Вы тут

Беларусь сёння далучыцца да Глабальнага дня прыборкі


Сёння, 15 верасня, адбудзецца акцыя міжнароднага руху Lеt's dо іt! — Глабальны дзень прыборкі. Па задумцы арганізатараў, у гэты дзень удзельнікі і ўдзельніцы руху са 150 краін правядуць прыборку несанкцыянаваных звалак. Беларусь таксама далучаецца да акцыі.


Пачынаючы з 21 красавіка валанцёры руху «Зробім!» актыўна шукалі навалы смецця ў лясах, на берагах рэк і азёр, месцах масавага адпачынку і наносілі іх на карту. У працэсе фарміравалі каманды і наладжвалі сувязі з мясцовымі органамі ўлады. Сёння гэтае смецце будзе прыбранае.

— Мы спадзяёмся, што 15 верасня на прыборку выйдзе максімальная колькасць добраахвотнікаў па ўсёй Беларусі, — кажуць у арганізацыйным камітэце руху па прыборцы несанкцыянаваных звалак «Зробім!». — Пры гэтым важна не толькі зрабіць прыроду чысцейшай, але і падзякаваць адно аднаму за добрую справу.

Прыборка пройдзе ў Мінску, Гомелі, Гродне, Брэсце, Вілейцы, Баранавічах, Рэчыцы, Маладзечне, Ракаве, Оршы, Слуцку, Пінску, Мядзеле, аграгарадках Нарач і Прылукі, вёсках Полцева і Лескавічы Шумілінскага раёна.

У Мінску 15 верасня валанцёрская прыборка пройдзе ў парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. На працягу дзвюх гадзін удзельнікі будуць наводзіць парадак у лесапаркавай зоне. Пасля арганізатары запросяць добраахвотнікаў на невялікі пікнік.

Для тых, хто хоча правесці Глабальны дзень прыборкі асабліва актыўна і з карысцю, кампанія «Гарадскі Ляснічы» падрыхтавала новы пешы марафон, які пройдзе праз «Райскі сад» і самую доўгую алею сталіцы. Па ходзе руху ўдзельнікі марафону таксама правядуць міні-акцыі па прыборцы. Таму арганізатары раяць захапіць з сабой пакеты і пальчаткі.

Незвычайную прыборку ў гэты дзень правядзе жыхар Мінска амерыканскага паходжання Джон Росмен, які запрашае ўсіх аматараў велатранспарту і загарадных паездак адправіцца ў лес каля мікрараёна Уручча. Старт ад Нацыянальнай бібліятэкі ў 13.00.

Акцыі па прыборцы праводзяцца пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?