15. Некаторае зніжэнне не гаворыць, што аматары чытання ўзялі і прапалі, некуды падзеліся. Яны чытаюць кнігі на электронных носьбітах.

— Калі ласка, два словы пра камплектаванне фондаў.

— У свой час праблему вывучалі на самым высокім узроўні, і з'явілася даручэнне прэзідэнта краіны аб умацаванні фондаў. Сёння камплектаванне ажыццяўляецца недзе ў памеры 12 працэнтаў ад агульнага аб'ёму сродкаў, што выдзяляюцца на ўтрыманне бібліятэк.

Маладому без кнігі — нікуды. У Нацыянальнай бібліятэцы заўсёды сустрэнеш аматараў спрычыніцца да разумнага і вечнага

— А агульны аб'ём сродкаў вырас?

— Вырасла цана кнігі, вось у чым праблема. Вырасла цана друкаванага выдання, а таксама цана перыядычнага выдання. Перыёдыка стала надзвычай дарагая. У выніку ўсяго гэтага частка насельніцтва мае магчымасць атрымаць кнігу ці нават пачытаць свежую газету толькі ў бібліятэцы. Моладзь таксама часцей стала заглядваць да нас са спісам літаратуры, маладыя вяртаюцца ў бібліятэкі.Так што казаць пра непатрэбнасць бібліятэк заўчасна.

Наогул, не адно дзесяцігоддзе вакол бібліятэк назіраецца аб'яднанне людзей па інтарэсах. Галоўны смак ад такога аб'яднання — магчымасць пагаварыць, паказаць нешта сваё і на людзей паглядзець. У нас гэта і літаратурны гурток "ЛітЭра", і гурток аматараў лічбавай фатаграфіі з абавязковай дэманстрацыяй уласных здымкаў, нават з аматарскай выстаўкай, экспазіцыя якой пастаянна абнаўляецца. Гэта і гурткі рукадзелля, здаровага харчавання, абаронцаў экалогіі... Рэалізуецца вострая патрэба ў жывых стасунках, яна стала адчувацца вельмі і вельмі.

— Адна з задач, якія вы вырашаеце, — інфарматызацыя...

— Мы вядзём электронны каталог, базу даных "Мінск — гісторыя і сучаснасць", фарміруем такія фактаграфічныя базы даных, як "Вуліцы Мінска", "Здаровы лад жыцця", "Спартыўныя пляцоўкі Мінска" і іншыя. У нас свой сайт, дзе ёсць і віртуальная кніжная выстаўка новых паступленняў. У сайта пяць-шэсць тысяч наведванняў у месяц.

Па той прычыне, што ў нас з'явіўся сур'ёзны канкурэнт, ад якога ніколі не пазбавішся, — інтэрнэт, складана сказаць, якім будзе лёс бібліятэк, у першую чаргу публічных. Гэта глабальная, агульначалавечая праблема. Якія б новыя формы работы бібліятэка ні знаходзіла, яны прымяняльныя толькі да сённяшняга жыцця, сённяшняга грамадства. І толькі час адкажа на ўсе пытанні, у тым ліку, ці патрэбна чалавецтву "бібліётыка" ў тым выглядзе, у якім яна існуе сёння.

Ад рэдакцыі. Запрашаем чытачоў да працягу размовы. Дасылайце свае пісьмы ў рэдакцыю і электронныя водгукі на адрас vladіmіr.hіlk@tut.by, прачытаем іх уважліва.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.