Вы тут

Папяровыя карункі як антыдэпрэсант


Заўсёды прыемна даведвацца пра існаванне новых мастацкіх школ. Нават калі ты ў гэтай школе... вучыўся (маю на ўвазе дзіцячую мастацкую школу горада Маладзечна, дзе ў мяне быў прадмет «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»). Давялося там пазаймацца і выцінанкай — адкрыць для сябе яе хараство і сваімі рукамі выразаць з паперы вытанчаныя малюнкі-карункі. Калі хтосьці ўсё адно не разумее, што ж такое выцінанка, прыгадайце, як у дзяцінстве пад Новы год вы, напэўна ж, выразалі з паперы сняжынкі, каб павесіць іх на вокны, на люстру. Гэта і ёсць самая простая выцінанка. Але зазвычай робіцца яе больш складаны варыянт — прадуманы, лаканічны, з вобразнымі ўзорамі, выразанымі на паперы. Прафесар, даследчык беларускай культуры Яўген Сахута вылучыў маладзечанскую выцінанку як асобную з'яву, са сваёй унікальнай стылістыкай і творчай сістэмай. Убачыць яе вы можаце самі, зазірнуўшы на выстаўку Маладзечанскай школы выцінанкі, якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску.


«Калейдаскоп» Людмілы Валковіч-Борыс.

Экспазіцыя складаецца з твораў мастакоў, якія стаяць ля вытокаў гэтай школы: Наталлі Чырвонцавай, Лізаветы Чырвонцавай, Людмілы Валковіч-Борыс.

Выцінанка — вельмі старажытны від мастацтва, аднак з-за развіцця новых тэхналогій у свой час ён прыйшоў у заняпад. Паступовае адраджэнне выцінанкі пачалося з 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Народны майстар Вікторыя Чырвонцава першай стварыла трывалую сістэму навучання майстэрству выразання з паперы спачатку на базе дзіцячай мастацкай школы, а затым на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. Менавіта дзякуючы яе намаганням утварылася Маладзечанская школа выцінанкі, якая мае свае адметныя рысы: дакладную кампазіцыю, лаканічнасць, сімвалізм, спецыяльныя прыёмы выразання для стварэння тонавай плямы.

— У Маладзечанскай школе выцінанкі выкарыстоўваюцца міфалагічныя вобразы, матывы спадчыны — бяром нават старажытную беларускую архітэктуру, нацыянальныя строі. Усё гэта закладзена ў навучальную праграму, — распавяла выкладчыца Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, майстар выцінанкі Наталля ЧЫРВОНЦАВА. — Сучасныя матывы з'яўляюцца ў творчасці тых майстроў, якія заканчваюць навучанне ў Маладзечне і ідуць у вышэйшыя мастацкія навучальныя ўстановы.

Наталля Чырвонцава побач са сваімі работамі.

Можна адзначыць такіх сталых майстроў выцінанкі, як Наталля Сухая, Вольга Бабурына. Яны таксама з'яўляюцца яркімі прадстаўніцамі гэтай традыцыі.

— Калі вызначаць пэўную мастацкую школу, то гаворка ідзе пра перадачу ўменняў, асаблівую манеру. Калі вы пагледзіце на работы маладзечанцаў, то ўбачыце адпаведную выразку, прынцыпы, па якіх будуецца кампазіцыя. Такія навыкі перадаюцца ў маладзечанскіх навучальных установах — іх выхадцы нясуць майстэрства далей. Выкладчыкі і настаўнікі выцінанкі працуюць у школах, гуртках, дзіцячых садках.

Самім маладзечанцам гэта можа быць не заўважным, аднак тыя, хто завітвае ў горад у пераднавагоднюю пару, бачаць, што многія гараджане ўпрыгожваюць у такой тэхніцы і свае дамы, і школы, і дзіцячыя садкі. Відавочна, што нават на падсвядомым узроўні гэтае мастацтва ім блізкае.

Вобразы з выцінанак часта пераходзяць і ў іншыя віды мастацтва — напрыклад, у манументальнае. Так, у сталіцы час ад часу з'яўляецца графіці з малюнкамі з выцінанак (арыгіналы Лізаветы Чырвонцавай). Канстанцыя Герасіменка, якая вучыцца у Акадэміі мастацтваў на дызайне касцюма, спрабуе ўвесці пэўныя вобразы ў дызайн вопраткі. Яна рабіла сукенку ў стылі выцінанкі — з прарэзкай па тканіне. Гэта таксама традыцыйны від творчасці Маладзечаншчыны: даўней тут рэзалі тканіну на вялікіх, доўгіх ручніках. Канстанцыя ўзяла такі прынцып прарэзкі, выкарыстала гістарычны эскіз касцюма ХІ стагоддзя. У выніку атрымаўся надзвычай удалы праект з ільну.

Каля вытокаў Маладзечанскай школы выцінанкі стаяў вядомы мясцовы мастак Юрась Герасіменка-Жызнеўскі. На пачатку развіцця аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музычным каледжы ён выкладаў кампазіцыю. Менавіта гэты творца заклаў графічныя прынцыпы ў выцінанку. Маладыя майстрыхі першапачаткова выразалі выцінанкі па яго эскізах (а іншых узораў папросту не мелі). Цяпер жа ёсць метадычны фонд, на падставе якога навучэнцам прасцей будаваць свае кампазіцыі.

Дагэтуль захаваліся выцінанкі, зробленыя па эскізах Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага. Яны знакавыя, як экслібрысы, надзвычай вытанчаныя. Вікторыя Чырвонцава заўсёды раілася з мастаком наконт кампазіцыі твораў: з яе боку прысутнічаў народны погляд на выцінанку, з яго — погляд прафесійнага мастака-графіка. Такім чынам быў закладзены пачатак, нават фундамент Маладзечанскай школы.

— Выцінанка — гэта форма самавыяўлення пачуццяў, — адзначае Наталля Чырвонцава. — Гэта гульня сіметрыі, бо вельмі цікава, калі выява разварочваецца, — і ты атрымліваеш новую кампазіцыю. У гэтым напрамку можна надзвычай шмат вынаходзіць, напрыклад, адступаць ад народных матываў, выяўляць у такой тэхніцы філасофскія думкі. Выцінанка нагадвае каліграфію. У кітайцаў лічылася, што майстэрства прыгожага пісьма развівае шмат духоўных якасцяў і з'яўляецца лекавым. Я таксама лічу, што выцінанка — добры тэрапеўтычны сродак: бярэш нажніцы (не ведаю, ці нейкія кропкі на пальцах задзейнічаны, ці штосьці яшчэ, калі складваеш і выразаеш паперку), але ты атрымліваеш пэўнае задавальненне, і дрэнны настрой сапраўды змяняецца на добры. Такі своеасаблівы антыдэпрэсант. На тое звярталі ўвагу і іншыя нашы выцінаншчыкі. Замежныя майстры таксама заўважалі лекавасць выцінанкі.

Гэта цікава

Узнікненне выцінанкі як аднаго са старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва звязана з вынаходніцтвам паперы ў Кітаі. З распаўсюджваннем тэхналогіі яе вырабу выразанне з паперы рабілася ўсё больш модным у Еўропе. На тэрыторыі Польшчы, Украіны, Беларусі выразанне і выявы з паперы атрымалі назву «выцінанка». Правобразамі выцінанак з'яўляліся кустоіды, якія выкарыстоўваліся для аховы пячатак на дакументах. Яны мелі форму ромба ці разеткі. Кавалак паперы, складзены ў чатыры разы, выразаўся па краі рознымі прыгожымі зубчыкамі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.