Вы тут

Летапісец малой радзімы


Як жа гэта небяспечна — мець уражлівае сэрца ў нашым меркантыльным свеце! Як гэта балюча — пазнаваць рэчаіснасць праз расчараванні, вучыцца жыццю праз здрады, ісці сваім шляхам праз бясконцыя непаразуменні і супраціў самых блізкіх людзей. Як гэта страшна — быць адзінокім у сваіх памкненнях! І якая гэта асалода — адчуць аднойчы, што сам Усявышні дыхае табе ў патыліцу. Бо толькі яму, Госпаду, вядома сапраўдная наша місія на Зямлі, і таму Ён ніколі не пакіне таго, каго абраў для выканання гэтай місіі.


Вядомая на Смаргоншчыне і Ашмяншчыне краязнавец, гісторык, перакладчыца Таццяна КЛЯШЧОНАК упарта ідзе сваім шляхам, а тыя, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай малой радзімы, удзячны ёй за адкрыцці і знаходкі, за тую шчодрасць, з якой яна дзеліцца сваімі адкрыццямі.

Яе ўлюблёныя мясціны — Смаргоншчына, Ашмяншчына, Маладзечаншчына... Яны асацыююцца найперш з гістарычнай спадчынай Вялікага Княства Літоўскага, з творамі Міхала Клеафаса Агінскага, з раманамі Збігнева Жакевіча. Пасля дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў занядбання, наўмыснага забыцця вяртаецца да нашчадкаў Вялікага княства іх колішняя слаўная гісторыя, адраджаецца памяць пра тых, хто зрабіў значны ўнёсак у сусветную культуру, сілкуючыся мясцовымі традыцыямі, натхняючыся маляўнічымі краявідамі, музыкай гэтай зямлі і неба, якое сканцэнтравалася ў мелодыях храмаў, палацаў, сялянскіх хацін. Таццяна Іванаўна — толькі адно, але вельмі важнае звяно ў ланцужку рупліўцаў, што пакрысе збіраюць, захоўваюць і папулярызуюць гісторыка-літаратурныя скарбы Віленшчыны, гэтай калыскі сапраўднай сучаснай беларушчыны.

Таццяна Кляшчонак, чалавек Сусвету, хоць і з вельмі глыбокімі духоўнымі каранямі, моцна ўрослымі ў глебу старажытнай Літвы, той краіны, якую ўслаўлялі Адам Міцкевіч, Аляксандр Ходзька, Францішак Багушэвіч, пра адраджэнне якой у межах Вялікага Княства Літоўскага марыў Міхал Клеафас Агінскі. У юбілейны год, абвешчаны ЮНЕСКА годам Міхала Клеафаса Агінскага, Таццяна Кляшчонак, на той час навуковы супрацоўнік музея-сядзібы
М. К. Агінскага ў Залессі, выдала некалькі альманахаў, календароў, брашур, прысвечаных славутаму грамадскаму дзеячу, кампазітару і яго таксама вельмі таленавітым нашчадкам.

Калі яна стала лаўрэатам конкурсу імя Ежы Гедройця, заснаванага Польскім інстытутам у Мінску, не ведала, што гэта толькі аванс. Бо яе чакала вялікая і няўдзячная праца — стаць першым перакладчыкам раманаў Збігнева Жакевіча на беларускую мову. З лёгкай рукі прафесара Адама Мальдзіса смаргонская настаўніца польскай мовы ўзялася за такую складаную работу. Было жаданне не проста расказаць пра гэтага пісьменніка і яго творы, а зрабіць даступнай і зразумелай для беларусаў яго знакамітую «Сагу Віленскую». Нешта бясконца штурхала да пісьмовага стала, навязліва будзіла пасярод ночы. У заснежаных зімовых Граўжышках, напэўна, не адну ноч свяцілася яе акно. Там здзяйснялася мара і адраджалася старадаўняя Беларусь — Літва са сваімі адметнымі гукамі і пахамі нацыянальных свят, забабонамі і легендамі, прымхамі і малітвамі. Там сама перакладчыца адчувала, як з глыбіны душы ўзнікаюць захаваныя на генным узроўні пачуцці, асацыяцыі, зусім іншыя катэгорыі ўспрымання рэчаіснасці.

Жыццё не шкадавала, падкідвала ўвесь час праблемы. Трэба было гадаваць дачку, затым унучку, падтрымаць сталую маці, даглядаць хворага бацьку. Нейкі час працавала настаўніцай у польскай школе. Думкамі ж заўжды цягнулася да мілых сэрцу крэўскіх крутых горак, ашмянскіх пакатых пагоркаў і заліўных лугоў уздоўж Вяллі. Нябачны фантом Жакевіча неадступна суправаджаў яе па жыцці: то ўзнікаў выявай беніцкага касцёла Святой Тройцы, то клікаў шырокімі даляглядамі Паніжанаў, то выплываў гоманам залескіх ліпавых прысадаў.

Яна здзейсніла задуму — «Сага Віленская» ў перакладзе на беларускую мову ёсць. Атрыманы і дазвол нашчадкаў спадчыны З. Жакевіча на апублікаванне яе ў Беларусі. Засталося толькі знайсці выдаўца, які б узяў на сябе рызыку надрукаваць твор, што вялікага прыбытку, як і наогул беларуская літаратура, сёння не дае. А за сваю невялікую пенсію перакладчыца выдаць «Сагу Віленскую» не можа. Займаючыся час ад часу перакладамі па замове заказчыкаў, яна пакрысе ўсё ж назапашвае грошы і марыць, што некалі мара яе здзейсніцца.

Ала КЛЕМЯНОК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.