Вы тут

Хлебам па старых рэцэптах пачастуюць турыстаў у "Бездзежскім хвартушку"


У музеі народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" Драгічынскага раёна турыстаў будуць частаваць жытнім хлебам, спечаным па старадаўніх рэцэптах, паведаміла дырэктар музея Марыя Астаповіч.


Ідэю пра ўласны млын супрацоўнікі комплексу выношвалі даўно. Ініцыятыву ўдалося рэалізаваць у гэтым годзе. Плануецца, што з лістапада госці музея змогуць вывучыць працэс абмалоту збожжа, даведацца сакрэты выпечкі жытняга хлеба, якімі карысталіся старажылы.

"Турысты змогуць пабываць унутры млына, паспрабуюць жорнамі здрабніць зерне. З атрыманай мукі мы ў печы спячом хлеб з рознымі начынкамі. Магчыма, з кропам, ляснымі арэхамі, сухімі грыбамі, ільняным насеннем, лебядой, малады бацвіннем буракоў. Для пачатку самі паспрабуем рэцэпты" , - адзначыла Марыя Астаповіч. Паспрабаваць выпечку прапануюць з мёдам або хатнім сметанковым алеем, з гарбатай на лекавых травах.

"Цяпер можна купіць у краме муку, дрожджы, замясіць цеста і спячы хлеб. Раней тэхналогія была больш складанай. Традыцыйны аржаны хлеб, які пяклі на Бездзежскай зямлі, нельга было прыгатаваць за пару гадзін. Для гэтага трэба 4-5 дзён. Бралі сушаныя шышачкі хмелю, іх запарвалі. З гэтай заваркай змешвалася мука - так атрымлівалася закваска, на аснове якой мясілі цеста", - падзялілася рэцэптам Марыя Астаповіч.

Наведвальнікі "Бездзежскага хвартушку" могуць акунуцца ў побыт вяскоўцаў XIX-XX стагоддзяў. Турыстам прапануюць прагуляцца па сялянскім падворку, паспрабаваць сябе ў ролі гаспадара: папрацаваць з сячкарней, праполоць градкі, прыбраць ураджай. Галоўным гонарам музея з'яўляецца калекцыя унікальных хвартушкаў, кожны з якіх выраблены ў адзіным экземпляры. У гэтым годзе фонды папоўніліся новымі экспанатамі. Праўнукі жыхаркі суседняй вёскі Застаўе перадалі супрацоўнікам чатыры яе хвартушкі. Даўней у кожнай сельчанкі было да 12 арыгінальных фартухоў - на кожнае вялікае царкоўнае свята.

Бездзежскі музей з пачатку года наведалі каля 15 тыс. турыстаў з дзевяці краін.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.