Вы тут

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні


З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе. У якіх сферах нашы краіны могуць паспяхова супрацоўнічаць, колькі беларусаў атрымалі працоўныя візы ў Літву і як адрозніваюцца цэны ў крамах Вільнюса і Мінска – пра гэта і многае іншае расказаў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Андрус ПУЛАКАС.


– Спадар пасол, у жніўні споўнілася два гады, як вы сталі кіраўніком дыпламатычнай місіі Літвы ў Беларусі. Што ўдалося зрабіць за гэты час, і якія ў вас уражанні ад працы ў нашай краіне?

– Адносіны паміж нашымі краінамі дасягнулі такога ўзроўню, што паслу зрабіць нейкі зрух за кароткі тэрмін складана. Прававая база практычна сфарміраваная, вельмі актыўна развіваюцца гандлёва-эканамічныя стасункі. Я параўнаў бы адносіны паміж Літвой і Беларуссю з шырокай спакойнай ракой. Дабрасуседскія адносіны патрэбна берагчы абодвум бакам і не перашкаджаць супрацоўніцтву, пачынаючы ад гандлю і завяршаючы асабістымі кантактамі паміж людзьмі.

А ўражанні – самыя пазітыўныя. Я нядрэнна ведаў Беларусь, яшчэ ў дзяцінстве прыязджаў сюды з бацькамі. Але ўжо тут, на месцы, пазнаеш краіну па-іншаму. Сустрэчы, перамовы – гэта, так бы мовіць, рабочая руціна, і вельмі прыемна, што бачу тут дабразычлівых, сучасных людзей.

Якія, на ваш погляд, існуюць агульныя сацыяльна-эканамічныя праблемы ў Беларусі і Літве?

– Агульная праблема ўсёй Еўропы – гэта старэнне грамадства, нізкая нараджальнасць. З гэтым звязныя не толькі пытанні дэмаграфіі, але і развіццё рэгіёнаў. Усе хочуць у вялікія гарады, з іх – у вельмі вялікія, а з вялікіх – у мегаполісы. Гэта сусветны працэс, і мы таксама нікуды ад яго не падзенемся. Так некаторы час будзе. І гэта спараджае шэраг праблем. У рэгіёнах інфраструктура не загружаная, а ў Вільнюсе не хапае школ, месцаў у дзіцячых садках.

Праблемы агульныя, але шляхі вырашэння розныя, бо кожная краіна абрала свой кірунак развіцця чвэрць стагоддзя таму. У нас зусім іншая эканамічная мадэль. Наша эканоміка інтэграваная з Еўрасаюзам, а беларуская цесна звязаная з Расіяй. І ў гэтым трэба шукаць нейкі патэнцыял, бо калі суседні рэгіён развіваецца, з ім выгадна супрацоўнічаць.

– Праблемы міграцыі і развіцця рэгіёнаў, як вы адзначылі, узаемазвязаныя. Як яны вырашаюцца ў вашай краіне?

– Міграцыя пачала актыўна развівацца пасля ўступлення Літвы ў ЕС, бо паступова былі зняты ўсе бар'еры. Тады гэта было вельмі нова – людзі змаглі з'язджаць на заробкі. Мы да гэтага і імкнуліся, каб была свабода выбару – дзе вучыцца, дзе працаваць. Гляджу на гэта з пазітыўнага боку: людзі набываюць новы вопыт, добра зарабляюць.

Сёння мы падышлі да той рысы, калі літоўцы вяртаюцца, і ў цэлым больш людзей прыязджае, чым з'язджае. Цяпер менш перадумоў для міграцыі, чым у 2004 годзе, калі Літва ўвайшла ў склад ЕС. Тады ўзровень нашых заробкаў складаў не больш за 30% ад сярэднестатыстычнага паказчыку ў Старой Еўропе. Цяпер у Літве заробная плата складае прыкладна 80% ад узроўню Еўрасаюза. Таму літоўцы вяртаюцца дадому, бо на радзіме заўсёды больш магчымасцяў для чалавека, чым у чужой краіне.

Беларусь і Літва – краіны з вельмі сур'ёзнымі традыцыямі ў сельскай гаспадарцы. Але ў XXI стагоддзі столькі насельніцтва ў вёсках не патрэбна, зараз адна адзінка тэхнікі замяняе дваццаць чалавек. Няма працы – людзі едуць туды, дзе яна ёсць. Калі я вучыўся, чвэрць насельніцтва Літвы складалі сельскія жыхары, цяпер – 3-4%. У сельскай мясцовасці і малых гарадах трэба ствараць новыя працоўныя месцы. У Літве зараз вельмі папулярна, нават сказаў бы, што гэта стыльна і прэстыжна – падарожнічаць па сваёй краіне. Так высветлілася, што ў нас вялікі патэнцыял росту для аграсядзібаў.

Што ж тычыцца развіцця рэгіёнаў, то мы хацелі б наблізіць іх па ўзроўні жыцця да буйных гарадоў. Ёсць ідэя перанесці з Вільнюса некаторыя цэнтры прыцягнення, органы дзяржаўнай улады рэспубліканскага значэння. Але гэта няпроста і няхутка, бо ўстановы працуюць, у кожным кабінеце – жывыя людзі, а ў іх – сем'і.

Колькі ў гэтым годзе беларусы атрымалі працоўных віз, і якія спецыялісты з нашай краіны запатрабаваныя ў Літве?

– Наша эканоміка цяпер добра развіваецца, і ў некаторых сферах нам не хапае рабочых рук. Таму іміграцыя ў Літву павялічваецца. З пачатку года мы аформілі беларусам 6000 нацыянальных віз, якія даюць права на працу ў нашай краіне. Можа, у абсалютных лічбах гэта і няшмат, але ў параўнанні з мінулым годам – ​​рост на 50%.

Па традыцыі, запатрабаваныя кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў. У Літве зараз будаўнічы бум, адпаведна, неабходны і спецыялісты ў гэтай галіне, а таксама ў сферы паслуг і лагістыкі.

– У якіх сферах маглі б, на ваш погляд, больш цесна супрацоўнічаць, смялей кааперавацца прадпрымальнікі з Літвы і Беларусі?

- Наведваючы розныя мерапрыемствы, мы ўвесь час стараемся намацаць нейкія новыя перспектыўныя сферы. У гэтым годзе традыцыйны беларуска-літоўскі эканамічны форум праходзіў у Віцебску. Мы імкнуліся знайсці варыянты прыгранічнага супрацоўніцтва, каб у рэгіёнах быў нейкі рух, пачынаючы з турызму і заканчваючы бізнес-праектамі. У Літве шмат невялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў легпраму, якія маюць добры вопыт супрацоўніцтва і рынкі збыту ў ЕС. Але ім не хапае магутнасцяў для выканання заказаў. Частку кантрактаў можна было б выканаць у Віцебску і збыць прадукцыю ў Еўрасаюз. Наколькі я ведаю, у гэтым накірунку ўжо ідзе праца.

Паміж Літвой і Беларуссю традыцыйна склалася добрае супрацоўніцтва ў транспартнай сферы – гэта і Клайпедскі порт, і чыгунка. Я думаю, гэта толькі пачатак. Мы не павінны задавольвацца тым, што ёсць. Мала займацца перавалкай грузаў, трэба шукаць магчымасць зарабляць дабаўленую вартасць.

Каб трапіць у Вільнюс да 9 раніцы, з Мінска даводзіцца выязджаць у тры гадзіны ночы. Час прастою на мяжы нярэдка перавышае час у дарозе. У якой стадыі перамовы аб пашырэнні пунктаў пропуску Каменны Лог – Медзінінкай?

– Гэта наш галоўны пункт пропуску, і яго прапускной здольнасці ўжо даўно не хапае. Работы па рэканструкцыі і пашырэнні пачнуцца ўжо ў гэтым годзе, завяршыць іх плануецца ў 2021-м. Вядома, складана і нязручна праводзіць такія работы на дзеючым пункце пропуску. Я заўсёды прашу пастарацца зрабіць так, каб звесці да мінімуму магчымыя нязручнасці для людзей, якія перасякаюць мяжу.

Таксама не варта забывацца, што гэта не адзіны пункт пропуску. Нядаўна адкрыўся аналагічны ў накірунку Лоша – Шумскас. У Друскінінкай зручна ехаць праз Прывалку – Райгардас, гэта камфартабельны і сучасны пункт пропуску. Заўсёды можна паглядзець на сайтах памежных службаў, дзе якія чэргі, і выбраць аптымальны варыянт. Не варта забывацца і пра чыгунку: паміж сталіцамі ходзяць камфартабельныя электрычкі. Магчыма, самалётам хутчэй, на машыне зручней, але цягніком – заўсёды своечасова.

У Пасольства Літвы цяжка запісацца он-лайн, але ў той жа час яно і самае прыязнае, практычна няма адмоў у выдачы візаў. Колькі з іх турыстычных атрымалі беларусы?

– Складанасць з запісам абумоўлена тым, што вельмі вялікі паток атрымальнікаў візаў ідзе непасрэдна ў пасольства. Але ёсць альтэрнатыва – візавыя цэнтры. Вядома, гэта і дадатковыя выдаткі, але для жыхароў рэгіёнаў прасцей і танней дабрацца да візавага цэнтру, чым прыехаць у Мінск ці Генконсульства ў Гродне. Такія цэнтры маюць магчымасць прыстасавацца да пікавых нагрузак – сезон адпачынкаў, вялікія выхадныя, а ў пасольства такой магчымасці няма.

Мінулы год быў рэкордным – 204 тысячы беларусаў атрымалі візы ў пасольстве. У гэтым годзе колькасць іх стабільна расце, ужо выдадзены 140 тысяч. Радуе, што беларусы едуць у Літву, што захаваліся добрыя кантакты паміж людзьмі.

У савецкі час для многіх мінчан Вільнюс быў такім горадам выхаднога дня. Па літоўскай сталіцы асабліва настальгуе тое пакаленне, якое ўжо выйшла на пенсію. Кошт шэнгенскай візы для нашых пенсіянераў – вельмі сур'ёзная фінансавая перашкода. Не разглядаецца  пытанне аб тым, каб для гэтай катэгорыі былі нейкія ільготы ў частцы аплаты візавага збору?

– Мы б з задавальненнем, але абавязаны выконваць агульныя шэнгенскія правілы і не можам даваць прэферэнцыі асобным групам. Усё, што магчыма, мы робім. Нядаўна арцыбіскуп-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з просьбай адкрыць бясплатныя візы для каталікоў, якія накіроўваюцца ў Вільнюс у дні візіту Папы рымскага ў Літву. Мы знайшлі дадатковыя рэсурсы і па спісах касцёла адкрыем блізу 600 візаў. Гэтыя людзі будуць ехаць у Літву ў арганізаваным парадку, думаю, больш за 10 аўтобусаў. Візіт Францыска ў Вільнюс запланаваны на 22-23 верасня, таму ў гэтыя дні нагрузка на мяжы будзе падвышаная, што варта ўлічыць пры планаванні бліжэйшых паездак у Літву.

Госцю, каб лепш пазнаёміцца з краінай, трэба звярнуць з вядомага турыстычнага маршруту. У Беларусі ёсць некалькі ўзорна-паказальных аб'ектаў, перш за ўсё – Нясвіж і Мір. Але ці была ў вас магчымасць звярнуць з пракладзеных маршрутаў і ўбачыць нешта цікавае ў глыбінцы?

– Усё вельмі знаёмае. У Беларусі шукаю хутчэй не адрозненні, а супадзенні, у гэтым і заключаецца "разыначка". У нас у сельскай мясцовасці дамы фарбуюць у жоўты і зялёны колер. Такая ж колеравая гама ў заходняй частцы Беларусі, а вось ва ўсходняй дамінуюць блакітныя адценні. Мне цікава ўсё, нават параўноўваю разьбу на ліштвах – падобная ці не да нашай. Часам гляджу, якія кветкі растуць каля дамоў. Драўляная архітэктура сустракаецца цікавая. Агульнае ўражанне ад глыбінкі – сціпла і дагледжана, гэта радуе вока.

У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што ў дыпламатычным асяроддзі ёсць жарт: Што паглядзець у Беларусі? Вільнюс. А што ўсё ж такі параіце сваім суайчыннікам паглядзець у нашай краіне?

– Спіс можа быць бясконцым, таму што ў нас шмат агульнай гістарычнай спадчыны. Сябрам паказваю згаданыя вамі Нясвіж і Мір. Аддаю ім перавагу таму, што якім бы важным з гістарычнага пункту гледжання ні было месца, сучаснаму чалавеку нецікава толькі слухаць гіда. Хочацца акунуцца ў атмасферу, патрэбны нейкія актыўнасці і добрая інфраструктура. Для нас важныя і Ружаны, і Мерачоўшчына. Выдатна, што ў Беларусі аднаўляюцца замкі і сядзібы.

Першага верасня мы ездзілі ў аграгарадок Рымдзюны, дзе пражываюць этнічныя літоўцы. У першы клас школы з літоўскай мовай навучання пайшлі сямёра дзетак. Там побач Гервяты, і, вядома, немагчыма праехаць міма Траецкага касцёла. Хто не бачыў яго раней, проста агаломшаны: такая прыгажосць сярод палёў, у вёсцы! Кожны еўрапейскі горад можа пазайздросціць.

– Дзе ў Мінску звычайна купляеце прадукты?

– Заўсёды робім гэта там, дзе жывём. Прадукты смачныя і тут, і дома. Нашы кухні, кулінарныя перавагі вельмі падобныя. Але нешта ўсё ж немагчыма знайсці, напрыклад, літоўскі хлеб. Яго тут проста няма, хаця стараюцца выпякаць штосьці падобнае, называюць літоўскім, але ўсё роўна гэта далёка ад арыгіналу. Набываем малочныя прадукты, гародніну, садавіну. Імпартныя прадукты больш купляем у Літве.

– Ці моцна адрозніваюцца нашы і літоўскія цэны на прадукты?

– Вельмі супастаўныя. Напэўна, нейкія самыя простыя, базавыя прадукты – па іх ёсць адрозненне ў адсоткаў 10.

У Літве абывацелі кажуць, што цэны моцна падвысіліся пасля пераходу на еўра. Гэта насамрэч так?

– Паводле статыстычных дадзеных, выбуху цэнаў не адбылося. Але псіхалагічна людзям здаецца, што яны істотна выраслі. Напрыклад, сур'ёзна падаражэлі некаторыя паслугі. І нават калі яны займаюць два адсоткі ў спажывецкім кошыку, людзі заўважаюць падвышэнне. Але давайце паглядзім на сярэдні заробак – цяпер ён 920 еўра. Калі перавесці ў літы, гэта вельмі вялікія грошы. Рост заробнай платы працягваецца, у гэтым годзе асабліва адчувальна падвысіліся даходы. З пачатку года наш урад шукаў магчымасць павялічыць заробкі ў самых нізкааплатных галінах эканомікі. Вырас мінімальны заробак да 400 еўра. Бывае добрая статыстыка, а фінансавае становішча паляпшаецца ў нязначнай часткі насельніцтва. Цяпер якраз большасць адзначае паляпшэнне.

– Ці падабаецца вашай сям'і Мінск?

– Мы ўжо прывыклі жыць на чамаданах, гэта ж не першая мая камандзіроўка. Мы жывём па прынцыпу: знаходзіць лепшае і пазітыўнае. У Мінску нам гэта ўдаецца.

– Вашы дзеці вучацца ў міжнароднай школе. А ці ёсць у іх магчымасць мець зносіны з беларускімі аднагодкамі?

– У тым і справа, што мала такіх магчымасцяў. Спартыўныя гурткі пры школе, суседзі – тыя ж аднакласнікі. Але мы абралі ў якасці другой замежнай мовы рускую, у тым ліку для таго, каб дзецям было тут лягчэй заводзіць знаёмствы. Паглядзім, можа, атрымаецца знайсці нейкія заняткі па-за школай. А так, калі бываем на гарадскіх святах, у парках, дзеці, вядома, хутка знаходзяць кампанію.

– Як бавіце вольны час?

– Яго не так і шмат, бо часам даводзіцца ў суботу працаваць. Звычайна гуляем у парках, катаемся на роварах, наведваем культурныя мерапрыемствы, якія нам асабіста цікавыя. На працы вельмі шмат зносінаў, і часам, калі па шчырасці, хочацца пабыць аднаму ў цішыні – так бавіць вольны час таксама карысна.

Насельніцтва Літвы – больш за 2 826 000 чалавек, з іх 30 000 – беларусы.

Мінімальны заробак – 400 еўра, сярэдні – 920 еўра.

Пенсійны ўзрост да 2026 года – 65 гадоў, сярэдні памер пенсіі – 320 еўра.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?