Вы тут

Мадэльер Дзмітрый Забалотны: Людзі стаміліся ад глабальных брэндаў


Мадэльер Дзмітрый Забалотны быў адным з першых у Беларусі, хто пачаў вырабляць на заказ мужчынскія касцюмы прэміум-класа. Сёння яго студыя вядомая многім знакамітым і паспяховым беларусам, а касцюмы складаюць канкурэнцыю сусветна вядомым брэндам. Дзмітрый расказаў, у якіх выпадках не абысціся без класічнага касцюма, што павінна быць у гардэробе кожнага мужчыны і чым трэба кіравацца, яго фарміруючы, а таксама чаму важна разумець мову дрэс-коду.


І мастацтва, і рамяство

— Дзмітрый, што абумовіла ваш выбар прафесіі?

— З дзяцінства я цікавіўся мастацтвам, і гэта своеасаблівая спадчыннасць ад бацькі, які ў свой час вывучаў у Ленінградзе жывапіс, спевы, філасофію. У дзяцінстве я гадзінамі мог гартаць альбомы жывапісу, таго ж Віктара Васняцова — з пачатку да канца і зноў з канца да пачатку. У дзіцячым садку на ўсіх ранішніках мяне ставілі салістам. Пасля вучыўся ў музычным ліцэі пры кансерваторыі, на аддзяленні харавога дырыжыравання, пазней пачалася спецыялізацыя — фартэпіяна, валторна. А гэта экзамены, канцэрты і прыгожыя сцэнічныя касцюмы. У нас, хлопцаў, любімым месцам было закуліссе опернага тэатра, я дагэтуль памятаю ўсе чорныя хады, хоць там і прайшла рэканструкцыя. Мы з захапленнем глядзелі на сцэнічныя дэкарацыі, касцюмы, балерын, салістаў.

У падлеткавым узросце хацелася прыгожа выглядаць. У школе я завязваў піянерскі гальштук рознымі спосабамі, імкнуўся моднічаць у нейкіх пінжаках. Але гэта быў перыяд савецкага дэфіцыту, прыгожае адзенне прадавалася толькі ў магазінах «Бярозка». Мне цікава было заходзіць і глядзець, якія там ёсць рэчы.

— Памятаеце ваш першы асабісты досвед мадэлявання адзення?

— У 8 класе я прыдумаў сабе куртку, а мама дапамагла яе пашыць. Нядаўна яна нават знайшлася, я вельмі смяяўся, з якіх тканін удалося яе зрабіць. У старшых класах я пашыў сабе шорты-бермуды, на белай тканіне зусім не прызначанымі для гэтага фарбамі намаляваў пальмы, астравы, нейкія замежныя словы. Рэакцыя равеснікаў — «Ваў, няўжо ты сам гэта зрабіў!» — натхніла, хацелася ісці далей.

З такога дзіцячага досведу і пачаўся шлях у прафесію. Дзеля гэтага навучыўся маляваць. Тры гады запар, дарэчы, я хадзіў на экзамены ў тэхналагічны тэхнікум — пасля 8, 9 і 10 класа. Планаваў вучыцца ў школе, а на экзамен па малюнку прыходзіў, бо цікава было праверыць свае сілы. Пасля 10 класа паступіў, і мой малюнак быў адным з лепшых. Потым вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, на філасофскім факультэце БДУ, але не скончыў ні тое, ні другое. У нейкі момант мне станавілася сумна, і я сыходзіў. Так што я цалкам селф-мэйд у пэўным сэнсе гэтага слова. Веды ў розных галінах дапамагаюць разумець кліентаў з розных сфер — ад бізнесу да мастацтва. А мая прафесія — адначасова і мастацтва, і рамяство, гэтак жа, як музыка ці жывапіс.

З павагай да мовы дрэс-коду

— Ці складана працаваць у грамадстве, дзе многія мужчыны праяўляюць мала цікавасці да таго, што на іх апранута?

— У маім выпадку ўсё склалася даволі ўдала. Два дзесяцігоддзі таму, калі я пачынаў, нямногія мужчыны мелі ўяўленне пра моду, ды і менш было цікавасці да класічнага касцюма. Выключэннем былі тыя, хто зарабіў нейкі капітал, пазнаёміўся з замежнымі брэндамі. Гэта або прадпрымальнікі, або прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. За апошнія 20 гадоў змянілася і мужчынская мода, і погляды на яе, ды і самі мужчыны. Сёння больш павагі да сябе, да свайго статусу, імкнення да камфорту і прыгажосці. З'явіліся шматлікія магчымасці зарабляць і расходаваць. Ды і свет мяняецца: людзі стаміліся ад глабальных брэндаў, ад таннага адзення. Ёсць катэгорыя людзей, якія хочуць, каб адзенне было толькі «іхнім», стварала той звыклы камфорт і прыгажосць дзякуючы якасці тканіны, правільнасці пашыву і прапорцый. Так, гэта рэдкі від мужчын, прычым усюды — як у нашым грамадстве, так і ў заходнім. Але такіх дастаткова, каб я адчуваў сябе запатрабаваным. У 20 гадоў мне было складана прадаваць класічнае адзенне для сталых мужчын. Цяпер, калі я зраўняўся ва ўзросце са сваімі кліентамі, мы размаўляем на адной мове, жывём у адным асяроддзі, у нас аднолькавыя каштоўнасці. Я добра разумею, чаго хочуць такія мужчыны.

— Часам здаецца, што класічны касцюм саступае свае пазіцыі, бо сёння на дзелавую сустрэчу ці ў тэатр нярэдка ходзяць у джынсах...

— Ёсць вялізнае кансерватыўнае фінансавае, палітычнае асяроддзе, якое жыве па іншых законах, дзе эстэтыка і культура адзення — гэта іншая мова. Так, сёння часта гучаць дэмакратычныя прыклады ў адзенні Стыва Джобса і Марка Цукерберга, але гэта хутчэй выключэнні з правіла. Больш за тое, у банкаўскай сферы, у высокіх фінансавых колах, пабачыўшы твой касцюм, з табой могуць адмовіцца сустракацца. І мая задача — навучыць размаўляць на мове дрэс-коду, ставіцца да яе з павагай. У прыватнасці маладых кліентаў, якія працуюць у ІT-сферы і выходзяць на міжнародныя рынкі ў кансерватыўных галінах, дзе патрабуецца быць на роўных з замежнымі партнёрамі. Тут ужо байка або цішотка і джынсы не падыдуць. Дарэчы, сёння прадстаўнікі нашага бізнесу знешне вельмі добра выглядаюць на міжнародным узроўні.

— Ці абавязкова ў мужчынскім гардэробе павінен быць класічны касцюм?

— Я б не стаў катэгарычна сцвярджаць, што ў гардэробе кожнага мужчыны павінен быць касцюм. Магчыма, і не ў кожнага. Але трэба мець некалькі прыгожых, цікавых, адпаведных стылю жыцця пінжакоў. Гэта можа быць або касцюм, або камплект са штаноў і пінжака, якія пасуюць адзін аднаму. Мужчынскі пінжак — самы ўтылітарны прадмет гардэробу, бо яго можна насіць круглы год. У залежнасці ад абранай тканіны ён можа дарыць як цяпло, так і прахалоду. Гэта адначасова і куртка, і прадмет дзелавога гардэробу. У ім можна прыйсці як на вечарынку, так і ў месца, дзе ёсць дрэс-код. У пэўным узросце (і тут ужо скажу катэгарычна) трэба ўсведамляць, што вы пераходзіце са статусу маладога чалавека ў статус мужчыны. Але гэта ні ў якім разе не абмяжоўвае выбар адзення, і пры правільным падборы яно будзе падкрэсліваць маладосць, яркасць і энергічнасць. Пінжак, які добра сядзіць, дорыць зручнасці не менш, чым талстоўка ці байка.

Напрыклад, у Італіі мужчына, які дасягае пэўнага сацыяльнага становішча, нават пачатковага поспеху, шукае сабе краўца і далей заказвае ў яго пінжакі, касцюмы. Гэта іншы ўзровень спажывання. Ты можаш выбраць тканіну, запраграмаваць тыя ці іншыя ўласцівасці: або гэта пінжак на выхад для сур'ёзных сітуацый, або паўсядзённая рэч, якую хочацца насіць 10 гадоў і не мяняць. Пры гэтым яна будзе выдатна сядзець і ўвасабляць твой лад жыцця.

Навошта і як часта?

— Колькі, дарэчы, можна насіць адзін касцюм? Пры тым, што кожны сезон мяняецца мода: новая форма кішэняў, каўняра...

— Вы закранулі тэму, якая для большасці мужчын тэра інкогніта. Ёсць розныя віды тканін, адны вельмі носкія, іншыя зусім не носкія, прызначаныя, каб апранаць усяго некалькі разоў на год. Лёгкі летні пінжак з высакаякаснага тонкага кашаміру не будзе носкі. А калі ўзяць, напрыклад, шатландскі цвід вядомай маркі Hаrrіs Twееd, для вытворчасці якога выкарыстоўваецца самая грубая шэрсць, то пінжак будзе насіцца 10 гадоў і не сатрэцца. У мяне ёсць, дарэчы, такі пінжак, якому шэсць гадоў. Я двойчы мяняў падкладку, бо яна выходзіць са строю, а цвід становіцца толькі прыгажэйшы: дзесьці выціраецца, дзесьці набывае патрэбную форму.

Што датычыцца класічнага касцюма ў дзелавым гардэробе, то вельмі важна, каб мужчына дакладна разумеў, для чаго яго набывае і як часта будзе насіць. Дзіўна прапаноўваць студэнту касцюм коштам у тысячу рублёў, бо малады чалавек яшчэ зменіцца фізічна, знойдзе галіну, дзе яму будзе патрэбны іншы гардэроб. Мужчына, які робіць кар'еру, павінен усведамляць: калі ён кожны дзень апранае касцюм, то набываць варта носкі, які падыходзіць да дрэс-коду кампаніі. Любы гардэроб трэба прадумваць з пункту гледжання эканамічнасці, носкасці, камфорту, кантэкстуальнасці. Для статусных перагавораў патрабуецца раскошная тканіна, каб апанент бачыў, што перад ім чалавек высокага ўзроўню, які можа сабе дазволіць якасныя рэчы. Дарагі касцюм выдаюць і тканіна, і пашыў, і дэталі ручной работы. У мяне ёсць вопыт стварэння касцюмаў пад канкрэтныя перагаворы. І гэта працуе: людзі сапраўды дасягалі поспеху. Калі мы паглядзім на любое бізнес-асяроддзе, убачым аднолькавыя сінія касцюмы. Але на самай справе кожны з іх унікальны, бо пашыты на заказ. Там бачная і рука майстра, і стыль жыцця яго ўладальніка, уласныя перавагі і захапленні. І гэта вельмі няпроста, каб у класічным сінім касцюме была адлюстравана цэлая гісторыя чалавечага жыцця. Такога эфекту можна дасягнуць толькі з прафесійным краўцом.

— Хто вашы пастаянныя заказчыкі?

— Самыя розныя людзі. Але ўсе яны цэняць і паважаюць сябе, дасягнулі пэўнага поспеху і хочуць яго адчуць як праз якасць адзення, так і праз пэўны пасыл бізнес-партнёрам. Але мы адкрытыя і гатовы працаваць з усімі. Летась, напрыклад, рэалізавалі невялікі, але цікавы праект з Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Зрабілі серыю гальштукаў для vір-персон і кіраўнікоў дэлегацый, якія наведваюць наш НАК. Гэта магчымасць паказаць, што ёсць беларускі прадукт на ўзроўні сусветных стандартаў.

— Колькі каштуе касцюм, пашыты на заказ?

— З улікам асаблівасцяў тэхналагічнага працэсу і кошту тканін — 1200—3000 рублёў. У Еўропе той прадукт, які мы робім, каштуе ў эквіваленце ад 3 да 10 тысяч рублёў. Для асноўнага беларускага спажыўца наша цана вельмі высокая. Але мы разлічваем не на масавага пакупніка. Наш касцюм, калі праводзіць аналогіі з аўтамабілем, прадстаўніцкага класа. Хоць я магу пашыць і для студэнта, і для прэзідэнта. У нас, дарэчы, было некалькі незвычайных заказаў, калі мы рабілі школьную форму для маладых людзей, якія вучыліся ў Англіі і Швейцарыі. Зразумела, што для школьнікаў мы выбіралі больш простыя і носкія тканіны, там не патрэбны петлі ручной работы. Калі ведаеш тэхналогію, можна гэта рэгуляваць. Тэхналогія на той жа фабрыцы «Камінтэрн» нядрэнная, проста яна іншая — накіраваная на тое, каб зрабіць масавы недарагі прадукт. Але ёсць абмежаванні: там не будзе глянцу, што ёсць у нашым касцюме. Гэта розныя полюсы адной індустрыі. У той жа Італіі падчас стажыроўкі я пабываў на пяці розных вытворчасцях: ад маленькай камернай, дзе ў неапальскім дворыку працуе адзін дзядуля і ў яго толькі прас і швейная машынка, да фабрыкі з магутнасцю тысяча адзінак у месяц і самым сучасным абсталяваннем. Тут кожны працуе ў сваім сегменце і ў кожнага свая задача.

— Колькі займае работа над адным касцюмам?

— Ад 50 да 90 рабочых гадзін. Над касцюмам, акрамя мяне, працуюць тры спецыялісты. Мая задача — выбраць тканіну, гузікі, ніткі, аксесуары, падабраць канструкцыю, прайсціся па ўсіх тонкасцях тэхналагічнага працэсу, зрабіць прымеркі — першую, другую, трэцюю, — пакуль у кліента не загарацца вочы. Але магу зрабіць касцюм цалкам уласнымі рукамі, без швейнай машынкі, і гэта будзе лепшы касцюм у свеце. Праўда, эканамічна гэта неапраўдана.

Алена КРАВЕЦ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».